Рэпартаж Свабоды з Нароўлі на Гомельшчыне, дзе пісьменьнік Андрусь Горват разам зь сябрамі набыў, а цяпер аднаўляе стары палац вядомага роду.
У канцы мінулага году збылася даўняя мара Андрэя Горвата: ён стаў саўладальнікам гісторыка-культурнай каштоўнасьці — велічнага палаца ХІХ стагодзьдзя. Кампаньёнамі ў прадпрыемстве, заснаваным пад праект аднаўленьня помніка архітэктуры, сталі Аляксандар Баранаў і Пётра Кузьняцоў.
Хутка паўгода, як літаратар, журналіст, прапагандыст роднага Прудка Андрусь Горват асвойвае новыя прафэсіі. Цяпер ён і прараб, і будаўнік, і чорнарабочы, і адказны за справаздачнасьць.
Пераўвасабленьне падкрэсьлівае стылёвая жоўтая каска, расьпісаная ўкраінскімі калегамі на памяць аб досьведзе працы работнікам сцэны ў акадэмічным тэатры Львова.
За гэты час ён самастойна перацягаў тоны друзу — на цяперашнім этапе якраз ідзе разбор завалаў. Валянтэры і мясцовыя памочнікі — нячастыя госьці, спадзеў пакуль на ўласныя сілы. Хацеў бы працаваць у рэжыме 24/7, але арганізм прымушае рабіць паўзы — жылы ўсё ж не сталёвыя. Але калі паказвае, як у навагоднія дні на прыліве эмоцый праз замерзлую зямлю і сьнег малым шуфлікам раскапаў уваход у падзем’е, міжволі заўважаеш зусім ня волатаўскую камплекцыю.
«Этнічнага харвата ў ВКЛ запрасіў князь Радзівіл»
Летась у сьнежні Андрусь Горват зрабіў сабе калядны падарунак, якім трызьніў апошнія паўтара дзясятка гадоў — заснавальнікі юрыдычнай асобы купілі на траіх аж цэлы палац. Дакладней, тое, што ад яго засталося: муры з пустымі праёмамі вокнаў, парэшткі фантана з басэйнам, невыразныя сьляды пэйзажнага парку. Ня надта шмат на інвэставаныя 50 тысяч рублёў.
Усё магло мець больш прыглядны выгляд, калі б чыноўнікі не адпраўлялі ў сьметніцы лісты з подпісам Горвата, якія паляцелі ў розныя інстанцыі яшчэ ў 2010-м. Тады хаця б яшчэ быў дах і можна было хадзіць па пакоях, не асьцерагаючыся за жыцьцё.
Двухпавярховы будынак на беразе Прыпяці, вытрыманы ў стылі клясыцызму, заклаў у 1850 годзе ўладальнік навакольных земляў Даніла Горват (дарэчы, цяперашні герб Нароўлі — спрошчаная вэрсія герба ўсяго роду Горватаў). Тут было шмат дзівосаў: ад незвычайнай уязной брамы да сфінксаў з ільвамі на цокалях і альтанкі-маяка. Усярэдзіне панавала раскоша: срэбра, бронза, мэбля ў стылі Людовіка XIV, багатая бібліятэка, бальная заля, дарагія музычныя інструмэнты, карціны вядомых мастакоў. Гаспадары, найперш жанчыны, шмат часу аддавалі жывапісу.
Па аб’явах у газэтах і рэкамэндацыйных лістах набіралі адмыслоўцаў з эўрапейскіх краін — гувэрнэраў, інжынэраў па камунікацыях, кіраўнікоў на фабрычную вытворчасьць, садоўнікаў. А вось чэлядзь збольшага мясцовая (тагачасная Нароўля была тыповым габрэйскім мястэчкам).
Зрэшты, надоўга пусьціць карані не ўдалося — нараўлянская дынастыя спынілася ўжо на трэцім пакаленьні Горватаў. Неўзабаве пасьля драматычных падзей 1917-га «эксплюататараў працоўнага люду» пагналі з «бальшавіцкага раю», і яны выехалі ў Польшчу.
Сам Андрусь у тэму фамільнай повязі з старым эўрапейскім родам заглыбляецца неахвотна. Хоць уласны радавод вывучыў «да 14-га калена», кажа, што гэта ня мае ніякага значэньня — маўляў, ніколі ня ставіў за мэту набыць «элітную нерухомасьць», апэлюючы да генэалягічнага дрэва. Да таго ж, адрозна ад гаспадароў сядзібы, яму ў прозьвішчы хапае адной літары «т».
«На сваяцтве не хачу нават засяроджвацца, бо гэта ня мае ніякай розьніцы. Палац мяне цікавіць не таму, што ён належаў Горватам. Так, гэта было прычынай, чаму я сюды першы раз прыехаў 15 гадоў таму, але цяпер ужо няважна. Скажу так: я не зьяўляюся прамым нашчадкам. Калі закладалася сядзіба, мае прадзеды жылі ў Прудку. Наогул, я вельмі далёкі ад „пантоў“ — маўляў, панская кроў, уласны маёнтак. Мяне зачараваў сам будынак, сам дом. Таму, каб зьняць няёмкасьць сытуацыі, акцэнты расстаўляю адразу: да спадчыны тых ГорваТТаў дачыненьня ня маю», — тлумачыць Андрэй.
Апошнія гады Андрусь шмат правёў у архівах, па крупінках зьбіраючы інфармацыю аб паходжаньні роду на гэтых землях. З супастаўленых фактаў вынікае, што ўсё пачалося зь фігуры Яна Нікшыца Горвата, які і даў пачатак роду на Беларусі. Гэта быў этнічны харват (Горват = Хорват), запрошаны ў XVІІ стагодзьдзі магнатам Багуславам Радзівілам у якасьці вайсковага тактыка, дарадцы.
«Сустракаў у старых гербоўніках, што тады ж у кампаніі з Горватам прыехаў і Рэйтан, ад якога пайшоў другі славуты род, — удакладняе Андрусь. — Першым набыткам за добрую службу стала вёска Залесьсе ў Менскім ваяводзтве. Потым набылі маёнтак Карані (цяпер Сьветлагорскі раён), адкуль пайшло палескае адгалінаваньне. Чатыры вядомыя сядзібы Горватаў — Ліпаў пад Каленкавічамі, Барбароў каля Мазыра, а таксама Нароўля і суседнія Галоўчыцы. Былі ў сваяцтве зь вядомымі тутэйшымі родамі. Жонка Отана Горвата Міхаліна — родная сястра Эдварда Вайніловіча, фундатара Чырвонага касьцёла ў Менску. А яшчэ Ваньковічы, Манюшкі, Чапскія — шмат разоў лініі перапляталіся».
За некалькі наступных стагодзьдзяў Горваты пачалі лічыць сябе палякамі, але з папраўкай на рэгіён — як на той час, Літву. Андрусь ілюструе гэта ўласным прыкладам: маўляў, у Менску пра сваю адметнасьць кажа, што паляшук, хоць пры гэтым не перастае быць беларусам. Гэтак і даўнейшых Горватаў у крыніцах часта характарызавалі як «славуты літвін», «Горват зь Літвы».
На Бальканах сьляды харвацкіх Горватаў безнадзейна губляюцца. Але засталіся дзьве невялікія галінкі нашчадкаў тых, хто лічыў Палесьсе сваёй радзімай. Ці магчыма, што ўпершыню пасьля падзеньня жалезнай заслоны ўдасца сабраць іх у адноўленым Нараўлянскім палацы?
«Засталіся нашчадкі Эдварда Горвата па жаночай лініі. Ягоны сын памёр маладым, а дачка выйшла замуж за Станіслава Ваньковіча. Іх спадкаемніца спадарыня Аляксандра жыве ў Нью-Ёрку, ужо пажылога веку. Выходзіў зь ёй на сувязь, але стасункі не наладзіліся, не праявіла ахвоты да дыялёгу. У Польшчы таксама блізкія сваякі нараўлянскіх Горватаў, на ўзроўні родных братоў. Яны паходзяць з Галоўчыцкай сядзібы: там палац сьціплейшы, але значна лепш захаваўся (цяпер вясковая паліклініка). А што да магчымай сустрэчы, дык для ўсіх нашчадкаў, якія б прозьвішчы ні мелі, дзьверы заўсёды адчыненыя — прынамсі, пакуль гэта будзе залежаць ад мяне».
«Права ўласнасьці аўтаматычна шчасьлівым ня робіць»
Пра нараўлянскі палац у сям’і прудкоўскіх Горватаў, безумоўна, чулі — да яго ўсяго 20 кілямэтраў напрасткі і паўсотні ў акружную. Але толькі ў 2006 годзе, прачытаўшы ў газэце нататку пра ідэю вярнуць помнік да жыцьця, Андрусь выправіўся на першае спатканьне.
Кажа, што зачараваўся ўбачаным зь першага позірку. А ці мог тады ўявіць, што праз 15 гадоў будзе стаяць пасярод сваіх валоданьняў у будаўнічай касцы?
«Гэта была фантазія, у якую да канца ня верыў сам, — усьміхаецца ён. — На ўзроўні палёту ў космас. У кожнага чалавека ёсьць мара. Можна трызьніць, як будзеш глядзець на Зямлю зьверху, і пры гэтым разумець, што такое ніколі ня здарыцца. З палацам тое ж самае. Часта ўяўляў, што ён мой, магу займацца аднаўленьнем. Тая карціна здавалася абсалютным шчасьцем. І калі нарэшце адбылося падпісаньне дакумэнтаў куплі-продажу, усё чакаў, што вось-вось накрые той неймаверны момант эўфарыі. Але ён так і не настаў. Права ўласнасьці аўтаматычна шчасьлівым ня робіць. Проста новае поле адказнасьці, якое вымагае практычных захадаў».
За амбітную задачу вярнуць палац да аўтэнтычнага выгляду — з рымскімі калёнамі, эркерамі ды тэрасамі — узялася арганізацыя, якая мае трох заснавальнікаў. Апрача Андруся Горвата, гэта яшчэ стваральнік культурнай прасторы ў мазырскім кляштары «Даліна анёлаў» Аляксандар Баранаў і заснавальнік гомельскага незалежнага мэдыя «Моцныя навіны» Пётра Кузьняцоў.
У працэсе расчысткі завалаў адкрываюцца прыхаваныя сюрпрызы. Паколькі за павальным рабаўніцтвам і ваенным ліхалецьцем аўтэнтычнага амаль не засталося, кожная знаходка — як дарагі падарунак. Так, у раскапаным падвале Андрусь наткнуўся, мяркуючы па ўсім, на ванны пакой. Некалі сьцены і падлога былі цалкам абкладзеныя керамічнай пліткай, цяпер яна захавалася фрагмэнтамі. Кляймо належыць польскай фірме Marywil, якой ужо не існуе. Тут жа аскепкі ляпніны, кафлі.
Але галоўныя адкрыцьці, спадзяецца ён, яшчэ наперадзе. Падчас абстрэлаў у апошнюю вайну частка перакрыцьцяў абвалілася аж да сутарэньняў. І якраз гэта магло ўратаваць аздобу пахаваных памяшканьняў.
«У тым, што колішні рамантызм зьмяніўся практычнай дзейнасьцю, таксама свой кайф. Новыя выклікі, нязвыклыя задачы. Усё даводзіцца вырашаць як складаную галаваломку, надзвычай цікава. Справа ў тым, што я ад самага пачатку не ўспрымаю гэта як адзін „непад’ёмны аб’ём“ — разьбіў на кавалкі і працую над вырашэньнем першачарговых задач. Паэтапна выконваць іх даволі рэальна, нічога звышнатуральнага няма. Будынак узьвялі не іншаплянэтнікі, ня робаты, а такія ж людзі. І з тэхнічнага гледзішча ім было цяжэй. Таму трохі часу, трохі сродкаў, трохі дапамогі рукамі — і ўсё будзе», — выпраменьвае аптымізм Андрусь Горват.
Хоць пры гэтым і адзначае адметнасьць цяперашняга гістарычнага пэрыяду, калі грамадзтву «не да палацаў». Але калі ўпрогся, трэба цягнуць. Бо ёсьць істотны момант — абмежаваныя часавыя рамкі рэалізацыі праекту. Што і прапісана ў дамове з прадаўцом, Нараўлянскім райвыканкамам.
