«Застанецца разьлічваць толькі на Расею»
— Ці магчыма ацаніць цяперашнія санкцыі з боку Эўразьвязу і ЗША супраць рэжыму ў Беларусі ў грашовым вымярэньні ці ў працэнтах ад валавога ўнутранага прадукту Беларусі — сёлета і налета?
— Апошні пакет санкцыяў самы сур’ёзны, бо мы ўжо гаворым пра сэктаральныя санкцыі, і такое было ўведзена ўпершыню. Даць дакладную лічбу больш складана, бо частка санкцыяў адкладзена на пазьнейшы пэрыяд сёлета, таму мы гаворым пра ацэнкі альбо на канец гэтага году, альбо на пачатак 2022-га.
Але мы можам рабіць папярэднія ацэнкі на падставе ранейшых санкцыяў. Напрыклад, паводле ацэнак расейскага выданьня «Коммерсант», ранейшыя санкцыі Эўразьвязу і ЗША каштавалі Беларусі каля 3 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту.
А мы ведаем, што апошнія санкцыі скіраваныя супраць найважнейшых сэктараў беларускай эканомікі — супраць нафтахімічнай прамысловасьці, калійных угнаеньняў, тытунёвых вырабаў, будаўніцтва і гэтак далей. Гэта створыць дадатковы ціск. Мы тут гаворым пра 5 працэнтаў беларускага экспарту ў гэтыя краіны.
Другі элемэнт тут у тым, што ЗША, хоць і ня маюць шчыльных гандлёвых стасункаў зь Беларусьсю самі па сабе, могуць накласьці санкцыі на кантракты ў амэрыканскіх далярах. А гэта вельмі жорстка ўдарыць па эканоміцы, якая моцна залежыць ад гандлю нафтапрадуктамі за амэрыканскую валюту.
— Але ці можна ўсё ж даць нейкую прыблізную лічбу на наступны год, калі арыентавацца на тыя санкцыі, якія ўжо ў сіле? Бо некаторыя людзі кажуць, што ў сэктаральных санкцыях даволі шмат дзірак. Ці слушная гэтая ацэнка?
— Найбольш крытычна важны тавар, для якога зроблена выключэньне, — гэта некаторыя гатункі калійных угнаеньняў, што ідуць на экспарт у Эўразьвяз. У той жа час аб’ёмы калійных угнаеньняў, якія падпадаюць пад санкцыі, і тых, якія пад санкцыі не падпадаюць, — гэта прыблізна 50 на 50 працэнтаў.
І яшчэ адзін важны вынятак тут тое, што ЗША не зрабілі крокаў супраць дзяржаўнага доўгу Беларусі. Беларускі бок пакуль можа гэтым скарыстацца.
Але мы бачым, што заходнія краіны — ЗША, Эўразьвяз, Брытанія, Швайцарыя, Канада — усё больш каардынуюць свае пакеты санкцыяў. Гэта значыць, што ў санкцыях будзе ўсё менш дзірак, якія зможа скарыстаць Беларусь, і ёй застанецца разьлічваць толькі на Расею. У нейкай ступені яшчэ на Кітай, але мы ведаем, што Кітай таксама вельмі неахвотна вядзе бізнэс з кампаніямі пад санкцыямі.
Я не магу даць вам дакладную ацэнку, бо мне здаецца, што такія падлікі можна будзе зрабіць толькі зь цягам часу. Да прыкладу, ЗША пакуль не ўвялі санкцый супраць «Беларуськалію», яны далі 120 дзён, каб кампанія завяршыла свае апэрацыі. Таму дакладную лічбу можна будзе вызначыць пазьней сёлета.
«Крэмль гатовы скарыстацца ўразьлівасьцю Беларусі»
— Калі ўжо гаварыць пра прыблізныя ацэнкі — падчас сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі 9 верасьня вялася гаворка пра пазыку ад Расеі на 630 мільёнаў даляраў. Ці блізкая гэтая лічба хоць у нейкай ступені да тых стратаў, якія, верагодна, панясе Беларусь у сувязі з санкцыямі? І агулам — ці можа Расея кампэнсаваць гэтыя страты і ў якой форме?
— Расея, відавочна, — гэта так званы «чорны рыцар», як мы называем гэта ў літаратуры, прысьвечанай санкцыям. Гэта краіна, якая робіць крокі, каб зьмякчыць ціск ад санкцый. Яна рабіла так апошні год, і, як мы ведаем з вынікаў сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, яна гатовая рабіць гэта і ў будучыні.
