Пра гэта піша DW.
Амэрыканскі IT-канцэрн Facebook мае намер цягам наступных пяці гадоў працаўладкаваць 10 тысяч чалавек у Эўрапейскім Зьвязе для стварэньня віртуальнага сьвету — так званага мэтасусьвету (metaverse), у якім карыстальнікі знаходзяцца і маюць зносіны ў віртуальнай прасторы, паведамілі віцэ-прэзыдэнты інтэрнэт-гіганта ў сфэры глябальных пытаньняў і ў сфэры росту Нік Клэг і Гаўер Оліван.
«Гэтыя інвэстыцыі — вотум даверу да сілы эўрапейскай тэхналягічнай індустрыі і патэнцыялу эўрапейскіх тэхналягічных талентаў», — напісалі прадстаўнікі кіраўніцтва Facebook у блогу, падкрэсьліўшы, што Эўропа мае вялікае значэньне для кампаніі.
Канцэрн Facebook ужо прыступіў да тэставаньня новай праграмы віртуальнай рэальнасьці для дыстанцыйнай працы, якая дазваляе карыстальнікам з дапамогай адмысловай гарнітуры прысутнічаць на нарадах у выглядзе сваіх аватараў.
У верасьні Facebook ужо выдзеліў 50 мільёнаў даляраў на стварэньне мэтасусьвету, над якім ужо працуюць такія кампаніі, як онлайн-плятформа Roblox і стваральнік кампутарнай гульні «Fortnite» Epic Games.
Абвінавачаньні экс-супрацоўніцы ў адрас Facebook
Facebook абвясьціў пра стварэньне працоўных месцаў у Эўропе ў той момант, калі канцэрн знаходзіцца ў складаным становішчы. Былая супрацоўніца канцэрну Фрэнсіс Хаўген 5 кастрычніка абвінаваціла яго кіраўніцтва ў тым, што яму вядома аб псыхалягічных праблемах, якія ўзьнікаюць у падлеткаў, што актыўна карыстаюцца сацсеткай, асабліва Instagram. Пры гэтым кампанія ня робіць ніякіх захадаў, каб змагацца са шкодай, якую наносіць, але наадварот, заахвочвае рост ўцягнутасьці падлеткаў у выкарыстаньне сацыяльных сетак, заявіла на слуханьнях у Сэнаце ЗША Хаўген, якая каля двух гадоў працавала ў Facebook. Паводле яе, кампанія ставіць прыбытак вышэй за бясьпеку карыстальнікаў.
Усяго за дзень да гэтага памылка ў наладах сеткі прывяла да шасьцігадзіннага адключэньня Facebook і даччыных кампаній Whatsapp і Instagram.