Як сьведчаць дадзеныя, атрыманыя Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, за час грамадзянскай вайны ў Сырыі, з сакавіка 2011 году і па сакавік 2021, было забіта каля 350 тысяч мірных жыхароў. Пра гэта паведаміла Мішэль Бачэлет, вярхоўны камісар ААН у правах чалавека, яе цытуе «Голас Амэрыкі».
Аналіз стратаў сярод грамадзянскага насельніцтва правялі на замову Ўпраўленьня вярхоўнага камісара ў правах чалавека.
Мішэль Бачэлет сказала, што колькасьць загінуўшых мірных жыхароў падлічылі на аснове дадзеных, сабраных узначаленым ёю ведамствам, няўрадавымі арганізацыямі, а таксама сырыйскімі ўладамі.
«У нашу статыстыку ўключаны толькі тыя людзі, якіх удалося ідэнтыфікаваць па поўным імені, з усталяванай датай сьмерці, і тых, хто загінуў у пэўнай правінцыі. Аднак гэта не зьяўляецца поўным сьпісам сьмерцяў, зьвязаных з канфліктам у Сырыі за гэты пэрыяд. Гэта мінімальны лік, які магчыма праверыць, безумоўна, фактычная колькасьць забойстваў значна большая», — сказала Бачэлет.
Найбольшую колькасьць забойстваў задакумэнтавалі ў Алепа, за ім ідуць вёскі вакол Дамаску, а таксама Хомс, Ідліб, Хама і Тартус.
Вярхоўны камісар дадала, што яе ўстанова пачала прымяняць устаноўленыя мэтады статыстычнай ацэнкі для ўліку колькасьці чалавек, зьніклых бязь вестак. Паводле яе слоў, гэта дасць больш поўнае ўяўленьне аб маштабах канфлікту і яго ўплыве на сырыйскае грамадзтва.
Сырыйскі канфлікт справакаваў агромністую колькасьць уцекачоў: 6,8 мільёна чалавек зьвярнуліся да іншых краінаў з просьбай аб прадастаўленьні прытулку, яшчэ 6,7 мільёнаў чалавек былі перамешчаныя ўнутры Сырыі. Агулам ужо больш за палову насельніцтва Сырыі, каля 13,5 мільёнаў чалавек, зьяўляюцца змушанымі перасяленцамі.