Некаторыя страты ад санкцый магчыма кампэнсаваць. Да прыкладу, санкцыі Эўразьвязу будуць каштаваць Беларусі прыблізна паўтара мільярда даляраў, а тут мы якраз гаворым пра трэцюю пазыку ад Расеі з агульнага пакету на паўтара мільярда.
Але гаворка тут пра кароткатэрміновае вырашэньне праблемы для Беларусі, каб кампэнсаваць гэтыя страты. І, я думаю, пра гэта важна памятаць. Галоўны ціск ідзе зь іншай сфэры беларуска-расейскіх адносінаў. Гаворка пра энэргетычныя субсыдыі.
Гэта структурная праблема, не зьвязаная з санкцыямі, і Расея больш не жадае даваць энэргетычныя субсыдыі Беларусі, якія яна давала раней, калі цэны на нафту былі высокія.
У кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай пэрспэктыве Расея будзе гатовая кампэнсаваць гэтыя страты. Але таксама варта памятаць, што расейскі бюджэт не бязьмежны — ён мае свае мэтавыя паказьнікі, якія трэба выконваць. І Расея выстаўляе свае ўмовы для Беларусі, патрабуючы далейшай інтэграцыі. Крэмль гатовы скарыстацца ўразьлівасьцю Беларусі.
— І мы тут гаворым толькі пра пазыкі, так? То бок, калі мы гаворым пра кампэнсацыю, дык маюцца на ўвазе пазыкі, а не субсыдыі, якія ня трэба вяртаць. Гэта так?
— Так. Энэргетычныя субсыдыі ня трэба было вяртаць, але Расея зьмяншала іх яшчэ да таго, як былі ўведзеныя санкцыі. Бо быў праведзены нафтавы падатковы манэўр у чаканьні, што залежнасьць эканомікі ад вугляродных энэрганосьбітаў зьменшыцца.
Гэты манэўр найбольш балюча ўдарыў па беларускай эканоміцы, незалежна ад санкцый. Калі б Расея кампэнсавала Беларусі страты ад падатковага манэўру, дык, паводле некаторых ацэнак, гэта б каштавала расейскаму бюджэту да 22–25 мільярдаў рублёў да 2022 году.
«ЗША ня хочуць узмацняць санкцыі супраць Расеі»
— На вашую думку, ці мае Захад інструмэнты, каб зьменшыць расейскую падтрымку, калі яна робіць санкцыі менш эфэктыўнымі?
— Адна з прапановаў Атлянтычнай рады была тая, каб пашырыць сфэру санкцыяў адносна Беларусі і скіраваць іх супраць расейскіх кампаніяў, гатовых скарыстацца дзеля сваёй выгады рызыкоўнай сытуацыяй, у якую трапіў рэжым Лукашэнкі. У ідэальным сьвеце, калі ўзяць выпадак Беларусі ў вакуўме, без кантэксту, гэты быў бы добры падыход да санкцыйнай палітыкі — скіраваць санкцыі супраць тых, хто не падпарадкоўваецца санкцыйнаму рэжыму і кампэнсуе страты ад санкцый.
На жаль, мы ня дзейнічаем у вакуўме, і мы ведаем, што ЗША ня хочуць узмацняць санкцыі супраць Расеі. Злучаныя Штаты хочуць прадказальных адносінаў з Расеяй, таму абʼём новых санкцыяў супраць Расеі, выглядае, ня будзе такі вялікі, як хацелася б некаторым людзям.
У новым указе прэзыдэнта ЗША гаворыцца пра рызыку другасных санкцыяў супраць тых, хто мае бізнэс з кампаніямі, якія ўжо трапілі ў санкцыйныя сьпісы — у абароннай сфэры, у будаўніцтве, у нафтахімічнай прамысловасьці, у сфэры калійных угнаеньняў. Але мы тут не гаворым пра ўсёабдымныя санкцыі супраць усіх расейскіх кампаніяў, якія маюць бізнэс зь Беларусьсю.
— І, наколькі разумею, другасныя санкцыі тычацца толькі тых кампаній, якія маюць юрыдычную прысутнасьць у Злучаных Штатах, так?
