У аглядзе цэнтру адзначаецца, што найбольшага нэгатыўнага макраэканамічнага эфэкту варта чакаць ад санкцыйных пакетаў Вялікай Брытаніі і ЭЗ, якія прадугледжваюць забарону альбо абмежаваньне экспарту беларускіх нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў. Калі зыходзіць з розных трактовак зыходных палажэньняў дакумэнтаў, гэтыя санкцыі могуць закрануць ад 10 да 13,5% усяго беларускага экспарту, лічаць аўтары агляду.
У такім выпадку патэнцыйныя страты ад іх складаюць каля 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасьля пачатку іх рэальнага дзеяньня, адзначаюць экспэрты BEROC.
Пасьля страты могуць узрасьці да 10% ВУП, лічаць адмыслоўцы.
Ключавой прычынай росту ВУП Беларусі па выніках студзеня—ліпеня гэтага году на 3,3%, стала, на думку экспэртаў, «рэінкарнацыя зьнешнегандлёвага цуду».
У аглядзе вылучаецца некалькі прычынаў «экспартнага буму». Па-першае, на фоне паўсюднага росту цэнаў беларускія вытворцы могуць стрымліваць іх для сваёй прадукцыі, атрымліваючы цэнавую перавагу, што актуальна, напрыклад, для прадукцыі дрэваапрацоўкі, чорных мэталаў, тэкстылю, абутку, шын.
Па-другое, глябальны скок цэнаў на прадукты харчаваньня спарадзіў рост попыту на прадукцыю сумежных галінаў. Такі эфэкт выгадны вытворцам мінэральных угнаеньняў і прадукцыі сельгасмашынабудаваньня.
У BEROC, аднак, прытрымліваюцца думкі, што бурны рост экспарту застаецца часовай зьявай і не прэтэндуе на тое, каб стаць «новай нармальнасьцю».
- BEROC зьяўляецца адным з вядучых беларускіх незалежных акадэмічных дасьледчых цэнтраў.
- У сувязі з перасьледам з боку ўладаў у ліпені гэтага году адмыслоўцы арганізацыі цяпер працуюць у Кіеве.