У чым сутнасьць новай беларуска-расейскай нафтавай угоды? Чаму Масква пайшла на саступкі, калі яна сапраўды на іх пайшла? Якія пэрспэктывы паглыбленьня інтэграцыі дзьвюх дзяржаваў? Ці адновяцца ў сакавіку ранейшыя стасункі Беларусі і Расеі ў нафтавай сфэры?
На гэтыя пытаньні Свабода папрасіла адказаць намесьніка галоўнага рэдактара расейскай газэты «Коммерсант» Дзьмітрыя Бутрына. У Беларусі ён шырока вядомы як аўтар леташняга артыкулу пра зьмест праекту новай інтэграцыйнай праграмы.
Сьцісла:
- На ўзроўні міністраў энэргетыкі і віцэ-прэмʼераў пачынаюцца перамовы наконт інтэрпрэтацыі таго, пра што ж дамовіліся наверсе
- У новага ўраду я пакуль ня бачыў ніякіх сьлядоў інтарэсу да інтэграцыйных «мапаў»
- Вельмі важным чыньнікам быў сымбалічны кантакт Беларусі і ЗША, для расейскай улады гэта была «чырвоная ануча»
- За апошнія 5 гадоў у Расеі забылі, навошта ЭАЭС і для чаго ён будаваўся
- Ня бачу сыгналаў таго, што гэтыя дамоўленасьці канчатковыя
Два «паверхі» расейскай улады
— У пятніцу стала вядома, што Менск і Масква дасягнулі нейкай дамоўленасьці ў нафтавай праблеме. Але зьмест паведамленьняў розны, часам вельмі супярэчлівы.
Аляксандар Лукашэнка расказаў пра тэлефонную гутарку з Уладзімірам Пуціным, пры гэтым аднаму суразмоўцу ён сказаў, што Беларусь атрымае кампэнсацыю ў памеры 300 мільёнаў даляраў, іншаму — у 430 мільёнаў. Міністар энэргетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што кампэнсацыя Беларусі прапануецца за кошт зьніжэньня прэміяў да цаны — на $ 2 за тону кожны год, што за год складзе 48 мільёнаў даляраў.
Лукашэнка, апавядаючы пра сваю гутарку з Пуціным, сказаў, што кампэнсацыя будзе коштам расейскіх кампаніяў.
А прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што расейскія ўлады не зьбіраюцца накідаць расейскім нафтавым кампаніям нявыгадныя ўмовы.
Як можна зразумець клубок гэтых тлумачэньняў? Пра кампэнсацыю ў якім памеры дамовіліся — 48, 300 ці 430 мільёнаў даляраў? Кампэнсацыя мяркуецца за кошт прэміяў, прызначаных кампаніям, але пры гэтым ім расейская ўлада нічога не навязвае? Дык пра што бакі дамовіліся?
— Сапраўды, заявы супярэчаць адна адной. І калі Лукашэнка называе нейкую лічбу, ён, хутчэй за ўсё, называе лічбу, якая апошняй засталася ў яго памяці і якая служыць зараз прадметам яго развагаў.
Калі мы гаворым пра перамовы Пуціна і Лукашэнкі, трэба разумець, што мы гаворым пра першы «паверх» перамоваў. Але ёсьць яшчэ і «нулявы» паверх, на які гэта ўсё потым спускаецца і гэта ператвараецца ў лічбы. Лічбы на розных паверхах азначаюць рознае.
Я патлумачу, як гэта адбывалася некалькі гадоў таму і наагул на працягу многіх гадоў.
Ёсьць палітычны ўзровень. Гэта Пуцін і літаральна яшчэ некалькі чалавек. На гэтым узроўні развагі адначасна і пра эканоміку, і пра палітыку, і пра геапалітыку. I пра вайну. І там апэруюць такімі лічбамі, як стан платнага балянсу, стан валюты, вайсковыя пастаўкі. І гэта адны лічбы.
І потым гэтыя лічбы спускаюць уніз, на ўзровень міністраў энэргетыкі, міжурадавых камісіяў, віцэ-прэмʼераў. Тыя, зразумела, хапаюцца за галаву.
Бо гэтыя лічбы — ня ў іхнай лёгіцы, яны некамэрцыйныя. І на гэтым узроўні пачынаюцца перамовы наконт інтэрпрэтацыі таго, пра што ж дамовіліся наверсе.
Вось 300 мільёнаў даляраў кампэнсацыі Беларусі ад падвышэньня цэнаў на нафту — гэта адзін аргумэнт. Я ўяўляю сабе, як Лукашэнка сказаў Пуціну: мы губляем на гэтым 300 мільёнаў, той адказаў — ну давайце паглядзім, што можна зрабіць.
А ўнізе не апэруюць такімі катэгорыямі, як 300 мільёнаў стратаў Беларусі. Там апэруюць паняцьцем «экспартны парытэт». Я ўпэўнены, што гэтае паняцьце нават не ўжывалася ў гутарцы Пуціна і Лукашэнкі, гэта даволі складаная канцэпцыя.
І там шмат аспэктаў. Адзін зь іх — гэта, скажам, магчымасьць куплі пакету акцыяў Мазырскага НПЗ «Роснефтью» Ігара Сечына.
Сечын у гэтым сэнсе даволі ўнікальная асоба. Ён у прынцыпе чалавек зь ніжняга «паверху», але здольны гаварыць і на верхнім. Таму Пуцін яго да Лукашэнкі і паслаў. І ён умее перакладаць з адной мовы на другую, каб гэта зразумеў Лукашэнка.
Ці атрымалася гэта? Гледзячы па ўсім, атрымалася.
Я зараз не казаў бы пра дакладныя лічбы кампэнсацыі. Насамрэч на верхнім «паверсе» лічбы не абмяркоўваюцца, там абмяркоўваецца ўрэгуляваньне на агульнапалітычным узроўні. А на ніжнім «паверсе» сытуацыя такая, што расейскія нафтавыя кампаніі з камэрцыйных матываў ня хочуць пастаўляць у Беларусь нафту па цэнах, па якіх яе хацела б купляць Беларусь.
Пуцін у прынцыпе можа іх прымусіць. Але гэта будзе яму дорага каштаваць, давядзецца ісьці на шматлікія саступкі гэтым кампаніям унутры краіны — даваць нейкія падатковыя зьніжкі, ільготы, прэфэрэнцыі.
Наверсе ідуць перамовы, што Расея павінна неяк пагасіць напружаньне, створанае расейскім падатковым манэўрам. А на ніжнім узроўні гаворка ідзе пра тое, каб расейскія кампаніі страцілі менш прыбытку, а беларускія атрымалі хоць якія гарантыі паставак.
Паглыбленьне інтэграцыі — накручаная бомба
— Дзьмітрый, вас у Беларусі многія ведаюць як аўтара артыкулу аб праекце праграмы паглыбленьня інтэграцыі. Гэтай тэмай у пэўным сэнсе жылі прынамсі палітычныя эліты дзьвюх краінаў увесь мінулы год. Было шмат перамоваў, на іх кожны раз называлася колькасьць «дарожных мапаў», ужо ўзгодненых. У канцы году Дзьмітрый Мядзьведзеў і Лукашэнка паведамілі пра наяўнасьць патаемнай 31-й «мапы», дзе ёсьць ужо і наддзяржаўныя органы, і палітычная інтэграцыя.
І вось Лукашэнка і Пуцін 7 лютага сустракаюцца ў Сочы, і пра вынікі іх сустрэчы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Козак гаворыць холадна і коратка: бакі працягнуць перамовы наконт інтэграцыі. Перад гэтым у Расеі пачалася канстытуцыйная рэформа, у межах якой Пуціну для працягу паўнамоцтваў ужо не патрэбная «Расея +», утвораная шляхам далучэньня Беларусі.
Козак сказаў: мы працягваем дыялёг аб інтэграцыі. Дык ён ужо 25 гадоў працягваецца. І яшчэ 25 можна працягвацца. Яго словы, вынік Сочы — гэта кропка, канец? Ці гэта бомба з таймэрам?
— У новага ўраду я пакуль ня бачыў ніякіх сьлядоў інтарэсу да інтэграцыйных «мапаў».
Да іх рукі пакуль не дайшлі. Чалавек, які павінен ва ўрадзе займацца гэтым пытаньнем — новы. Гэта віцэ-прэмʼер Аляксей Авярчук. Яго паўнамоцтвы пакуль пэўна ня вызначаныя.
Магчыма, гэты блёк ураду вядзе нейкія кансультацыі зь беларускім урадам.
Відавочна, што не атрымалася таго, што было прадугледжана першасным графікам. Меркавалася, што ў сьнежні 2019 году праграма будзе падпісаная. Яна не была падпісаная — значыць, мы сыходзім у доўгія перамовы, паглядзім, калі гэта аднавіць. Мяркую, што Козак гэта і меў на ўвазе.
Гэта больш падобна на вашае апісаньне накручанай бомбы (калі разглядаць інтэграцыю як бомбу).
Я не магу сказаць, што канстытуцыйная рэформа ў РФ была такой ужо выразнай альтэрнатывай інтэграцыі зь Беларусьсю. Гэта паралельныя сюжэты. Магчыма, у некага ў галаве яны і ўвязваліся, магчыма, у Пуціна. Але я не назіраю пацьверджаньня жорсткай дылемы: альбо мы інтэгруемся зь Беларусьсю альбо мы робім канстытуцыйную рэформу.
Гэта выглядала б лягічна, я не кажу, што гэтага няма, я кажу, што я пра гэта ня ведаю. Трэба пачакаць, калі новы ўрад пэўна абвесьціць, што і як ён зьбіраецца рабіць. Пакуль гэта ня будзе зроблена, ніякіх пэўных перамоваў на ніжнім узроўні ня будзе.
А на вышэйшым, палітычным узроўні мы бачым узаемнае заспакойваньне. Насамрэч Лукашэнка неагрэсіўна сябе паводзіць зараз. З майго гледзішча, у такой сытуацыі ён павінен быў паводзіць сябе больш грозна.
Чаму Масква саступіла? Калі сапраўды саступіла
— Саступку Масквы ў нафтавым канфлікце (калі яна ўвогуле была) экспэрты ў Менску тлумачаць па-рознаму.
Тлумачэньне 1: Лукашэнка не паддаўся ціску рэзкім скарачэньнем паставак нафты, дамаўляўся аб альтэрнатыўных пастаўках, нават пагражаў адпампоўваць транзытную нафту паводле патрэбаў — і сілай волі, характару, прымусіў Маскву адступіць.
Тлумачэньне 2: Масква не хацела дэстабілізацыі Беларусі зь непрадказальнымі наступствамі, у тым ліку і палітычнымі. Маўляў, у Беларусі у студзені ўжо упаў ВУП на 2%, будзе Майдан, Лукашэнку скінуць, прыйдуць да ўлады нацыяналісты, «бандэраўцы» — ці трэба гэта Маскве?
Тлумачэньне 3: Лукашэнка нібыта паабяцаў Сечыну прадаць «Роснефти» пакет акцый Мазырскага НПЗ. Іншымі словамі, танная нафта ў абмен на актывы.
А якое Ваша тлумачэньне?
— Ня буду хлусіць, дакладна я ня ведаю. Зь пералічаных вамі варыянтаў ня веру ў другі — што Масква баіцца выклікаць Майдан. Варта сказаць, што ў Расеі не існуе сурʼёзных інструмэнтаў вымярэньня настрояў у Беларусі. У нас няма спэцыялістаў, якія паглядзелі б і сказалі — у нашага партнэра заўтра будзе рэвалюцыя. Гэта можа і абмяркоўваецца ў палітычных колах, але прычына — ня гэтая.
У трэці варыянт — у пакупку акцыяў Мазырскага НПЗ ці нафтаправодаў — я веру слаба.
На мой погляд, вельмі важным чыньнікам быў сымбалічны кантакт Беларусі і ЗША. Для расейскай улады гэта была «чырвоная ануча». Мяркую, што апошнімі тыднямі ўся моц расейскіх аналітычных структураў была кінутая на вызначэньне, наколькі сурʼёзнай была амэрыканская прапанова. Высьветлілі, што несурʼёзнай. І вярнуліся да ранейшых адносінаў.
Што да альтэрнатыўных паставак — на працягу году Беларусь можа перайсьці на нерасейскую нафту. Але каб увесь час жыць на нерасейскай нафце, не на той, якая ідзе па «Дружбе», трэба радыкальна перабудаваць сваю эканоміку. У свой час гэта зрабіла Польшча.
Палякі гэта здолелі зрабіць. Але працэс патрабуе інвэстыцыяў, перабудовы эканомікі і бюджэту.
Я мяркую, што цяперашнія беларускія ўлады ня здольныя правесьці такую радыкальную перабудову.
Амэрыканская прапанова была запрашэньнем да гэтага. Расейскія аналітыкі ацанілі — гэта несурʼёзна, Беларусь гэтага ня зробіць. А тады варта дамаўляцца.
«Перабудова эканомікі ня тоесная адмове ад расейскай нафты, яна тоесная незалежнасьці»
— Я нядаўна паглядзеў лічбы Эўракамісіі наконт імпарту нафты ў ЭЗ у 2018 годзе. Паводле іх тады ў польскім нафтавым імпарце доля РФ складала каля 80%.
— Перабудова эканомікі ня тоесная адмове ад расейскай нафты, яна тоесная незалежнасьці. Вы можаце купляць расейскую нафту. Але гэта сытуацыя, калі нафту можна купляць у каго заўгодна — можна ў Савудаўскай Арабіі, можна ў Нарвэгіі, можна ў Азэрбайджану, можа ў тым ліку і ў Расеі.
І іншая сытуацыя, калі вы можаце атрымліваць нафту толькі з Расеі. У вас тады эканоміка збудаваная так, што альтэрнатывы вам нявыгадныя.
І Расея дзіўным чынам штурхала Беларусь да першага варыянту. Яна гаварыла Беларусі: вы для нас зьнешні рынак. І на ўзроўні кампаніяў гаварылася менавіта гэта. А на вышэйшым узроўні заяўлялася: да 2024 году мы завяршым падатковы манэўр, тады ў нас усё будзе адзінае, і нават дзяржава. Калі ласка, беларусы, не ператварайцеся ў экспартную эканоміку, ператварайцеся ў інтэграваную эканоміку.
Такое адчуваньне, што за апошнія 5 гадоў у Расеі забылі, навошта ЭАЭС і для чаго ён будаваўся. Лукашэнка мае рацыю ў крытыцы энэргетычнай палітыкі ЭАЭС. Незразумела, навошта энэргетычнаму сэктару гэты саюз, калі гэты сэктар лічыць эканомікі партнэраў па саюзу «зьнешнімі».
Так што прычына цяперашніх праблемаў — у розным, супрацьлеглым бачаньні розных «паверхаў» прыняцьця рашэньняў у РФ. Мне, дарэчы, цікава, наколькі маналітная ў гэтым сэнсе перамоўная пазыцыя беларускага боку. Нам, звонку, здаецца, што Лукашэнка валодае ўсёй эканомікай і ні ў кога больш няма ніякіх інтарэсаў.
Насамрэч гэта, магчыма, і ня так, наколькі я разумею, ён выдатна маніпулюе інтарэсамі сваіх гаспадарнікаў. А мо там і праўда ўсе проста надта паслухмяныя.
У нас вось ідуць размовы пра інтэграцыю зь Беларусьсю. Але пры гэтым мы ня вельмі добра разумеем беларускую эканоміку. Яна ўвесь час падкідае розныя сюрпрызы інтэгратарам. Калі ты хочаш зь нечым інтэгравацца, трэба разумець, як тое нешта збудаванае. А ў нас гэтага ня надта разумеюць.
Што будзе ў сакавіку і пасьля?
— Ну і, як той казаў, на чым сэрца супакоіцца? У студзені Беларусь атрымала 500 тыс тон нафты ад кампаніі Міхаіла Гуцэрыева і 86 тысяч тон нарвэскай нафты. У лютым кампанія Гуцэрыева паставіла 250 тысяч тон, зьявілася інфармацыя аб замове дастаўкі танкерамі 170 тысяч тон, пра паходжаньне якіх не паведамляецца. Ваш прагноз — што будзе ў сакавіку і ў наступныя месяцы?
Хто і колькі нафты будзе пастаўляць у Беларусь? Як раней — гранды расейскай нафтавай прамысловасьці, такія як «Раснафта», і сумарна прыкладна па 2 млн тон у месяц? І ўсе, а найперш — Лукашэнка, скажуць: мы перамаглі, мы атрымалі тое, за што пакутавалі і змагаліся.
Ці будзе працаваць схема двух «паверхаў», якую вы апісалі, і Лукашэнка скажа: Я ж з Пуціным пра ўсё дамовіўся, а падступныя расейскія ўрадоўцы ўсё перакруцілі, ня выканалі ўказаньне прэзыдэнта і ізноў нас абдурылі? І нафтавая «вайна» будзе толькі набіраць абароты?
— Я мяркую, што сытуацыя ў сакавіку супакоіцца. Цьвёрдай дамоўленасьці няма, ёсьць указаньне выйграць час, прынамсі, з расейскага боку, каб не адбывалася эскаляцыя сытуацыі. Сэнс указаньня — дамоўцеся пакуль пра сакавік.
Сытуацыя ізноў можа абвастрыцца нават у красавіку. Гэта замірэньне, гэтыя саступкі — не на год, а на месяц- два. А далей паглядзім. Ня бачу сыгналаў таго, што гэтыя дамоўленасьці канчатковыя.
Галоўнае пытаньне — ці быў загад зрабіць так, каб у Беларусі ў студзені ВУП упаў на 2%? Гэта наступствы блытаніны ці вынік рашэньня — давайце мы іх крышачку прыцісьнем? Я мяркую, што гэта ў большай ступені вынік блытаніны.
Хаця ня выключана, што ўсё ж было рашэньне — давайце мы зробім так, каб у іх там пачаў істотна падаць ВУП, а мы паглядзім, што яны будуць рабіць. У мяне няма пацьверджаньняў, што так было. Але калі было менавіта так, то дамоўленасьці Пуціна і Лукашэнкі 21 лютага ня значаць нічога.
Дамоўленасьці на год паводле завядзёнкі афармляліся заўсёды падчас асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, пасьля якой яны выходзілі і ўсьміхаліся. І да канца году ўсё было ў парадку.