Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Калесьнікава сустрэлася з бацькам, Севярынец намаляваў партрэт памерлага таты, Пушкін скардзіцца на холад

абноўлена

Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021 году.
Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021 году.

Па стане на 15 кастрычніка ў Беларусі налічваецца 805 палітычных вязьняў.

Палітзьняволеная Марыя Калеснікава, якую асудзілі на 11 гадоў калёніі, сустрэлася з бацькам у СІЗА. Гутарылі праз шкло па тэлефоне.

Яна выглядае бадзёрай, шмат чытае і сочыць за навінамі, у тым ліку за Нобэлеўскай прэміяй, расказаў яе бацька прэсавай службе штабу Віктара Бабарыкі:

«Маша хацела б падпісацца на „Новую газету“. Яна ў курсе, што галоўнаму рэдактару ўручылі Нобэлеўскую прэмію. Яна прасіла перадаць свае велізарныя віншаваньні Дзьмітрыю Муратаву», — расказаў яе бацька Аляксандар Калесьнікаў.

Марыя Калеснікава сказала, што ганарыцца прэміяй Вацлава Гавэла, якую ёй прысудзілі, і лічыць, што яна для ўсіх палітвязьняў.

Таксама Марыя падчас спатканьня з бацькам расказала, што хоча стварыць з СІЗА культурны хаб і музэй ахвяраў рэпрэсій. Яна падзялілася тым, як яна бачыць Пішчалаўскі замак на Валадарскага, 2 у будучыні: гэта будзе музэй скульптураў пад адкрытым небам, а таксама музэй ахвяраў рэпрэсій і ахвяраў камунізму. Марыя ўжо распрацавала праект, у якім асноўнае месца будзе нададзенае стварэньню культурнага хабу. Паводле бацькі, у яе вельмі шмат ідэй і яна марыць усё гэта ўвасобіць у жыцьцё.

Павал Севярынец намаляваў свайму сыну Францішку партрэт дзядулі Канстанціна Севярынца і даслаў ліст пра яго

Пра гэта напісала ў фэйсбуку жонка палітвязьня Вольга Севярынец.

«...Мой тата, а твой дзед быў чалавекам сьветлым, таленавітым, дабрадушным і шчодрым. Нарадзіўся ён ва Ўнорыцы. Менавіта ён патлумачыў мне, што наша родная мова беларуская і што Беларусь мае быць незалежнай. Ён даглядаў мяне разам з бабай Таняй, маёй матуляй, карміў, апранаў, гадаваў і выхоўваў. Усіх нас, дзяцей, ён вадзіў на футбол, вазіў у грыбы — і, канечне, летам адпраўляў у любую Ўнорыцу. Калі ён прыходзіў дахаты, то званіў у званок бадзёра і весела — „Там–тара-тара-тарам!“, і мы ўсе падхоплівалі: „Вось і тата прыйшоў!“.

Дзед Косьця пісаў вельмі добрыя вершы, багата дапамагаў іншым, расказваў пра Беларусь, вучыў ставіцца да жыцьця спакойна, добра гатаваў і складаў цэлыя кніжкі для дзяцей.

Словам, твой дзед Кастусь Севярынец быў цудоўным чалавекам. Ведай гэта. Вельмі шмат людзей кажуць пра яго добрыя словы і праводзілі яго на неба.

Дасылаю табе ягоны партрэт — і дзякую табе за малітву за дзеда Косьцю!» — напісаў сыну з калёніі Павал Севярынец.

Павал Севярынец адбывае 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму ў Шклове за нібыта «падрыхтоўку і ўдзел у масавых беспарадках». Яго не адпусьцілі на пахаваньне бацькі.

Алесь Пушкін малюе, вучыць сукамэрнікаў і піша пʼесу

Алесь Пушкін, якога ўжо больш за паўгода ўтрымліваюць у сьледчай турме ў Жодзіне, працягвае маляваць і вучыць сукамэрнікаў, а таксама працаваць над п’есай. Пра гэта «Салідарнасць» даведалася празь ягоную адвакатку.

Паводле яе, Пушкін зноў пагаліўся налыса, адчувае сябе добра і на здароўе ня скардзіцца, толькі адзначае, што ў Жодзіне холадна.

Турэмныя цэнзары прапускаюць далёка ня ўсю карэспандэнцыю, а некаторыя лісты даходзяць урыўкамі, без пачатку або канца.

«Ён вельмі ганарыцца сынам, які сёлета паступіў у мэдыцынскі ўнівэрсытэт, і задаволены, што ў таго ўсё добра. Таксама кожны раз перадае сям’і словы падтрымкі», — кажа адвакатка.

Раней да Алеся Пушкіна зьвярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаваньні, але ён адмовіўся.

«Сказаў, што нічога дрэннага не рабіў і падпісваць ніякіх прашэньняў ня будзе», — сказала адвакатка.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG