Дата дня:
30 верасьня 1931 году нарадзіўся Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, аўтар вершаванага раману «Родныя дзеці», зборнікаў «Лісьце трыпутніку», «На флейце самоты» і іншых. У 1985–1996 гадах Гілевіч быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 11-га і 12-га скліканьняў, ён адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Скарыны.
Калі Ніл Сымонавіч пакінуў нас, ці не ўпершыню выразна прагучала думка: на пачатку незалежнасьці ён пры пэўных акалічнасьцях мог бы ўзначаліць дзяржаву і справіцца з гэтай місіяй.
Сапраўды, Гілевіча — народнага паэта і дэпутата-незалежніка — паважалі або ненавідзелі, але ўсё адно лічыліся зь ім самыя розныя асобы і сілы: нацыянальныя дэмакраты і камуністычная намэнклятура, правыя і левыя, лібэралы і кансэрватары, «зялёныя» і «чырвоныя», нават прадстаўнікі «русского мира». Гэта дапамагло ў студзені 1990-га яшчэ ранейшаму, чыста савецкаму Вярхоўнаму Савету прагаласаваць за Закон аб мовах, паводле якога беларуская стала (на жаль, усяго на пяць гадоў) адзінай дзяржаўнай. Кіраўніком працоўнай групы для падрыхтоўкі закону быў Гілевіч. Выбар зрабілі бездакорны: менавіта ён і ў самыя змрочныя часы супрацьстаяў русыфікацыі, адстойваў мову і з прафэсарскай катэдры, і з самых высокіх трыбунаў.
На золку незалежнасьці ён старшыняваў у парлямэнцкай Камісіі адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны і яшчэ раз важка засьведчыў, што мысьліць па-дзяржаўнаму, у агульнанацыянальных катэгорыях. У жалобныя дні разьвітаньня яго называлі волатам беларускага духу.
Для мяне ж, як і для мільёнаў беларусаў, Ніл Гілевіч перадусім выдатны паэт, аўтар цудоўных кніг, раману ў вершах «Родныя дзеці», улюбёных песьняў, ужо ананімнага «Сказу пра Лысую гару», створанага пры ўдзеле Міколы Аўрамчыка.
Ён зьдзейсьніўся і ў іпастасі мудрага публіцыста і эсэіста. Перачытайце перадсьмяротную кнігу «Ў віры быцьця». Шмат хто непазьбежна спыніцца на цытаваных там словах імпэратрыцы Кацярыны ІІ: «Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и память про самих себя».
Ён перастварыў па-беларуску вершы і прозу болей як 400 славянскіх літаратараў і ўганараваны высокімі югаслаўскімі, украінскімі, балгарскімі ордэнамі.
Апынуўшыся ў Балгарыі, я быў уражаны тым, што пра Гілевіча (ці здаровы? ці не пагражае яму за погляды турма?) у мяне пыталіся і дырэктар сафійскага выдавецтва, і супрацоўніца музэю ў маленькім прыдунайскім гарадку.
Асобная тэма — Гілевіч-пэдагог. Выпускнікі філфаку БДУ згадваюць, якое магутнае ўражаньне рабіў на іх Ніл Сымонавіч ужо на першай лекцыі. Ня столькі абліччам рымскага патрыцыя (у мяне заўсёды круцілася рыфма: Гілевіч — веліч), колькі перакананасьцю: «Ніколі не дазваляйце абражаць Беларусь, сваіх продкаў, мову, гісторыю. Дзеці і ўнукі не даруюць».
Мне, выпускніку гістарычнага факультэту, ён шмат разоў раіў напісаць раман «Мы, ліцьвіны». Я выдаў па-беларуску і па-ангельску ілюстраваную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Спадзяюся, атрымаў ад прафэсара хаця б залік.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 684-685
Год таму ў гэты дзень
- Зьніклага блогера Эдуарда Пальчыса арыштавалі.
- Судзьдзя Ленінскага раёну Менску Марына Запасьнік пакарала баскетбалістку Алену Леўчанку 15 суткамі арышту.
- Сьвятлана Ціханоўская прызначыла сваім прадстаўніком па правах чалавека вядомага юрыста Гары Паганяйлу, прадстаўніком у эканамічных рэформах — Алеся Аляхновіча, віцэ-прэзыдэнта Аналітычнага цэнтру CASE.
- Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі зьняпраўдзіў зьвесткі пра тое, што касьцёл у Беларусі нібыта выкарыстоўваецца зьнешнімі сіламі ў палітычных мэтах.
- Прадстаўнікі Ўкраіны заявілі, што ў афіцыйных кантактах з Аляксандрам Лукашэнкам будуць называць яго толькі па імені і прозьвішчы, без указаньня пасады кіраўніка беларускай дзяржавы.
Дзень у гісторыі
1452 — Ян Гутэнбэрг выдаў першую друкаваную кнігу, якая атрымала назву «Біблія Гутэнбэрга».
1939 — Уладзіслаў Сікорскі ўзначаліў польскі эмігранцкі ўрад.
1965 — У выніку путчу лідэр Інданэзіі Сукарна адхілены ад улады, кіраўніком краіны стаў генэрал Сухарта.
1999 — Пачатак другой вайны ў Чачні.
2005 — У дацкай газэце Jyllands-Posten апублікаваныя карыкатуры на прарока Мухамада, што выклікала рэзкія пратэсты і беспарадкі ў мусульманскім сьвеце.
2015 — Пачатак расейскай вайсковай апэрацыі ў Сырыі.
У гэты дзень нарадзіліся
1728 — Марцін Пачобут-Адляніцкі, беларускі вучоны-асьветнік, астраном, адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар Віленскай астранамічнай абсэрваторыі.
1882 — Ганс Вільгельм Гейгер, нямецкі фізык, вынаходнік лічыльніка ўзроўню радыяактыўнасьці.
1890 — Антоні Ляшчэвіч, сьвятар, ахвяра нацысцкай расправы.
«Ад 1939 году айцец Антоні Ляшчэвіч вёў душпастырскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне — спачатку ў Друі, а потым у Росіцы на Дрысеншчыне. У другую ваенную зіму ў навакольлі зьявіліся нацысцкія карнікі. Мясцовых жыхароў, пераважна старых, жанчын і дзяцей, быццам жывёлу, сагналі на сартаваньне ў касьцёл.
Адных чакалі канцлягеры, другіх — сьмерць у агні. Антоні Ляшчэвіч і ягоны паплечнік, таксама брат-марыянін, Юры Кашыра адпраўлялі ў храме Сьвятую імшу, прычашчалі, спавядалі, хрысьцілі дзяцей, багаслаўлялі і суцяшалі тых, хто быў у роспачы.
Дамовіўшыся зь нямецкім афіцэрам, айцец Антоні ўратаваў ад сьмерці дзевяць беларускіх сясьцёр-эўхарыстак, якія займаліся ў Росіцы катэхізацыяй.
Тым часам людзей пачалі групамі выводзіць з касьцёла і паліць у будынках. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі. Дзяцей наколвалі на штыхі.
Камандаваньне карнікаў прапанавала сьвятарам жыцьцё. Але яны ўжо зрабілі свой выбар, пастанавіўшы да канца заставацца з прыхаджанамі.
Відавочцы сьведчаць, што айцец Антоні Ляшчэвіч да астатніх хвілінаў выяўляў неверагодны спакой: зьмяніў мокрыя шкарпэткі на сухія, запытаўся ў вернікаў, ці трэба перад сконам пад’есьці, ці ўсё ж лепей быць галодным, ахінуў вакол шыі шалік.
Празь некалькі хвілінаў ён увайшоў разам зь людзьмі ў агонь...
Назаўтра такое ж вусьцішнае скананьне прыняў айцец Юры Кашыра.
Пры канцы 1990-х гадоў папа Рымскі Ян Павал ІІ бэатыфікаваў росіцкіх пакутнікаў. Усё больш масавымі робяцца штогадовыя пілігрымкі ў Росіцу да касьцёла Сьвятой Тройцы.
Айцы-марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра сталіся героямі раману пісьменьніцы Ірыны Жарнасек „Будзь воля Твая“, выдадзенага ўжо ў ХХІ стагодзьдзі менскім выдавецтвам „Pro Christo“. Прэзэнтацыі кнігі зьбіралі поўныя залі ў розных гарадах краіны».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 212-213.
1892 — Зоська Верас (ад нараджэньня Людвіка Сівіцкая, у замужжы Войцік), пісьменьніца, грамадзкая дзяячка, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст., нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі й нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1980-х.
Яна, як Натальля Арсеньнева ці бабуля сьпевака Данчыка Яніна Каханоўская, пражыла амаль стагодзьдзе, даўшы прыклад таго, колькі, на добры лад, павінны жыць беларускія жанчыны.
Гэты доўгі шлях быў неймаверна багаты на сустрэчы, захапленьні, самыя розныя пачынаньні й здабыткі. Зоська Верас мела добрае знаёмства з Максімам Багдановічам, тэатральным дзеячам Уладзіславам Галубком, літаратарамі Гальляшом Леўчыкам і Ядвігіным Ш., напісаўшы пра іх дасьціпныя прыгады.
Чытачы «Нашае Нівы», а потым заходнебеларускіх пэрыёдыкаў ведалі яе як аўтарку арыгінальных абразкоў і вершаў. Навукоўцаў зацікавіў укладзены і выдадзены Зоськай Верас «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік».
Тагачасныя гаспадары зь Віленшчыны, Наваградчыны, Беласточчыны шукалі ў адрыўных календарах ейныя парады з агародніцтва й садоўніцтва. Пчаляры выпісвалі рэдагаваны ёю часопіс «Беларуская борць», а дзеткі чыталі адрасаваныя ім «Заранку» і «Пралескі», рэдактарам якіх таксама была спадарыня Зоська.
Зь віленскай турмы Лукішкі яна вынесла вершы зьняволенага Міхася Машары й выдала ягоны першы зборнік.
Ад 1923 году яна жыла ў Вільні — пераважна ў сваёй славутай «Лясной хатцы» сярод зялёных Панарскіх узвышшаў. У 1970–1980-я гады гэты прытульны гасьцінны дамок быў месцам паломніцтва нашай інтэлігенцыі й адраджэнскіх моладзевых суполак. Я быў там усяго аднойчы, але атмасфэру натуральнай беларускасьці, якая панавала ў тых сьценах, запомніў на ўсё жыцьцё. На жаль, гаспадыня ўжо нічога ня чула, і візытанты мусілі пісаць свае пытаньні, затое адказы былі грунтоўна-арыгінальныя ды суправаджаліся дэманстрацыяй унікальных фатаграфіяў і дакумэнтаў.
На дзясятым дзясятку Зоську Верас прынялі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, а ў дзевяноста тры яна пабачыла выдадзеную ў Менску кніжку яе вершаў і апавяданьняў. Калі спадарыня Зоська сышла на вечны спакой, мне доўга не хацелася ў Вільню.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 376–377.
У памяці
1934 — Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі гісторык, адзін з заснавальнікаў беларускай гістарыяграфіі.
Усяго ў дваццаць адзін год, у 1888-м, Доўнар-Запольскі надрукаваў нарыс «Беларускае мінулае», дзе стварыў канцэпцыю гістарычнага разьвіцьця беларускага народу.
У 1905-м калегі віншавалі яго з абаронаю доктарскай дысэртацыі.
Пра шырыню разгляданай вучоным праблематыкі кажуць назовы ягоных дасьледаваньняў: «Да гісторыі Люблінскай вуніі», «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII ст.», «Адносіны беларуса да зямлі».
Ён апублікаваў тэкст Баркулабаўскай хронікі — выдатнага помніка нашага летапісаньня пачатку XVII стагодзьдзя.
Акт 25 сакавіка Доўнар-Запольскі, як сьведчаць сучасьнікі, сустрэў «зь вялікай радасьцю й надзеяй, без ваганьняў і засьцярогаў». Кіеўская місія БНР, у якой ён працаваў, была адной з найбольш дзейных.
На даручэньне нашага незалежніцкага Ўраду вучоны напісаў нарыс «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», які разам з мапаю краіны выйшаў у 1919-м на беларускай, францускай, нямецкай, польскай і расейскай мовах і стаўся выдатным інфармацыйным дапаможнікам для ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтваў БНР.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 142–143.
1939 — Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, беларускі паэт.
1992 — Мікалай Бірыла, беларускі мовазнаўца.
1999 — Дзьмітры Ліхачоў, расейскі філёляг, акадэмік, перакладчык на сучасную расейскую мову «Слова пра паход Ігараў», «Аповесьці мінулых гадоў» і многіх іншых помнікаў старажытнарускай літаратуры, вязень ГУЛАГу.