Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва спыніць транзыт прадукцыі «Беларуськалію» са сьнежня з прычыны санкцый ЗША супраць Беларусі


З прычыны санкцый ЗША супраць Беларусі Літва спыніць транзыт калійных угнаеньняў вытворчасьці «Беларуськалію» ў сьнежні.

Пра гэта паведамляе партал 15min.lt са спасылкай на міністра транспарту і камунікацый краіны Маруса Скуодзіса.

«З аднаго боку, мы можам сказаць, што санкцыі тычацца толькі амэрыканскіх кампаній, але з практыкі мы ведаем, што банкі ня будуць прымаць плацяжы за аказаныя ў Літве паслугі ў эўра, а ня толькі ў далярах. Кампаніі, калі ёсьць суб’ект, які падпаў пад санкцыі, адмаўляюцца мець зь ім якія-небудзь дзелавыя адносіны, пазьбягаючы рызыкі, і я магу дакладна заявіць, што са сьнежня, калі санкцыі набудуць моц, угнаеньні перастануць перамяшчацца празь Літву», - заявіў міністар.

Delfi паведамляе, што кампанія «Літоўскія чыгункі», якая перавозіць прадукцыю «Беларуськалію» празь Літву, страціць ад гэтага каля 20 млн эўра.

9 жніўня ЗША пашырылі санкцыі супраць Беларусі: у новым санкцыйным сьпісе больш за 20 фізычных асобаў, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Сьледчы камітэт, кампаніі і прадпрыемствы, у тым ліку «Беларуськалій».

Дзяржсакратар Энтані Блінкен сказаў, што ЗША чарговы раз заклікаюць беларускія ўлады пакласьці канец рэпрэсіям супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, СМІ, спартоўцаў, студэнтаў, юрыстаў і іншых грамадзян, а таксама неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў, уступіць у дыялёг з дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG