Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі палітоляг Бялкоўскі: «Пуцін хоча, каб Лукашэнка быў Кадыравым Беларусі»


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў падчас сустрэчы ў Менску ў верасьні 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў падчас сустрэчы ў Менску ў верасьні 2017 году

Госьць «Інтэрвію тыдня» — расейскі паліттэхноляг і публіцыст Станіслаў Бялкоўскі. Ён тлумачыць, чаму Крэмль прызначае новым паслом у Беларусі Міхаіла Бабіча, выказвае ўпэўненасьць, што Расея не зьбіраецца акупаваць Беларусь ці адцінаць частку яе тэрыторыі, і тлумачыць, чаму для Беларусі лепей быць Пуціну ворагам, а ня здраднікам.

Расея не зьбіраецца акупаваць Беларусь ці адцінаць частку яе тэрыторыі

— Беларуская аналітычная супольнасьць заўзята абмяркоўвае прызначэньне Міхаіла Бабіча амбасадарам Расеі ў Беларусі. Чаму так атрымалася, што «посол в Беларуси — больше чем посол»? Ці зьвязана гэта зь ягонай спэцыфічнай біяграфіяй? Бо ніколі прозьвішча амбасадара не выклікала такой зацятай каляпалітычнай дыскусіі.

— Я хачу нагадаць, што Міхаіл Бабіч разглядаўся ў якасьці асноўнага кандыдата на пасаду пасла Расеі ва Ўкраіне летась. Але Кіеў ня даў агрэман, і Бабіч не паехаў ва Ўкраіну. Але ў любым выпадку ён успрымаецца Ўладзімерам Пуціным як адмысловы прадстаўнік, як чалавек, які будзе весьці з кіраўніком той краіны, дзе ён пасол, нейкія далікатныя перамовы. Па шырокім коле пытаньняў, уключаючы бізнэс-пытаньні. А галоўныя пытаньні для Пуціна так ці іначай завязаныя на бізнэсе і грашовых плынях.

Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

Зразумела, што былы губэрнатар аднаго з расейскіх рэгіёнаў Сурыкаў, які быў паслом дагэтуль, такой функцыі ня мог выконваць, бо ён ніякім чынам ня быў блізкі да расейскага прэзыдэнта.

— Але ў выпадку з Бабічам блізкасьць да Пуціна — гэта міт ці рэальнасьць?

— Безумоўна, Бабіч не ўваходзіць у кола блізкіх сяброў Уладзімера Пуціна. Але ён функцыянэр, які разумее, што трэба Пуціну ў бягучым палітычным кантэксьце. Уласна, менавіта з гэтай прычыны Пуцін хацеў яго прызначыць амбасадарам ва Ўкраіне. Бо Бабіч мог адкрытым тэкстам абмяркоўваць з прэзыдэнтам Украіны Парашэнкам некаторыя бізнэс-пытаньні. Такія ж пытаньні ён будзе абмяркоўваць з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.

Біяграфія Міхаіла Бабіча, сярод іншага, зьвязаная з сілавымі структурамі і працай ў Чачні
Біяграфія Міхаіла Бабіча, сярод іншага, зьвязаная з сілавымі структурамі і працай ў Чачні

— Вы настойваеце на тым, што галоўнымі будуць бізнэс-інтарэсы. Але ў Беларусі людзей больш трывожыць менавіта...

— Сілавое мінулае Бабіча?

— Так, ягонае сілавое мінулае, праца ў Чачні і гэтак далей.

— Я быў і застаюся прыхільнікам думкі, што Расея не зьбіраецца акупаваць Беларусь ці адцінаць частку яе тэрыторыі. У гэтым сэнсе Бабіч нічым не небясьпечны. Сама Чачня была шмат у чым бізнэс-пытаньнем. Сцэнар чачэнскага ўрэгуляваньня такі: аддаць у кіраваньне пэўную тэрыторыю пэўнаму клану (з бандыцкімі элемэнтамі, з элемэнтамі крымінальнай групоўкі, што ўяўляе сабой клан Кадырава) у абмен на фармальную ляяльнасьць Расеі.

І Пуцін спрабуе гэтую лёгіку трансьляваць у тым ліку і незалежным дзяржавам на постсавецкай прасторы. Ён хацеў бы, каб Парашэнка быў Рамзанам Кадыравым Украіны. Лукашэнка — Рамзанам Кадыравым Беларусі.

Ясна, што ў выпадку з Лукашэнкам гэта немагчыма. У выпадку з Парашэнкам гэта немагчыма часткова, бо дэ-факта, нягледзячы на ўсю агрэсіўную рыторыку, Пётар Парашэнка зьяўляецца такім «Кадыравым-лайт» і карыстаецца падтрымкай Расеі, хто б што ні казаў. Я асьцерагаюся, што наўмысна будзе наладжана сілавое абвастрэньне на Данбасе, каб утрымаць Парашэнку ва ўладзе.

У Пуціна хто ня вораг — той здраднік, а хто ня здраднік — той вораг. Беларусі лепей быць ворагам

— Вы слушна сказалі, што Лукашэнку такая роля наўрад ці спадабаецца. Але да якой ступені Крэмль будзе настойваць на гэтай канцэпцыі?

— Канцэпцыя самавызначэньня Расеі на постсавецкай прасторы ўжо зразумелая. Яна сфармуляваная ў вядомым праграмным артыкуле памочніка прэзыдэнта Расеі Ўладзіслава Суркова, апублікаваным гэтай вясной. Гэта канцэпцыя, што Расея — краіна адзіноты.

У нас няма саюзьнікаў. Беларусь — гэта ўжо не саюзьнік. Мы аточаны альбо ворагамі, альбо здраднікамі. Паводле дыхатаміі Ўладзімера Пуціна, у якога хто ня вораг — той здраднік, а хто ня здраднік — той вораг. Таму Пуцін і не прэтэндуе на кантроль над Беларусьсю. Ён прэтэндуе толькі на тое, што Беларусь выконвае пэўныя абавязкі ў эканамічнай сфэры. І акрамя таго — не ўступае ў НАТО, ня рухаецца ў кірунку Эўразьвязу, не выганяе расейскія аб’екты і гэтак далей.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Сочы, Расея, 23 жніўня 2018 году
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Сочы, Расея, 23 жніўня 2018 году

— А што для беларусаў лепш у гэтай канцэпцыі — быць ворагамі альбо здраднікамі?

— Толькі ворагамі. Бо Пуцін жорстка карае здраднікаў. А ворагаў не карае ніколі, бо паважае іхнюю пазыцыю. Проста ня трэба браць на сябе тых абавязаньняў перад Пуціным, якія ты дакладна ня можаш выканаць.

— Апошнія месяцы Лукашэнка ўсё часьцей ужывае такія выразы: нашы саюзьнікі (маючы на ўвазе Расею) паводзяць сабе «па-барбарску», ставяцца да нас як да «васалаў». Гадамі праходзіла схема «нафта ў абмен на пацалункі». А цяпер кажуць пра васальныя адносіны. Хто выступіў ініцыятарам адмены гэтай канцэпцыі?

— На мой погляд, нічога не зьмянілася. Гэтая канцэпцыя існуе ўсе гады знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе. Проста зьмянілася ўспрыняцьце гэтай канцэпцыі. Аляксандар Лукашэнка разумее, што адносіны паміж Расеяй і Захадам фатальна пагаршаюцца, і варыянтаў паляпшэньня няма. Таму Лукашэнка, як заўсёды, спрабуе згуляць на гэтых супярэчнасьцях, паказаць Захаду, што ён гатовы быць часткова і васалам Захаду, калі Захад дасьць яму пэўныя прэфэрэнцыі, якіх ня можа даць пуцінская Расея.

— А Захад хіба пойдзе на гэта, заглыне гэтую прынаду?

— Часткова пойдзе. Натуральна, Захад ніколі не прызнае рэжым Лукашэнкі палітычным узорам для Беларусі. Усё роўна будзе крытыка Лукашэнкі, пэўная ізаляцыя ў сувязі з адсутнасьцю дэмакратыі. Але — Аляксандар Рыгоравіч цудоўна разумее, што менавіта ў цяперашняй сытуацыі трэба максымальна разыгрываць карту нянавісьці Захаду да пуцінскай Расеі. Бо гэта спрыяльны момант, каб нават адыёзны рэжым зарабіў сабе пункты. Калі ён будзе крытычна ставіцца да пуцінскай Расеі.

Пуцін перакананы, што можа зрабіць з расейскім народам усё, што палічыць патрэбным

— Раней у нашай размове вы ўжо сказалі, што перакананыя ў тым, што Расея не зьбіраецца акупаваць Беларусь. У Беларусі якраз многія маюць супрацьлеглае перакананьне...

— Так, я памятаю. Я паўтара года таму выступаў у Менску на запрашэньне Сьвятланы Алексіевіч. І калі я сказаў, што расейскія войскі пасьля вучэньняў «Захад-2017» вернуцца назад у Расею — я быў ледзь не асьвістаны. Настолькі аўдыторыя была гатовая да адваротнага адказу. Але ж расейскія войскі не засталіся, а вярнуліся ў казармы ў Расею.

— Цяпер рэйтынг Пуціна падае ў сувязі з пэнсійнай рэформай. І некаторыя назіральнікі лічаць, што каб яго падняць, патрэбна будзе маленькая пераможная вайна. А які варыянт, акрамя Беларусі?

— Разумееце, падвышэньне пэнсійнага ўзросту — не такі крытычны момант для Пуціна. Ён перакананы, што можа зрабіць з расейскім народам усё, што палічыць патрэбным. Ён ва ўладзе 20 гадоў. За гэтыя 20 гадоў ён, чалавек, ніяк не прыстасаваны да ўлады, які быў прызначаны Барысам Ельцыным і ніколі не выйграваў ніякіх дэмакратычных выбараў, — пераканаў народ ва ўсім, у чым хацеў. Ён лічыць, што так і будзе надалей. Таму яму ня трэба нічога кампэнсаваць такімі драматычнымі мэтадамі.

У ліпені ў Расеі прайшлі масавыя пратэсты супраць пэнсійнай рэформы
У ліпені ў Расеі прайшлі масавыя пратэсты супраць пэнсійнай рэформы

Акупаваць Беларусь ён ня будзе. Эксцэс 2014 году з Крымам і з вайной на Данбасе зьвязаны, па-першае, зь нянавісьцю Пуціна да Ўкраіны як такой, па-другое, з тым, што ён быў страшна пакрыўджаны на Захад, які фактычна байкатаваў сочынскую Алімпіяду. Такой драматычнай сытуацыі цяпер няма, і ні на якае прамое сутыкненьне зь Беларусьсю Пуцін ня пойдзе.

— У Беларусі ідуць працэсы, якія атрымалі ўмоўныя назвы «нармалізацыя» адносінаў з Захадам і «мяккая беларусізацыя». Яны выклікаюць нейкае канкрэтнае нездавальненьне ў Крамля? Апошнімі тыднямі некаторыя ўплывовыя расейскія тэлеграм-каналы ці ня штодня палохаюць сваіх падпісчыкаў, што ў Беларусі перамагаюць нацыяналісты...

— Не, не, нічога новага не адбываецца, бо такую палітыку Аляксандар Рыгоравіч вядзе ўсё жыцьцё. Апошнія 20 гадоў Лукашэнка менавіта так і дзейнічае, увесь час грае на нейкіх супярэчнасьцях паміж Расеяй і Захадам, каб здабыць нешта для свайго рэжыму ў аднаго з бакоў. Расея даўно да гэтага адаптавалася, усе ўсё разумеюць, і ніякіх новых падыходаў да Беларусі ў гэтым сэнсе няма.

У Крамлі разумеюць, што пасьля анэксіі Крыму ўсе памежныя краіны маюць намер максымальна дыстанцыявацца ад Расеі. Казахстан пераходзіць на лацінку, і гэтак далей. Для Крамля гэта цалкам зразумелая сытуацыя. Я не хачу сказаць. што яна Крамлю прыемная — але нічога нечаканага ў гэтым няма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG