Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Размовы пра інтэграцыю ідуць больш за 20 гадоў. Што пра гэта кажуць у Беларусі і Расеі


Прэзыдэнты Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын, а таксама расейскі прэм'ер Уладзімір Пуцін падчас цырымоніі падпісаньня Саюзнай дамовы 8 сьнежня 1999 года ў Крамлі
Прэзыдэнты Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын, а таксама расейскі прэм'ер Уладзімір Пуцін падчас цырымоніі падпісаньня Саюзнай дамовы 8 сьнежня 1999 года ў Крамлі

Саюзную дамову Беларусь і Расея падпісалі 8 сьнежня 1999 году. Яна прадугледжвала, сярод іншага, стварэньне двухпалатнага парлямэнту, Канстытуцыі ды іншых наднацыянальных органаў. Глядзім, як абмяркоўваюць цяпер інтэграцыю і што пра яе вядома.

1999 год. Пачатак

Дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі 8 сьнежня 1999 году. Дамова прадугледжвала стварэньне парлямэнту саюзнай дзяржавы, вышэйшага дзяржаўнага савету, савету міністраў. Таксама праект прадугледжваў уніфікацыю заканадаўства дзьвюх дзяржаў, стварэньне агульнай судовай сыстэмы. Аднак на шляху да «саюзнай дзяржавы» пачало ўзьнікаць што далей, то болей супярэчнасьцяў.

У 2006 годзе, у сувязі з павышэньнем Расеяй цэнаў на газ, Лукашэнка выказаў расчараваньне ў саюзе. У 2007–2008 гадах кіраўніцтва дзьвюх краін зноў загаварыла пра «саюзную дзяржаву», аднак пасьля пачаліся «малочныя войны» (спрэчкі вакол увозу беларускай малочнай прадукцыі ў Расею), і працэс зноў затармазіўся.

Чарговы раз інтэграцыя адклалася ў 2010 годзе. Тады ўзьніклі спрэчкі наконт пастаўкі газу з боку Расеі. Перамоўны працэс зноў ажыў у 2019 годзе.

2018–2019 год. Аднаўленьне інтэграцыі

Актыўна загаварылі пра інтэграцыю ў канцы 2018 году.

13 сьнежня 2018

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў у Берасьці згадвае пра існаваньне саюзнай дамовы і прапануе два варыянты інтэграцыі Расеі і Беларусі:

  • «Кансэрватыўны» — гэта значыць пакінуць усё як ёсьць.
  • І «прасунуты» — выканаць нарэшце саюзную дамову ад 1999 году, што азначае адзіную падатковую, цэнаўтваральную і тарыфаўтваральную палітыку. Гэтую падзею фактычна назвалі «Ўльтыматумам». Бо Мядзьведзеў сказаў, што кампэнсаваць страты ад расейскага «падатковага манэўру» Крэмль можа толькі ў адказ на «агульную мытню, суд і валюту».

З гэтай заявы пачаліся доўгія спрэчкі паміж Масквой і Менскам наконт варыянту інтэграцыі.

20 чэрвеня 2019 году

«Гэта не адзіная дзяржава, гэта не адно і тое ж. Але там, праўда, шмат элемэнтаў, аж да стварэньня саюзнага парлямэнту, увядзеньня адзінай валюты і г.д.», — кажа прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Чэрвень 2019-га. Расея празрыста намякае, што «сьпярша будзе інтэграцыя, а потым ужо расейскі крэдыт на 630 мільёнаў для Беларусі». Пра гэта журналістам сказаў міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

Ужо ў кастрычніку, калі расейскі бок некалькі разоў нагадаў пра інтэграцыю, афіцыйны Менск заявіў, што «крэдыт ня трэба». Казаў пра гэта і кіраўнік Мінфіну.

17 лістапада Аляксандар Лукашэнка прыехаў галасаваць на выбары дэпутатаў. Там журналісты запыталіся ў яго пра саюз з Расеяй і далейшую інтэграцыю. Лукашэнка адказаў, што ад гандлю з Расеяй Беларусь страчвае 9 мільярдаў даляраў штогод.

«Гэтыя грошы нам трэба недзе зарабіць, найперш на расейскім рынку. А яны нам выбудавалі бар’еры, не пускаюць туды па цэлым шэрагу тавараў, — абурыўся Лукашэнка. — Бо калі ты ўступаеш у нейкае аб’яднаньне, на што разьлічваеш? Што з кожным месяцам, годам будзе лепей. Што маем? Нам кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем. Прабачце, на храна патрэбен такі саюз? Я адкрыта гэта магу і Пуціну сказаць: дзе нам узяць 9 мільярдаў, каб пакрыць дэфіцыт у гандлі? Мы іх пакрываем за кошт іншых рынкаў!»

2020. Ад крытыкі да перамоваў

14 лютага 2020 году Лукашэнка рэзка крытыкуе Расею за ўмовы інтэграцыі.

У кіраўніцтве Расеі намякаюць на далучэньне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энэрганосьбіты, заявіў Аляксандар Лукашэнка 14 лютага падчас паездкі ў Сьветлагорск.

«Яны разумеюць інтэграцыю як паглынаньне Беларусі. Гэта не інтэграцыя! Гэта інкарпарацыя! На гэта я ніколі не пайду», — сказаў тады Лукашэнка.

Падчас выбараў і палітычнага крызісу ў Беларусі размовы пра інтэграцыю стаялі на паўзе. Аднавіліся ў 2021-м.

2021. Зноў інтэграцыя

У лютым пра інтэграцыю выказаўся намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў.

«Што тычыцца інтэграцыйных працэсаў, я зыходжу з таго, што ў нас агульная пазыцыя, што інтэграцыя ўзаемна карысная. Нам трэба інтэгравацца шчыльней, рэалізоўваць увесь патэнцыял саюзнай дамовы, у тым ліку тыя элемэнты збліжэньня, злучэньня патэнцыялу нашых эканомік, якія туды закладзеныя. А гэта самыя розныя пытаньні, аж да адзінай валюты», — сказаў тады Мядзьведзеў.

У красавіку амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімір Сямашка заявіў, што «падпісаньне „дарожных мапаў“ па інтэграцыі можа адбыцца ў верасьні-кастрычніку».

«Засталіся дзьве мапы. Гэта будзе абмяркоўвацца на ўзроўні прэм’ер-міністраў у канцы чэрвеня на форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі. А дзесьці ў ліпені-жніўні будзе пасяджэньне ўраду „саюзнай дзяржавы“. Я меркаваў, што ў красавіку-траўні будуць падпісаныя тыя дзьве мапы. Але цяпер бачу, што зрух можа адбыцца на восень», — сказаў ён.

Тады ж стала вядома пра зьмяншэньне колькасьці інтэграцыйных «мапаў»: іх стала 28, а раней было 31.

У 2021 годзе Лукашэнка і Пуцін сустракаліся тройчы і абмяркоўвалі, сярод іншага, інтэграцыю. Пра інтэграцыю Лукашэнка выказваўся на сустрэчы зь лідэрамі СНД у траўні:

«Сьвет зьмяніўся, ідыётаў няма сёньня сярод нас, каб каляніяльным чынам занявольваць дружалюбныя дзяржавы. Гэта немагчыма сёньня. Любая спроба паглынуць дзяржаву ці нейкай сілай аб’яднаць, далучыць, выкліча страшны адпор у гэтай дзяржаве», — сказаў тады Лукашэнка.

Па выніках апошняй сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным 28 траўня нейкіх канкрэтных высноў наконт інтэграцыі не было. Не было ў 2021 годзе і крытыкі ад Лукашэнкі наконт інтэграцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG