Прыбытак у першым квартале — 36 мільёнаў рублёў
У першым квартале гэтага году БелАЗ зарабіў 36 мільёнаў рублёў, годам раней былі чыстыя страты на 60 мільёнаў. Такія дадзеныя вынікаюць са справаздачы на адзіным партале фінансавага рынку.
У заводу 371,4 мільёна даўгоў па доўгатэрміновых крэдытах і 880,7 мільёна — па кароткатэрміновых, агулам больш за 1,2 мільярда рублёў. Летась у гэты ж пэрыяд даўгоў было больш — 1,4 мільярда.
Чысты прыбытак БелАЗу за мінулы год — 30 мільёнаў рублёў, годам раней было 265 мільёнаў рублёў. То бок за год чысты прыбытак скараціўся ў 8 разоў. Колькасьць пэрсаналу скарацілася на 571 чалавека за год.
Што з продажамі самазвалаў
Белстат прыбраў апэратыўную статыстыку па продажах кар’ерных самазвалаў. Летась кар’ерных самазвалаў Беларусь прадала ў ЭЗ на 3,3 мільёна даляраў. Гэта толькі 10 адзінак. Агулам жа за год у розныя краіны Беларусь прадала 435 адзінак гэтай тэхнікі. З краін ЭЗ самазвалы куплялі Польшча, Баўгарыя.
Найбольш самазвалаў купляла Расея (на $106 млн), Індыя (на $83 млн), Узбэкістан (на $55 млн).
Якія кампаніі адмовіліся ад супрацы зь БелАЗам
Амэрыканская кампанія Cummins, адзін з пастаўшчыкоў рухавікоў на БелАЗ, перастала адпраўляць прадукцыю на БелАЗ і ягоным дылерам.
Гэтым летам пра поўнае спыненьне супрацоўніцтва зь БелАЗам абвясьціў Rolls-Royce. Раней пастаўкі ішлі празь іх нямецкую даччыную кампанію «MTU Friedrichshafen GmbH». Гэтыя дзьве кампаніі — асноўныя пастаўшчыкі рухавікоў і сілавых установак для заводу.
Раней сёлета ад супрацоўніцтва зь БелАЗам адмовіліся сусьветныя кампаніі Becker Group, Liebherr і Danfoss.
Нямецкая Becker Group, у прыватнасьці, заявіла, што «пасьля ўвядзеньня санкцый ЭЗ у дачыненьні да БелАЗу спыніла ўсе апэрацыі зь БелАЗам з 9 ліпеня 2021 году». Кампанія пастаўляла фарбу для БелАЗу празь фінскага дыстрыб’ютара Geramatic OY.
Іншы нямецкі канцэрн, Liebherr, які раней пастаўляў станкі і іншае абсталяваньне для БелАЗу, таксама пацьвердзіў, што ягоная «палітыка (заключаецца) у захаваньні нормаў і правілаў».
На пачатку ліпеня Міжнародная горна-мэталюргічная група кампаній «Мэтінвест» заявіла, што адправіла ў Эўракамісію запыт з просьбай даць тлумачэньні наконт магчымасьці закупаў у БелАЗу, які падпаў пад санкцыі.
Пазьней крывароскі горна-мэталюргічны камбінат «ArcelorMittal» паведаміў, што прыпыняе закупы ў БелАЗу і адпраўляе гэтае пытаньне на аналіз у свой юрыдычны аддзел.
Усе выпадкі прыпыненьня супрацы зьвязаныя з санкцыямі ці з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.
Наколькі паўплываюць адмовы ў пастаўках дэталяў
Пастаўшчыкоў камплектуючых для кар’ерных самазвалаў — ня так шмат. Паводле фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, Rolls-Royce быў адным з асноўных пастаўшчыкоў рухавікоў.
«Такія рухавікі робяць у прамыслова разьвітых краінах — ЗША, Японія, Заходняя Эўропа. Тэарэтычна, пры санкцыях можна наладзіць пастаўкі праз сэрыю пасярэднікаў, але гэта, хутчэй за ўсё, робіць працэс даражэйшым і падаўжае тэрміны паставак. Наўрад ці атрымаецца схаваць пастаўку рухавікоў для БелАЗу, таму праблемы з вытворчасьцю будуць сур’ёзныя», — кажа Вадзім Іосуб.
На думку старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, праблемы могуць узьнікнуць нават з кітайскімі пастаўшчыкамі.
«З санкцыямі ніхто зьвязвацца ня хоча. Зразумела, што адмовіліся амэрыканскія кампаніі. Кітайцы не сьпяшаюцца пастаўляць свае рухавікі, таму што Кітай, калі глядзець на эканоміку, — гэта адна з найбуйнейшых эканомік сьвету, ЗША для іх — важны партнэр. Чакаць кітайскіх матораў таксама ня варта. Застаецца Расея. Буйныя кампаніі таксама ня хочуць быць зьвязаныя з санкцыямі. У БелАЗа прыбытковасьць не была на высокім узроўні, таму як яны будуць цяпер выжываць — сур’ёзнае пытаньне. Хутчэй за ўсё, дзяржава будзе імкнуцца іх фінансаваць», — кажа Леў Львоўскі.
Глядзім, якія рухавікі стаяць на БелАЗах, якія завод прадае цяпер праз свой сайт.
Напрыклад, мадэль 7545 на 45 тонаў — рухавік ад кампаніі Cummins. А вось мадэль 75440, грузападымальнасьцю 32 тоны, мае рухавік ЯМЗ — ад Яраслаўскага маторнага заводу.
Мадэль 75320 грузападымальнасьцю 290 тонаў мае рухавік Cummins, мадэль грузападымальнасьцю 450 тонаў — рухавік нямецкага вытворцы MTU (Rolls-Royce), які таксама спыніў пастаўкі на БелАЗ. Мадэль грузападымальнасьцю 360 тонаў таксама мае рухавік ад MTU. Мадэль 75310 грузападымальнасьцю 240 тонаў мае рухавік ад Cummins.
Як бачым, большасьць мадэляў маюць рухавікі кампаній, якія цяпер адмовіліся ад супрацы зь БелАЗам.