На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае намесьнік рэдактара расейскай газэты «Коммерсант» Дзьмітры Бутрын. У Беларусі ён вядомы як аўтар артыкула 2019 году пра зьмест праекту «дарожных мапаў» інтэграцыі.
Бутрын
- Падпісаныя дакумэнты набудуць юрыдычную моц 4 лістапада, калі Пуцін падпіша адпаведны ўказ, а Лукашэнка — дэкрэт.
- Мы апублікавалі на сайце «Коммерсанта» вытрымку з таго, што зацьверджана.
- Гэтыя дакумэнты крыху адрозьніваюцца ад таго праекту, зьмест якога мы абнародавалі два гады таму.
- Яны адрозьніваюцца інтанацыяй.
- Калі б я ня ведаў, што ў Беларусі адбылося за 2 апошнія гады, я сказаў бы, што гэта вынік доўгіх і цяжкіх перамоваў.
- Наконт праекту, пра які мы пісалі два гады таму, можна было думаць, што за ім стаяць яшчэ нейкія негалосныя дамоўленасьці.
- Той пакет вымагаў дадатковых пагадненьняў, пра цяперашні гэтага сказаць нельга.
- У цяперашніх дакумэнтах ключавое слова — не «рэгулятар», а «гарманізацыя».
- Я ня бачыў поўнага тэксту, але ў тым, што бачыў, слова «рэгулятар» я нідзе ня ўбачыў.
- У некаторых пытаньнях, скажам, у падаткаабкладаньні, рэгулятара няма дакладна, нават няма адзінага мытнага і падатковага кодэксаў.
- Два гады таму праект быў грубай прапановай аб’яднаць падатковыя сыстэмы.
- Цяпер пазначана, што па ўскосных падатках будзе адбывацца адзінае адміністраваньне.
- Можна гэта павярнуць у бок абмежаваньня падатковага сувэрэнітэту. Але можна і не паварочваць.
- У нечым інтэграцыя, якая прапаноўваецца ў гэтых 28 праграмах, нават глыбейшая за тое, што прапаноўвалася 2 гады таму.
- Але ў прэамбулах і ў агульнай схеме пакідаецца магчымасьць прадэкляраваць, што гэта розныя дзяржавы.
- Гэта падрыхтоўка да абʼяднаньня дзяржаваў у 2023 годзе.
- Ідэя такая — мы зараз зробім усе падрыхтоўчыя крокі, а ў 2023 годзе вырашым — гэта ў нас ужо адзіная дзяржава ці яшчэ не.
- Адносна цэнтральных банкаў прадугледжваюцца практычна аднолькавыя інструмэнты рэгуляваньня, беларускае заканадаўства ад расейскага ня будзе практычна адрозьнівацца нічым.
- Расея абвінавачвае Беларусь у тым, што тая за кошт свайго сувэрэнітэту мае магчымасьць займацца арбітражам. У Расеі ёсьць тэрмін «беларускія крэвэткі». Гэта адзін з кшталтаў арбітражу.
- Беларусь зарабляе ў тым ліку і на глупствах расейскай зьнешняй палітыкі.
- Адна з задачаў гэтых 28 праграмаў — прапанаваць магчымасьць агульнага рынку.
- Фігуральна кажучы, сэнс пагадненьняў — давайце мы зробім унутраны антураж нашых «кватэраў».
- Але жыць будзем у сваіх «кватэрах».
- У 2023 годзе гэта, паводле задумы, будзе выглядаць так — ёсьць два дамы, адзін большы, другі — меншы ў 20 разоў. Яны абсалютна аднолькавыя.
- Але хто будзе гаспадарыць у малым доме? Той, хто там жыве.
- Гэтая двухгадовая праграма выглядае да некаторай ступені ідэалістычнай утопіяй.
- Яна зыходзіць з тэзы, што калі мы створым дзьве падобныя сыстэмы рэгуляваньня, то эканомікі будуць вельмі падобныя.
- Гэта хутка ня робіцца. Але каб яно рабілася наагул, закон павінен выконвацца.
- Ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі рэч ня толькі ў законах, і яна ўсё часьцей не ў законах.
- «Часам не да законаў» усё часьцей робіцца правілам і ў Расеі.
- Аўтакратыя ня можа доўга функцыянаваць у межах закону, нават калі яна можа гэты закон прымаць.
- Менавіта таму Беларусь застанецца Беларусьсю, а Расея — Расеяй.
- Каб рэалізаваць гэтую інтэграцыйную праграму, Беларусь і Расея павінны быць прававымі дзяржавамі.
- А яны імі не зьяўляюцца.
- А які сэнс Беларусі мець расейскія законы?
- У яе крыху іншая эканоміка, крыху іншы народ, геаграфічнае становішча істотна іншае.
- Я асабіста не разумею, навошта Расеі нейкімі землямі «прырастаць».
- Магчыма, менавіта таму я не зьяўляюся часткай расейскай улады.
- Я за разнастайнасьць на нашым кантынэнце, і альтэрнатыва «беларускім крэвэткам» — гэта адсутнасьць крэвэтак.
- Калі гэтая інтэграцыйная праграма будзе выконвацца, то з 2023 году цэны на газ для Беларусі будуць, як для Смаленскай вобласьці.
- Калі ня будзе выконвацца, то ня будуць.
- Беларусь Лукашэнкі не гатовая выкарыстаць танны газ, не гатовая рабіць зь яго грошы.
- Яна гатовая толькі спальваць яго на ЦЭЦ і заганяць насельніцтву ў выглядзе гарачай вады.
- Расейцы ўвесь час баяліся, што беларусы на таннай энэргетыцы збудуюць нешта канкурэнтнае.
- Цяпер відавочна, што пры гэтай уладзе ніхто ў Беларусі ня будзе выкарыстоўваць гэты газ ні на што, акрамя сацыяльнага спакою.
- Каб рахункі за ЖКГ былі танныя — вось адзінае, што ім трэба.
- У Беларусі невялікая эканоміка.
- Так што можна пастаўляць туды танны газ, калі спаўняецца мара, сэнсу якой мы з вамі не разумеем.
Што было раней
- Пятая за 2021 год сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна прайшла 9 верасьня ў Маскве. Яна доўжылася 3,5 гадзіны. Пасьля сустрэчы Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка выступілі на прэс-канфэрэнцыі.
- Пуцін паведаміў, што на перамовах з Лукашэнкам былі ўзгодненыя 28 праграм па далейшым паглыбленьні інтэграцыйных працэсаў паміж дзьвюма краінамі.
- «Гаворка ідзе пра 28 так званых саюзных праграм, якія накіраваныя на ўніфікацыю заканадаўства Расеі і Беларусі ў розных галінах эканомікі, на выраўноўваньне ўмоў дзейнасьці гаспадарчых суб’ектаў дзьвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энэргетычных рынкаў, транспартнай прасторы, фармаваньне і рэалізацыю агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі», — растлумачыў Пуцін.
- Пра што канкрэтна дамовіліся Пуцін і Лукашэнка:
- цана на расейскі газ для Беларусі на 2022 год захаваецца на ўзроўні 2021 году;
- да 1 сьнежня 2023 году будзе падпісана дамова аб абʼяднаньні рынку газу;
- Пуцін і Лукашэнка дапусьцілі магчымасьць стварэньня адзінай абароннай прасторы;
- заплянавалі стварэньне адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў, а таксама падпісаньне дамовы аб адзіным рынку электраэнэргіі.