«Існуюць тэрміны, якія неабходна вытрымаць. 5 гадоў — менавіта столькі адведзена, каб здаць будынак у эксплюатацыю. Згодна з умовамі, цягам першага году падрыхтаваць праект рэстаўрацыі, праектна-каштарысную дакумэнтацыю. Для мяне прынцыпова, каб да канца 2021-га накрыць будынак дахам — гэта ўжо нават большы аб’ём працы, чым патрабуецца. Пры такім раскладзе вырашыцца галоўная праблема — палац перастане разбурацца. Ужо тое, што мы яго купілі і нешта рабілі, будзе апраўдана. І нават калі раптам зь нейкіх прычынаў ня ўдасца давесьці да канца, такая праграма-мінімум апраўдае той рамантызм».
Паставіць дах Андрусь Горват разьлічвае ўласнымі сіламі і пры дапамозе людзкіх ахвяраваньняў. А ўжо далей надзея на фонды ці спонсараў: сродкаў запатрабуецца шмат, а зьбіраць грошы праз «Талаку» праблематычна. Днямі на юрыдычную асобу заснавальнікі адкрылі банкаўскі рахунак для падтрымкі аднаўленчых работ у палацы.
Паколькі палац мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, уся дзейнасьць вымагае шматузроўневых узгадненьняў — ад Нараўлянскага райвыканкаму да Міністэрства культуры. Але лічыць, што такі кантроль збольшага апраўданы.
«Разам з навуковым кіраўніком мы ўзгадняем любыя рухі: складаем плян працы, пішам просьбу на дазвол, чакаем адмашкі зьверху і г.д. Кожныя тры месяцы я рыхтую справаздачу аб выкананых работах. Зрэшты, так і павінна быць, бо гэта помнік архітэктуры. Калі я разьлічваю, што іншыя аналягічныя аб’екты ў краіне гэтаксама абароненыя ад жаданьня выкарыстаць іх у пэўных бізнэс-інтарэсах, адкінуўшы гістарычны складнік, то мушу дазволіць кантраляваць і сябе. Хтосьці павінен сачыць, каб інвэстар, пакупнік сваімі дзеяньнямі не нанёс шкоды. У дадзеным выпадку гэтую функцыю выконвае Мінкульт», — кажа Андрусь Горват.
«Ня месца для задавальненьня дробнабуржуазных амбіцый»
Калі ўключыць у галаве віртуальную 3D-мадэль, якую грамадзка-карысную місію мусіць выконваць адноўлены палац? Бо ў гэтым сэнсе суразмоўца катэгарычны: дакладна тут ня месца для задавальненьня ўласнага «дробнабуржуазнага эга».
«Умовы прапісаныя ў дамове куплі-продажу: гатэль ці рэстаран. Для сябе заплянавалі „музэйны комплекс з функцыяй гатэля“. Хоць гэта быў жылы дом, некалькі пакояў Горваты адвялі пад экспазыцыі: прырода Палесься з чучаламі жывёлаў і гнёздамі птушак, пад шклом — археалягічныя знаходкі. Яны любілі гасьцей, адзін з надпісаў на сьцяне гучаў так: „Госьць у доме — Бог у доме“. Таму лягічна зрабіць гатэль — не стандартны, а сямейнага тыпу, калі наведнік уключаны ў агульнае жыцьцё. Умоўна можна параўнаць зь Нясьвіжам: і музэйная частка, і месца для канцэртаў, і нумары пераначаваць. Я не зьбіраюся тут жыць, не будую сабе асабняк».
Андрусь Горват дадае: як толькі рэстаўрацыя завершыцца, аддасьць ключы, зьедзе і вяртацца сюды будзе рэдка. Бо цікавіць яго сам працэс аднаўленьня, а не пэрспэктыва валоданьня маёнткам...
Нараўлянская сядзіба — гэта ня толькі палац, а і мноства спадарожнай інфраструктуры. Шмат якія пабудовы зьніклі ў віхуры войнаў і бальшавіцкай нацыяналізацыі, іншыя патрабуюць тэрміновай рэстаўрацыі, але бракуе сродкаў.
