Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў размоваў пра інтэграцыю Расеі і Беларусі. Што адбываецца


Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын на падпісаньні пагадненьняў у 1999 годзе
Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын на падпісаньні пагадненьняў у 1999 годзе

Саюзную дамову Беларусь і Расея падпісалі 8 сьнежня 1999 году. Да больш шчыльнай інтэграцыі вярнуліся ў 2018 годзе. У 2021-м абяцаюць падпісаць апошнія «дарожныя мапы», колькасьць якіх увесь час мяняецца. Як праходзіла інтэграцыя?

1999 год. Дамова аб «саюзнай дзяржаве»

Дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі 8 сьнежня 1999 году. Дамова прадугледжвала стварэньне парлямэнту «саюзнай дзяржавы», вышэйшага дзяржаўнага савету, савету міністраў. Таксама праект прадугледжваў уніфікацыю заканадаўства дзьвюх дзяржаў, стварэньне агульнай судовай сыстэмы. Аднак на шляху да «саюзнай дзяржавы» пачало ўзьнікаць што далей, то болей супярэчнасьцяў.

У 2006 годзе, у сувязі з павышэньнем Расеяй цэнаў на газ, Лукашэнка выказаў расчараваньне ў саюзе. У 2007–2008 гадах кіраўніцтва дзьвюх краін зноў загаварыла пра «саюзную дзяржаву», аднак пасьля пачаліся «малочныя войны» (спрэчкі вакол увозу беларускай малочнай прадукцыі ў Расею) і працэс зноў затармазіўся.

Чарговы раз інтэграцыя адклалася ў 2010 годзе. Тады ўзьніклі спрэчкі наконт пастаўкі газу з боку Расеі. Перамоўны працэс зноў ажыў у 2019 годзе.

2018 год. Аднаўленьне інтэграцыі

У 2018 годзе прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў у Берасьці згадвае пра існаваньне «саюзнай дамовы» і прапануе два варыянты інтэграцыі Расеі і Беларусі. «Кансэрватыўны» — гэта значыць пакінуць усё як ёсьць. І «прасунуты» — выканаць нарэшце «саюзную дамову» ад 1999 году, што азначае адзіную падатковую, цэнаўтваральную і тарыфаўтваральную палітыку. Гэтую падзею фактычна назвалі «ўльтыматумам». Бо Мядзьведзеў сказаў, што кампэнсаваць страты ад расейскага «падатковага манэўру» Крэмль можа толькі ў адказ на «агульную мытню, суд і валюту».

У Беларусі ўлады пачалі актыўна супраціўляцца гэтаму. На сустрэчы з расейскімі мэдыя ў сьнежні 2018 году Лукашэнка назваў такую інтэграцыю інкарпарацыяй.

«Можна прасьцей сказаць: слухайце, трымайце нафту, але вы давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі. Я заўсёды задаю пытаньне: вось такія вось рэчы, яны ў імя чаго робяцца? Расея гатовая сёньня прыняць Беларусь абласьцямі або цалкам у склад Расеі?» — наракаў Лукашэнка.

2019 год. Расея працягвае ціснуць

Чэрвень 2019-га. Расея празрыста намякае, што «сьпярша будзе інтэграцыя, а потым ужо расейскі крэдыт на 630 мільёнаў для Беларусі». Пра гэта журналістам сказаў міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

Ужо ў кастрычніку, калі расейскі бок некалькі разоў нагадаў пра інтэграцыю, афіцыйны Менск заявіў, што «крэдыт ня трэба». Казаў пра гэта і кіраўнік Мінфіну. Што ў «дарожных мапах» інтэграцыі, публічна ніводзін з бакоў не агучвае.

17 лістапада Аляксандар Лукашэнка прыехаў галасаваць на выбары дэпутатаў. Там журналісты запыталіся ў яго пра саюз з Расеяй і далейшую інтэграцыю. Лукашэнка адказаў, што ад гандлю з Расеяй Беларусь страчвае 9 мільярдаў даляраў штогод.

2020 год. І зноў заявы пра «інкарпарацыю»

14 лютага 2020 году Лукашэнка рэзка крытыкуе Расею за ўмовы інтэграцыі.

У кіраўніцтве Расеі намякаюць на далучэньне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энэрганосьбіты, заявіў Аляксандар Лукашэнка 14 лютага падчас паездкі ў Сьветлагорск.

«Яны разумеюць інтэграцыю як паглынаньне Беларусі. Гэта не інтэграцыя! Гэта інкарпарацыя! На гэта я ніколі не пайду», — сказаў тады Лукашэнка.

2021. Аднаўленьне размоваў пра інтэграцыю

У лютым пра інтэграцыю выказаўся намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.

«Што тычыцца інтэграцыйных працэсаў, я зыходжу з таго, што ў нас агульная пазыцыя, што інтэграцыя ўзаемна карысная. Нам трэба інтэгравацца шчыльней, рэалізоўваць увесь патэнцыял саюзнай дамовы», — сказаў тады Мядзьведзеў.

У красавіку амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка заявіў, што «падпісаньне „дарожных мапаў“ інтэграцыі можа адбыцца ў верасьні-кастрычніку».

Тады ж стала вядома пра зьмяншэньне колькасьці інтэграцыйных «мапаў»: іх стала 28, а раней было 31. Што ў гэтых «дарожных мапах», грамадзкасьці ні ў Беларусі, ні ў Расеі не вядома.

У траўні Лукашэнка мякка выказаўся пра інтэграцыю:

«Сьвет зьмяніўся, ідыётаў няма сёньня сярод нас, каб каляніяльным чынам занявольваць дружалюбныя дзяржавы. Гэта немагчыма сёньня. Любая спроба паглынуць дзяржаву ці нейкай сілай аб’яднаць, далучыць, выкліча страшны адпор у гэтай дзяржаве», — сказаў тады Лукашэнка.

9 верасьня Лукашэнка і Пуцін маюць сустрэцца ў Маскве. Раней яны сустракаліся ў ліпені ў Санкт-Пецярбургу, нейкіх канкрэтных заяваў наконт інтэграцыі пасьля гэтага не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG