Чытачы Свабоды падзяліліся некалькімі апошнімі лістамі ад Вольгі, дзе яна раіць, якія месцы ў Беларусі наведаць, а таксама расказвае, як жыве ў няволі.
Чытае кнігу Далай-ламы, сумуе па «Восеньскім салёне», рыхтуецца да суду
Па інфармацыі Вольгі, суд над ёю пачнецца ў лістападзе. Яна маральна рыхтуецца да таго, што разгляд справы можа быць закрыты. Жанчына напісала, што трымаецца добра.
«Будзь спакойна, я трываю. З Божай дапамогай я прайду гэты шлях. Я веру, што Бог пераможа хлусьню, нянавісьць і страх», — напісала яна ў лісьце ад 10 кастрычніка.
Мянчанка прызналася: цяпер яна мае такі настрой, што станоўчыя на першы погляд навіны выклікаюць у яе сум.
«Шмат год у кастрычніку праходзіў восеньскі салён, які ладзіў „Белгазпрамбанк“. Вось і пабеглі думкі, як было і як стала», — піша яна.
Аднак Вольга патлумачыла, што яна ня ўпала духам, хутчэй наадварот.
«Нягледзячы на ашаламляльныя навіны, я пераконваюся, што для дасягненьня жаданай мэты трэба прыкласьці намаганьні, папрацаваць, быць упартым і пасьлядоўным. І вельмі важны выбар сродкаў! Я перакананая, што любоў пераможа нянавісьць і зло», — піша Вольга.
Цяпер яна чытае «Кнігу радасьці. Як быць шчасьлівымі ў зьменлівым сьвеце», гэта дыялёг Далай-ламы і архіяпіскапа Паўночна-Афрыканскай рэспублікі Дэсманда Туту пра шчасьце.
Са словаў Вольгі, лёс часопіса «Наша гісторыя» выклікае ў яе сьлёзы.
«Асабліва, што адзін зь ейных рэдактараў — цудоўны, сьветлы, чулы, неверагодна эрудаваны чалавек знаходзіцца тут (на „Валадарцы“. — РС). Мне шкада кожнага. Мне баліць сэрца за кожнага. І гэта не фігура мовы», — падзялілася палітзьняволеная.
З газэт яна ведае пра закрыцьцё рэдакцыі «Камсамольскай праўды ў Беларусі» і арышт журналіста «Камсамолкі» Генадзя Мажэйкі. Палітзьняволеная цікавіцца, чым скончыцца расьсьледаваньне вымушанай пасадкі самалёта Ryanair у Менску, просіць пісаць ёй пра вынікі.
На пачатку верасьня Вольга пісала, што ўжо месяц чакае заканчэньня сьледзтва, каб сустрэцца з роднымі і сьвятаром.
«Я малюся, каб зь мяне зьнялі ўсе абвінавачаньні без усялякіх умоваў. Гэта крывадушна — патрабаваць ад невінаватага прызнаньня віны. Я веру, што Бог апякуецца мною на гэтым шляху, які ў канчатковым выніку прывядзе да дабра», — пісала жанчына.
Таксама вядома, што сёлета ў чэрвені Вольга перахварэла на каранавірус.
Топ месцаў для вандровак ад Вольгі Залатар
У адказ на гісторыю падарожжа сваёй карэспандэнткі Вольга расказала, куды б яна хацела і раіла паехаць у Беларусі. Яна сама любіць актыўны адпачынак.
Шмат разоў Вольга наведвала Косаўскі палац Пуслоўскіх. Больш ён падабаўся ёй, калі быў у руінах. Цяпер там музэй, гатэль і рэстарацыя.
«Насупраць палаца стаіць хата, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. У хаце — музэй. За 20 хвілін, у Ружанах, яшчэ адна цікавостка — палац Сапегаў. Адноўлена брама і флігель, але і гэта прыгожа. Размах велічы ліцьвінскіх магнатаў уражвае», — расказвае Вольга.
Яна таксама хоча наведаць Слонім, які паблізу Ружанаў, «бо ён мае насычаную, багатую гісторыю».
«Восень — найлепшы час для наведваньня балотаў: і журавіны, і птушкі адлятаюць у вырай, і ад колераў дух займае», — кажа Вольга.
Яна шмат гадоў марыла наведаць экасьцежкі на беларускіх балотах — у Альманах і Ельні, але пакуль што гэтага не адбылося. Мянчанка мяркуе, што найлепш знайсьці праваднікоў па нетурыстычных шляхах у дрыгве. Яна раіць абуваць паходны абутак зь непрамакальнага матэрыялу Gore-tex.
«Гумовыя боты — зло. Кеды — зло. Абцасы — абсалютнае зло», — кажа яна пра экіпіроўку на балоты.
Таксама Вольга марыць паехаць у Нароўлю, дзе Андрэй Горват аднаўляе палац Горватаў.
«Я да гэтых часоў пад уражаньнем ад кнігі Андруся Горвата „Радзіва Прудок“. У кнізе і палац узгадваецца ў кантэксьце, што Андрусь шмат год біўся, каб атрымаць дазвол на аднаўленьне палаца, і ўсё марна. Аднак настойлівасьць, пасьлядоўнасьць, уменьне дамаўляцца прывялі да жаданага рашэньня», — піша Вольга.
Топ месцаў для вандровак па Беларусі ад Вольгі Залатар:
- Палац Пуслоўскіх у Косаве
- Дом-музэй Тадэвуша Касьцюшкі
- Палац Сапегаў у Ружанах
- Слонім
- Альманскія балоты
- Экасьцежка ў Ельні
Хто такая Вольга Залатар
Вользе Залатар 37 гадоў. Яна маці 5 дзяцей (малодшаму на момант затрыманьня было 4 гады), актывістка і валянтэрка са Ждановічаў, каталіцкая верніца, была незалежнай назіральніцай на апошніх выбарах. Вучылася ў БДУ на факультэце філязофіі і сацыяльных навук.
Яе затрымалі 18 сакавіка 2021 году за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Яна за кратамі ўжо 7 месяцаў. Са словаў міліцыі https://t.me/minobl_uvd/4746, Залатар затрымалі, бо яна «ладзіла пратэставыя акцыі ў пасёлку: чаяваньні, шпацыры, канцэрты», «была адміністратаркай дваровага чату». Па гэтым артыкуле (361-1) ёй пагражае да трох гадоў калёніі.
Нядаўна стала вядома, што Залатар прад’явілі новыя абвінавачаньні ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 і ч.2 арт.342 Крымінальнага кодэксу) і ў «пасобніцтве ў арганізацыі такіх дзеяньняў» (ч.6 арт. 16 ч.1 арт.342 КК). Самы суворы з гэтых артыкулаў прадугледжвае да 4 гадоў калёніі.
Падчас першых допытаў жанчына тройчы заяўляла адвакату пра катаваньні, у яе былі сінякі на руках, шыі, ягадзіцах.
У чэрвені палітзьняволеная перахварэла ў цяжкай форме на каранавірус. У ліпені на дзень народзінаў яе забралі на два тыдні на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Амаль 70 каталіцкіх сьвятароў хадайнічалі, каб Залатар выпусьцілі на волю.
Вольга Залатар сядзіць на «Валадарцы». Напісаць ёй можна па адрасе: 220030, СІЗА № 1, Менск, вуліца Валадарскага, 2, Залатар Вользе Віктараўне.