Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У рэпрэсіўнай палітыцы можа існаваць толькі рэпрэсіўная эканоміка», — эканаміст Зьміцер Крук


Акцыя салідарнасьці ля Менскага аўтамабільнага заводу. Жнівень 2020 году.
Акцыя салідарнасьці ля Менскага аўтамабільнага заводу. Жнівень 2020 году.

Старшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук адказвае на пытаньне, ці могуць улады ўвесьці валютныя абмежаваньні, прагназуе, што будуць рабіць улады з бізнэсам, і тлумачыць, што сталася з «рэформамі» ўраду Галоўчанкі.

Сьцісла:

  • Існуе даволі вялікая колькасьць рызык, якія могуць прывесьці да валютнага крызісу.
  • На думку многіх ва ўладзе, прыватны сэктар вінаваты ў тым, што адбылося, вінаваты ў пратэстах.
  • Мэта будзе не «раскулачыць», а «нармалізаваць».
  • Санкцыі ў цяперашняй форме прывядуць да прасяданьня ВУП мінімум на 3 працэнты.
  • Немагчыма сур’ёзна ставіцца да заяваў ураду пра нейкія «рэформы» ў цяперашніх умовах.

— Апошнія тыдні зьявілася непацьверджаная інфармацыя, размовы пра тое, што ўлады могуць рыхтаваць пэўныя дзеяньні для абмежаваньня абарачэньня замежнай валюты ў Беларусі. Ці ёсьць нейкія эканамічныя падставы для такіх чутак і ці магчыма, што ўлады прымуць такія рашэньні?

Зьміцер Крук.
Зьміцер Крук.

— Падставы для такіх разважаньняў грунтуюцца перш за ўсё на тым, што за апошні год адбыўся вельмі істотны адток валюты з банкаўскай сыстэмы Беларусі. Расьце замежны дзяржаўны доўг, усё больш складана яго абслугоўваць. Таксама ёсьць пытаньні наконт стабільнасьці замежнагандлёвага балянсу, які за апошні год нават палепшыўся, але з красавіка гэтае паляпшэньне зьдзімаецца. Таму існуе даволі вялікая колькасьць рызык, якія могуць прывесьці да валютнага крызісу.

У такой сытуацыі зусім ня дзіўна, што ўладам прыходзяць у галаву ідэі ўвесьці пэўныя валютныя абмежаваньні. Дадатковы чыньнік — менавіта цяпер набываюць моц зьмены ў валютнае заканадаўства. Яшчэ год таму, калі яны прымаліся, некаторыя артыкулы ўспрымаліся як пэўная эканамічная лібералізацыя — напрыклад, пакінулі за Нацбанкам права ўводзіць пэўныя валютныя абмежаваньні. Усе гэта павялічвае хваляваньні, што ўлады могуць увесьці нейкі нярынкавы рэжым кіраваньня валютнымі апэрацыямі.

— Мы бачым, як нарастаюць рэпрэсіі ў грамадзка-палітычнай сфэры. Як гэта можа адбіцца на эканамічным жыцьці? Ці можа ў такіх палітычных умовах эканоміка заставацца некранутай гэтай хваляй рэпрэсіяў? Як палітычная атмасфэра можа адбіцца на эканамічным клімаце?

— Яна ўжо адбіваецца. Усё больш прадпрыемстваў задумваюцца і ажыцьцяўляюць рэлякацыю альбо фінансавую эміграцыю, мяняюць сваё юрыдычнае «грамадзянства». Некаторыя зьяжджаюць ці мяняюць дысьлякацыю празь нязгоду з палітычнымі падзеямі, некаторыя — праз патэнцыйны ўплыў санкцыяў альбо будучых магчымых рашэньняў уладаў, напрыклад, тыя ж валютныя абмежаваньні. Усе гэтыя працэсы непазьбежна адаб’юцца на агульным стане эканомікі.

На думку многіх ва ўладзе, прыватны сэктар вінаваты ў тым, што адбылося, вінаваты ў пратэстах. Таму і гучаць галасы пра адзяржаўліваньне, пра нацыяналізацыю.

— Часам кажуць, што наступныя пасьля журналістаў і праваабаронцаў — гэта бізнэсоўцы, прадпрымальнікі. Ці можна чакаць, што да бізнэсу прыйдуць з мэтай «раскулачыць»?

— Хутчэй мэта будзе не «раскулачыць», а «нармалізаваць». Яны хочуць бачыць бізнэс цалкам залежным ад улады. Толькі такі бізнэс, на думку ўладаў, мае права на існаваньне.

— Ужо прайшоў пэўны час пасьля ўвядзеньня эўрапейскіх санкцыяў і можна больш дакладна ацаніць іхны магчымы ўплыў. Калі аналізаваць толькі тыя санкцыі, якія ўжо ўведзеныя, — які эфэкт яны будуць мець для беларускай эканомікі?

— Пакуль санкцыі пакідаюць даволі шмат поля для манэўру, для спробаў неяк іх абысьці праз розныя бізнэс-схемы. Я думаю, у найбліжэйшыя месяцы гэта і будзе асноўным пытаньнем — ці ўдасца беларускім уладам пабудаваць такія схемы. Калі ж санкцыі будуць працаваць так, як абвешчана, найперш у калійнай і нафтавай галіне, то толькі гэта (не адразу, а з канца 2021-га — пачатку 2022 году) прывядзе да прасяданьня ВУП мінімум на 3 адсоткі. Натуральна, улады будуць шукаць нейкія пралазы, каб не дапусьціць такога эфэкту.

— Вы сказалі, што ў санкцыях пакінута «поле для манэўру». Гэта Эўразьвяз зрабіў для таго, каб можна было, у залежнасьці ад паводзінаў афіцыйнага Менску, альбо ўзмацніць, альбо аслабіць іх?

— Так, гэта відавочна. Эўразьвяз фактычна адкрытым тэкстам кажа, што ў выпадку пагаршэньня сытуацыі санкцыі могуць пашырыцца, перайсьці на фінансавы сэктар.

— Восеньню 2020 году беларускі ўрад прадставіў эканамічную праграму, якую ў іншай палітычнай сытуацыі можна было б расцаніць як дастаткова лібэральную. Што-небудзь з гэтага было ўведзена ў жыцьцё ці ўсё засталося толькі дэклярацыяй? Ці эканоміка проста ідзе ўсьлед за рэпрэсіўнай палітыкай?

— Вядома, у рэпрэсіўнай палітыцы можа існаваць толькі рэпрэсіўная эканоміка. Я ня бачу пэрспэктываў, каб нейкія прыгожыя пляны ці намеры, нават запісаныя ў праграмах, маглі б быць рэалізаваныя. Немагчыма сур’ёзна ставіцца да заяваў ураду пра нейкія «рэформы» у цяперашніх умовах. Гэта зусім іншая сытуацыя нават у параўнаньні з 2016-2017 годам, калі пачалася нармалізацыя адносінаў з Эўропай і гэта таксама рабіла ўплыў на пэўныя эканамічныя рашэньні. Цяпер гэтага ўплыву няма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG