13 кастрычніка споўнілася 500 дзён з моманту затрыманьня Міколы Статкевіча. У чэрвені 2020 году яго выцягнулі з аўтамабіля па дарозе на менскі Камароўскі рынак, дзе Статкевіч зьбіраўся паўдзельнічаць у перадвыбарчым пікеце Сьвятланы Ціханоўскай.
Судзіць Міколу Статкевіча пачалі разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам і шэрагам іншых палітвязьняў толькі праз год — у канцы чэрвеня 2021-га. Жонка Міколы Марына Адамовіч расказала Свабодзе, як цяпер справы ў мужа.
«Апошнім часам ліставаньне ў нас зь Міколам зноў наладзілася, — расказала Марына Адамовіч. — Ён вельмі ёмісты ў сваіх лістах. Я заўсёды зьдзіўляюся, як ён можа на адным лісьціку столькі тэмаў закрануць. Што датычыць умоваў утрыманьня, то пісаў, што ў камэры ў яго чамусьці не было ўключанае ацяпленьне. Згадваў, што калі выходзіў на шпацыр, то быў вымушаны распранацца. Бо на вуліцы было заўважна цяплей, чым унутры».
Па словах Марыны Адамовіч, пра ход працэсу ў справе мужа яна амаль нічога ня ведае. Адвакаты абвінавачаных находзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні і нічога пра паседжаньні не расказваюць. Яна ведае толькі, што Мікола прысутнічаў на першых трох, і тое, толькі па 15 першых хвілінаў, пасьля чаго судзьдзя выдаляў Статкевіча з залі. Цяпер палітвязень адхілены ад суду да моманту пачатку спрэчак бакоў. Таму калі ён захоча, то апошняе слова зможа сказаць. Марына Адамовіч кажа, што гэта можа здарыцца яшчэ ў кастрычніку.
«Мікола піша, што, па ягоных адчуваньнях, прысуд можа быць абвешчаны ўжо да канца месяца, — кажа Марына Адамовіч. — Як вы разумееце, інфармацыі з працэсу ў нас амаль няма. Адвакаты ня могуць нічога расказваць. Мікола сустракаецца са сваім адвакатам, седзячы ў клетцы, у той час як адвакат знаходзіцца за некалькі мэтраў за шклом. Няма ніякай таемнасьці сустрэч і іх ізаляванасьці.
Чаму Мікола думае аб прысудзе да канца месяца, я не магу дакладна сказаць. Ён сам гэтага не тлумачыць, ды такую інфармацыю і не прапусьцілі б. Магчыма, хтосьці з супрацоўнікаў мог яму нешта сказаць. Я магу толькі здагадвацца, адкуль ён мае такую інфармацыю, будаваць нейкія гіпотэзы».
Па словах Адамовіч, Статкевіч ня мае цяпер крыніц інфармацыі, нават афіцыйных. Да яго не даходзяць газэты, у камэры адсутнічаюць радыё і тэлевізар. Аднак палітвязень усё адно робіць прагнозы на разьвіцьцё сытуацыі. У прыватнасьці, Статкевіча моцна турбуе хваля палітычнай і працоўнай эміграцыі, якая пачалася пасьля жніўня 2020 году.
Па словах Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч не чакае лагоднага прысуду. Разам зь Ігарам Аліневічам яго можна назваць «рэцыдывістам», таму вынесены прысуд, хутчэй за ўсё, будзе альбо максымальным з магчымага, альбо блізкім да яго.
15 кастрычніка агенцтва БелаПАН са спасылкай на ліст Сяргея Ціханоўскага паведаміла, што Ціханоўскі таксама настроены на максымальны тэрмін зьняволеньня. Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць палітвязьня, прадугледжваюць да 15 гадоў пазбаўленьня волі. На гэты момант найбольшы тэрмін зь ліку ўдзельнікаў выбарчай кампаніі атрымаў Віктар Бабарыка — 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Жонка Ігара Лосіка Дар’я ў размове са Свабодай не змагла пацьвердзіць інфармацыю пра магчымае завяршэньне працэсу ў справе мужа ў канцы кастрычніка. Па словах Дар’і Лосік, яе перапіска зь Ігарам зноў заблякаваная.
«Пацьвердзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю я не магу, — сказала Дар’я Лосік. — У нас зь Ігарам заблякавалі перапіску. Апошні ліст, які я ад яго атрымала, датаваны 23 верасьня. Гэта быў адзіны ліст ад яго за чатыры тыдні».