— Для другасных санкцый дастаткова таго, што ўгода будзе ў амэрыканскіх далярах. Для гэтага не абавязковая сама па сабе прысутнасьць у ЗША. Дастаткова мець сувязі з ЗША ці заключаць кантракты ў амэрыканскай валюце. Гэтага хопіць, каб выклікаць другасныя санкцыі.
Гэта даволі шырокі і вельмі моцны інструмэнт, але я сумняваюся, што Злучаныя Штаты скіруюць яго супраць усіх расейскіх кампаній, якія вядуць бізнэс зь Беларусьсю.
«Ёсьць інфраструктурныя абмежаваньні на тое, што Беларусь можа зрабіць з дапамогай Расеі»
— Беларусь цяпер перанакіроўвае гандлёвыя патокі з партоў балтыйскіх краін праз расейскія парты, у сувязі з палітычнымі канфліктамі, якія беларускія ўлады маюць зь Літвой і Латвіяй. Наколькі гэта можа пашкодзіць беларускай эканоміцы?
— Гэта безумоўна шкодзіць, бо гэта быў ключавы шлях для беларускага экспарту ня толькі ў Эўразьвяз, але і далей у Азію, і на іншыя кірункі. І гэты транзытны шлях праз балтыйскія парты стаў ключавым уразьлівым месцам.
Мы ведаем, што Беларусь і Расея падпісалі пагадненьні, каб перанакіраваць частку гандлю праз расейскія парты. Але паколькі санкцыі пашыраюцца, дык звужаецца і прастора для манэўру, для абыходу санкцый. Напрыклад, у брытанскіх санкцыях наўпрост гаворыцца пра тое, што любое перанакіраваньне праз трэцюю краіну будзе разглядацца як парушэньне санкцыяў.
Таксама зьяўляюцца лягістычныя праблемы, якія вызначаюць, што Беларусь можа зрабіць. Напрыклад, для нафтапрадуктаў, сыравіна для якіх прыходзіць з Расеі, будзе лягчэй арганізаваць нейкую схему з Расеяй — магчыма, нейкія дамовы пра абмен, каб гэта было эканамічна мэтазгодна для Беларусі.
Калі мы гаворым пра калійныя ўгнаеньні, дык карціна больш складаная. Гэта будзе цяжэй зрабіць праз расейскія парты, бо той жа «Ўралкалій» выкарыстоўвае тую самую інфраструктуру, і не хапае магутнасьцяў, каб беларускія субʼекты гаспадараньня яе выкарыстоўвалі. Таму ёсьць інфраструктурныя абмежаваньні на тое, што Беларусь можа зрабіць з дапамогай Расеі.
«Урадавая падтрымка можа быць ратавальным кругам»
— У якой ступені розныя беларускія кампаніі і сфэры эканомікі маюць альтэрнатывы ў гэтай сытуацыі? Напрыклад, экспартэры калійных угнаеньняў — у сэнсе новых рынкаў, альбо вытворцы грузавых аўтамабіляў — у сэнсе імпарту дэталяў для вытворчасьці?
— Гэта залежыць ад канкрэтнай галіны эканомікі. Экспарт калійных угнаеньняў ужо быў дывэрсыфікаваны, яшчэ да санкцый. Асноўнымі пакупнікамі ўжо былі Бразылія, Кітай, Індыя, а гэтыя краіны не далучацца да заходніх санкцыяў. Таму гэтая частка выключаная з санкцыйнага ціску.
Машынабудаваньне, вытворчасьць грузавых аўтамабіляў былі традыцыйна скіраваныя на постсавецкія краіны, якія ўваходзяць у Эўразійскі эканамічны саюз. Гэтыя кантракты можна будзе рабіць у мясцовых валютах, можна выкарыстоўваць расейскі рубель. Таму некаторыя галіны эканомікі могуць дывэрсыфікавацца ў кірунку краінаў Эўразійскага эканамічнага саюзу — адной зь іх можа быць Казахстан.
Але асноўны кірунак паставак нафтапрадуктаў — Эўразьвяз. І гэта найбольшая праблема, якую складана абысьці і правесьці нейкую дывэрсыфікацыю.
Яшчэ адна краіна, якой няма ў заходнім фронце санкцый, — гэта Ўкраіна. Важна памятаць, што Ўкраіна — галоўны пакупнік беларускага дызэльнага паліва і нафтахімічных прадуктаў агулам. Калі б Украіна далучылася да заходніх санкцыяў, гэта б значна ўзмацніла ціск на рэжым Лукашэнкі.
— Ці ствараюць цяперашнія санкцыі рызыку, што некаторыя беларускія кампаніі будуць папросту зьнішчаныя — да прыкладу, МАЗ і БелАЗ?
— Я думаю, што гэта залежыць ад двух фактараў. Па-першае, наколькі шмат падтрымкі Расея гатовая даць Беларусі. А па-другое, наколькі беларускі рэжым захоча накіраваць гэтыя сродкі, каб падтрымаць кампаніі пад санкцыямі.
Мы ведаем з расейскага выпадку, што ўрадавая падтрымка можа быць ратавальным кругам — яна можа вызначыць, ці збанкрутуе кампанія, ці выжыве пад санкцыямі. Тыя расейскія кампаніі, якія ўрад не падтрымаў, былі вымушаныя збанкрутаваць. З досьведу іншых санкцыяў мы ведаем, што гэта можа быць вызначальным.
Але такія кампаніі, як БелАЗ ці Белнафтахім, вельмі важныя для рэжыму, таму, відавочна, будзе жаданьне іх падтрымаць. Шмат будзе залежаць ад таго, пад якія санкцыі яны падпалі. Як я ўжо сказала, амэрыканскія санкцыі ўдараць найбольш балюча. І гэта будзе вызначаць дыяпазон кампэнсацый і падтрымкі.
«Мы можам прадказаць паглынаньне некаторых кампаній»
— Наколькі выгадныя гэтыя санкцыі для расейскіх кампаній, якія наўпрост канкуруюць зь беларускімі кампаніямі, што падпалі пад санкцыі? Да прыкладу, «Уралкалій» — прамы канкурэнт «Беларуськалію». Альбо КамАЗ — канкурэнт МАЗу і, патэнцыйна, БелАЗу.
— Санкцыі ствараюць атмасфэру таксычнасьці. Супрацоўніцтва зь беларускімі кампаніямі робіцца таксычным, асабліва калі яны закранутыя амэрыканскімі санкцыямі. Таму мы ведаем, што некаторыя расейскія кампаніі не хацелі пастаўляць сыравіну на «Нафтан», супраць якога яшчэ не ўвялі, але меліся ўвесьці амэрыканскія санкцыі.
Гэтыя паводзіны выкліканыя пазьбяганьнем рызыкаў — кампаніі ня хочуць мець справу зь некім, хто падпадае пад санкцыі. Яны хочуць паводзіць сябе абсалютна правільна. Адбываецца так званае «звышпадпарадкаваньне».
У той жа час тыя расейскія кампаніі, якія маюць менш сувязяў з Эўразьвязам ці ЗША, вядома ж, атрымаюць выгады ад гэтай сытуацыі, калі кампаніі пад санкцыямі трапляюць ва ўразьлівае становішча. Мы можам прадказаць нейкія зьліваньні і паглынаньні некаторых кампаній, набыцьцё іх па выгаднай цане ў будучыні.
Аднак у кароткатэрміновай пэрспэктыве наступствы могуць быць іншыя. Вы згадалі «Беларуськалій» і «Ўралкалій». «Беларуськалій» быў вымушаны зьнізіць цану для Кітаю амаль на 80 працэнтаў у сувязі з рызыкамі ад санкцый. І ў нейкім сэнсе ён цяпер нават большы канкурэнт для «Ўралкалію», які таксама пастаўляе калійныя ўгнаеньні ў Кітай.
Таму на кароткім адрэзку часу сытуацыя не такая ясная, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, калі санкцыі захаваюцца і ўзмоцняцца, гэта будзе азначаць больш супрацоўніцтва з расейскімі кампаніямі альбо зьліцьцё ці набыцьцё расейскімі кампаніямі.
— Вы ўжо згадалі рэкамэндацыі Атлянтычнай рады. Эканаміст Андэрс Ослунд, які быў адным з аўтараў дакумэнту Атлянтычнай рады, якраз і прапаноўваў, каб санкцыі пашыраліся на тыя расейскія кампаніі, якія захочуць скарыстацца ўразьлівасьцю беларускіх кампаніяў. Што вы думаеце пра такі падыход?
— Як я ўжо казала, у ідэальнай сытуацыі гэта была б добрая парада — пашырыць санкцыі на так званых «чорных рыцараў», на краіны, якія зьмяншаюць уплыў санкцый, а таксама спрабуюць нешта набыць у такой сытуацыі.