«Найлепш захаваліся ўязная брама і альтанка — яны аўтэнтычныя, зь мінімальным умяшаньнем. Мяркуючы нават па рэштках, можна ўявіць, які насамрэч быў фантан — антычны стыль, шмат дэкору. Мы яго таксама будзем рэстаўраваць. Вядома, штосьці страчана. Так, на цокалях галоўнага ўваходу стаялі бронзавыя львы. Яны відаць на дарэвалюцыйных здымках, а вось пасьля 1918 году іх ужо няма. То бок даўно зьніклі, уцямных вэрсій няма. З другога боку абапал лесьвіцы былі каменныя сфінксы. Знайшлі фрагмэнт толькі аднаго, ён цяпер у этнаграфічным музэі. Ну, і ўласна парк, ад якога засталіся толькі абрысы».
За пару дзясяткаў мэтраў ад палаца — старыя карпусы з чырвонай цэглы. Цяпер гэта кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», найстарэйшае дзейнае прадпрыемства ў Беларусі. Больш за 100 гадоў таму вытворчасьць ласункаў заснаваў апошні ўладальнік сядзібы Эдвард Горват — балазе, фруктовыя сады стабільна пастаўлялі сыравіну.
На заводзкай тэрыторыі — парэшткі гаспадарчых пабудоваў: колішнія памяшканьні адміністрацыі, жыльлё прыслугі, карэтныя, стайні, хлявы і г.д. Як удакладняе Андрусь Горват, на руіны дамова куплі-продажу не распаўсюджваецца. Хоць у ідэале можна было аднавіць кавалачак аўтэнтычнай Нароўлі.
«Калі лясная вінакурня была практычна пры кожным маёнтку, дык адметнасьць Нароўлі — кандытарская фабрыка. Першая прадукцыя пайшла ў 1913 годзе — амаль усё, што можна вырабіць з садавіны. Знайшоў гісторыю, калі празь недагляд падгарэў зэфір. Партыя была надта вялікая, адміністратар пашкадаваў выкінуць. Тады загадаў запакаваць у прыгожыя скрынкі і падпісаць: „Нямецкая пасьціла“. Пакупнікам так спадабалася, што пайшлі замовы. Праўда, калі спрабавалі падпаліць другі раз, так ужо не атрымалася... Пасьля вымушанага ад’езду ў польскі маёнтак Эдвард першым чынам паставіў фабрыку і рабіў слодычы на ўзор нараўлянскіх».
Андрусь кажа, што старыя традыцыі трымаюцца на годным узроўні і па сёньня. Прынамсі, для яго нараўлянскі мармэляд — найсмачнейшы ў сьвеце.
«Мая новая кніга існуе толькі ў адзіным экзэмпляры»
Андрусь Горват займеў папулярнасьць пасьля таго, як пачаў публікаваць у Facebook допісы пра жыцьцё ў вёсцы Прудок пад Каленкавічамі, перабраўшыся туды зь Менску ў дзедаву хату.
Бясхітрасныя вяскоўцы, суседзі і сваякі, каза Цёця і кот Ромка хутка сталі пазнавальнымі і любімымі пэрсанажамі. Пасьля тыя гісторыі аформіліся ў кнігу «Радзіва Прудок», па матывах якой актор Раман Падаляка ў якасьці рэжысэра дэбютаваў з аднайменнай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры — нейкі час Андрусь Горват працаваў там дворнікам. Затым выйшла кніга пад назвай «Прэм’ера», пасьля якой аўтар канчаткова выйшаў у асабісты космас і максымальна абмежаваў стасункі са зьнешнім сьветам.
А мінулай зімой, каб цалкам зьнітавацца з палацам, пераехаў з Прудка ў Нароўлю — наймае тут жыльлё, каб зэканоміць час на дарогу. А творчасьць? Яна цяпер у адным экзэмпляры, — па-філязофску кажа пісьменьнік.
«Вось яна, мая творчасьць, — паказвае ён на будынак. — Гэта кніга, якую зараз пішу. Проста яна існуе ў адзіным экзэмпляры і трэба прыяжджаць у Нароўлю, каб яе пачытаць... Канечне, давялося ўсё радыкальна зьмяніць. Паколькі я дырэктар арганізацыі, трэба весьці шмат перапіскі, рыхтаваць кучу папер, падаваць справаздачы ў падатковую, фонд сацыяльнай абароны, пералік арганізацый велічэзны. Акрамя таго, дамаўляцца, сустракацца, вырашаць пытаньні. Гэта займае шмат часу. Ну, і фізычная праца. Я не магу адзін пацягнуць бэлькі, але вёдрамі, тачкамі перавёз тоны друзу. А як зьяўляюцца памочнікі, тады ўжо працуем ад раніцы да вечара».
Палац стаў домам для трох пакаленьняў Горватаў. Даніла быў яго фундатарам, Артур стаў наступным спадкаемцам, а Эдвард канчаткова загарнуў беларускую старонку. Апошні — безумоўны фаварыт Андруся. Адкрыты, іранічны, авантурны, як вынікае з успамінаў сяброў сям’і і гасьцей сядзібы. А галоўнае — да самазабыцьця закаханы ў родную Нароўлю. Ня дзіва, што, апынуўшыся ў палацы Гажычкі пад Познаньню, які дастаўся ад маці, графіні Караліны Патвароўскай, заняўся «самападманам» — перааздобіў усё на нараўлянскі лад. Дабудаваў такую ж браму, паставіў кандытарскую фабрыку, замовіў нават копіі карцін, якія віселі ў бацькоўскім доме.
Тым часам, са зьменай палітычнага ладу ў Расейскай імпэрыі, у самой Нароўлі архітэктурны помнік занепадаў, пачаўся зьдзек з памяці яго ўладальнікаў. Сьледам за аздобнымі залямі марадзёры ўзяліся за крыпту з пахаваньнямі. Мясцовыя згадвалі, што некалькі трунаў доўга тырчэлі з вады, пакуль Прыпяць не прыняла іх разам з пабуранай капліцай.
«Пасунуцца гаспадароў прымусілі яшчэ ў Першую сусьветную вайну, бо кайзэраўцы разьмясьцілі тут штаб. Зрэшты, паводзілі яны сябе ахайна і дазволілі Эдварду вывезьці ўсё, што пажадае. Пасьля рэвалюцыі і нацыяналізацыі тут быў санаторый — газэтная абвестка за 1925 год запрашала мазыранаў сюды адпачыць. Затым заехала беларуская школа. Але пачалася Другая сусьветная, будынак моцна пацярпеў ад абстрэлаў (падвал немцы нібыта выкарыстоўвалі як катавальню). У вайну арганізавалі школу-інтэрнат для сіротаў, зрабілі вялікую прыбудову — па дакумэнтах будынак і цяпер праходзіць як навучальны корпус. Канец усяму паклала чарнобыльская катастрофа: многія нараўлянцы зьехалі, школу зачынілі».
Андрусь Горват наведаўся ў Нароўлю праз 20 гадоў пасьля сыходу апошніх арандатараў. Так, палац ужо разбураўся, але каб спыніць працэс, хапіла б некалькі тысяч даляраў. Цяпер гаворка пра сумы на парадак большыя. Але сваю місію Андрусь гатовы выканаць да канца, а затым з чыстым сумленьнем «зьнікнуць».
«Калі наведаўся сюды першы раз, мне было 23 гады. Агаломшаны рамантык. У галаве малявалася карціна: раніца, туман над Прыпяцьцю. Я выходжу на балькон, п’ю каву. Такое было ўяўленьне пра гармонію і шчасьце... Так, хочацца яго ўвасобіць у рэальнасьць, але толькі аднойчы. І калі сапраўды выйду на балькон з кубачкам кавы і акіну вокам затуманеную Прыпяць, усё будзе скончана. Зьбяру заплечнік і сыду. Жыць тут і цешыцца дробнабуржуазным ладам жыцьця ня маю патрэбы. Мне падабаецца сам працэс. Куды далей? Магчыма, за мяжу. Дачка ўжо будзе дарослая, і можна будзе на нейкі час зьехаць. Вырвацца за звыклы абсяг існаваньня, пазнаць нешта новае ў самім сабе. Пабыць іншым чалавекам, пражыць іншае жыцьцё...»
Андрусь Горват падсумоўвае: асабіста для яго Нараўлянскі палац ужо зрабіў неверагодна шмат — уратаваў ад дэпрэсіі, ня даў зьехаць раней часу, дадаў сэнс жыцьцю. Цяпер ягоная задача — адказаць узаемнасьцю, вярнуўшы вернага сябра зь нябыту.
Падтрымаць працэс аднаўленьня Нараўлянскай сядзібы можна грашовым пераводам. Рэквізіты тут.