Але нам таксама варта разумець, што ёсьць абмежаваньні на санкцыі, якія могуць увесьці супраць Расеі. Ёсьць нейкая дынаміка расейска-амэрыканскіх адносін, у якіх Злучаныя Штаты спрабуюць атрымаць стратэгічную стабільнасьць. Таму адміністрацыя Байдэна не зацікаўленая ў эскаляцыі санкцый супраць Расеі.
Таксама ёсьць агульны падыход, які прадугледжвае, што ня варта залішне выкарыстоўваць санкцыі як інструмэнт. Хоць у выпадку Беларусі гэта відавочна ўзмацніла б ціск на рэжым, я крыху скептычна гляджу на тое, наколькі гэта можна ажыцьцявіць на практыцы.
«Ня варта чакаць, што санкцыі цалкам памяняюць разьлікі рэжыму»
— Які будзе вынік санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі? Што больш імаверна, на вашую думку, — што рэжым пойдзе на лібэралізацыю і саступкі, у тым ліку на вызваленьне палітычных вязьняў, ці што ён пойдзе на далейшыя саступкі ў інтэграцыі з Расеяй і здасьць яшчэ больш эканамічнага і палітычнага сувэрэнітэту?
— Санкцыі ніколі не працуюць ізалявана, і гэта важна памятаць. Звычайна іх выкарыстоўваюць як інструмэнт, каб падштурхнуць дзяржаву да нечага. І ў гэтым выпадку няма нейкай шырэйшай стратэгіі адносна Беларусі.
Другі аспэкт, вядома ж, у тым, наколькі Расея гатовая падтрымліваць Лукашэнку. Мы ведаем, што адносіны паміж двума лідэрамі ня надта сяброўскія і што паміж імі ёсьць напружаньне. Гэта значыць, што Расея будзе гатовая падтрымліваць Лукашэнку, але не бясплатна. Відавочна, што некаторая ступень інтэграцыі будзе ўмовай падтрымкі.
На сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна абвясьцілі пра будучае падпісаньне інтэграцыйных мапаў. Выкананьне гэтых мапаў будзе паказваць, наколькі Лукашэнка мае прастору для манэўру ў гэтым сэнсе.
Санкцыі, відавочна, могуць быць пасьпяховымі для дасягненьня меншых мэтаў — вы сказалі пра вызваленьне палітвязьняў. Напрыклад, мы ведаем, што пасьля таго, як абвясьцілі пра самы жорсткі пакет санкцыяў, Рамана Пратасевіча, напрыклад, перавялі з турмы пад хатні арышт.
Але ня варта чакаць, што санкцыі цалкам памяняюць разьлікі рэжыму, бо ёсьць іншыя дзяржавы, такія як Расея, якія могуць кампэнсаваць страты. У той жа час Эўразьвяз і ЗША ў зьвязцы зь іншымі заходнімі партнэрамі павінны былі б распрацаваць шырэйшую стратэгію адносна Беларусі — што варта рабіць — а ня толькі ўводзіць санкцыі дзеля санкцый.
— Калі вы ўжо загаварылі пра гэта — якія былі б вашыя рэкамэндацыі? Што павінна быць у гэтай шырэйшай стратэгіі, акрамя ўласна санкцый?
— Я думаю, што быў страчаны час, калі ўводзіліся санкцыі. Больш жорсткія санкцыі маглі мець большы ўплыў у жніўні 2020 году, калі ўнутры беларускага рэжыму існавала няпэўнасьць. Тады існаваў нейкі раскол унутры элітаў, у тым ліку і ў войску, і ў праваахоўных органах. І гэтая страта часу, на маю думку, была вызначальная.
Што рабіць цяпер і як у гэтым могуць дапамагчы санкцыі? Мне здаецца, што шырэйшая стратэгія залежыць ад таго, ці бачыць Эўразьвяз Беларусь як частку шырэйшага эўрапейскага суседзтва. Важна захоўваць сувязі зь людзьмі, звычайнымі беларусамі, не выключаць іх санкцыямі, якія абмяжоўваюць паездкі ў Эўразьвяз і гэтак далей.
Важна мець падтрымку на ўзроўні чалавечых кантактаў, захоўваць камунікацыі з тымі, хто выступае супраць рэжыму. Гэта была б адна з маіх прапановаў.