Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што летась падчас інтэграцыйных перамоў Расея прапанавала перадаць 95% паўнамоцтваў беларускай улады на наднацыянальны ўзровень. Разьбіраемся, што гэта значыць.
«Я згадваю 13 лютага 2019 году, калі ў Сочы нам паклалі першую прапанову (ня буду называць аўтараў з расейскага боку). І калі мы паглядзелі і перадалі прэзыдэнту, прэзыдэнт запрасіў мяне, і я кажу: ну, гэта поўнае „рукі ўверх“ называецца», — сказаў амбасадар.
І прыгадаў інтэграцыю па сцэнары Эўрапейскага Зьвязу.
«Калі прааналізуеш функцыі нацыянальныя і наднацыянальныя, я налічыў толькі 18%, якія аддадзены былі на наднацыянальны ўзровень, астатнія функцыі заставаліся нацыянальнымі, — адзначыў ён. — А ў тым дакумэнце, які нам 13 лютага 2019 года прапанавалі, я налічыў 95% функцый наднацыянальных».
Папросту гэта значыць, што 95% паўнамоцтваў беларускай улады прапанавалася перадаць нейкаму сумеснаму з Расеяй органу.
Што хаваецца за словамі амбасадара Сямашкі
На думку кіраўніка Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсена Сівіцкага, словы Ўладзіміра Сямашкі «адпавядаюць рэчаіснасьці», а агучаныя яны былі, бо «Крэмль працягвае інтэграцыйны ціск на Лукашэнку».
«Ужо на пачатку гэтага году Лукашэнка адмовіўся ад інтэграцыйнага ўльтыматуму, які быў сфармуляваны Крамлём. Ён адкрыта назваў гэтыя спробы — прасунуць паглыбленую інтэграцыю — інкарпарацыяй і праглынаньнем Беларусі. Зараз, нягледзячы на адмову беларускага боку, гэты плян застаецца на парадку дня Крамля. Масква не адмаўляецца ад сваіх намераў. Уладзімер Сямашка зрабіў гэтую заяву адразу пасьля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, што і пацьвярджае той факт, што Крэмль не адмовіўся ад сваіх плянаў», — лічыць Арсен Сівіцкі.
Стварэньне «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі значыцца яшчэ ў дамове ад 1999 году, якую падпісаў Лукашэнка. Але там, паводле Сівіцкага, прапісваліся раўназначныя ўмовы.
«Крэмль нам навязвае тую мадэль інтэграцыі, якую Пуцін агучыў у 2000-х гадах. Тады ён казаў, што стварэньне „саюзнай дзяржавы“ можа праходзіць толькі ў выглядзе далучэньня Беларусі ў выглядзе суб’екта Расеі», — кажа Арсен Сівіцкі.
На думку Сівіцкага, Расея хоча стварыць «саюзную дзяржаву» толькі на падмурку сваёй Канстытуцыі і будзе ціснуць далей у гэтым напрамку, выкарыстоўваючы эканамічныя і палітычны рычагі.
Ці адпавядае прапанова Расеі беларускай Канстытуцыі
Доктар юрыдычных навук і былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў лічыць патэнцыйнае падпісаньне такой дамовы здрадай нацыянальным інтарэсам Беларусі.
«Гэта супярэчыць сувэрэнітэту, і гэта можна разглядаць як форму здрады нацыянальным інтарэсам. У Канстытуцыі замацоўваецца сувэрэнітэт, нельга ні эканамічны, ні палітычны, ні вайсковы сувэрэнітэт аддаваць. А тут адкрыта ідзе гандаль сувэрэнітэтам. Такія пытаньні проста не павінны вырашацца на міждзяржаўным узроўні.
Пытаньні, зьвязаныя з сувэрэнітэтам, ня могуць абмяркоўвацца на ніводным рэфэрэндуме. Сувэрэнітэтам нельга гандляваць ні на 5%, ні на 95%. Гэта кажа аб тым, што краіну хацелі проста закласьці ў лямбард», — падсумоўвае Міхаіл Пастухоў.
Перамовы аб інтэграцыі ішлі паміж Беларусьсю і Расеяй з канца 2018 году. У 2019 годзе, да 20-годзьдзя ўтварэньня «саюзнай дзяржавы», меліся падпісаць «дарожныя карты» па інтэграцыі. Што ў тых «дарожных картах», шырокай грамадзкасьці невядома.
Кулюарныя перамовы ўскалыхнулі людзей, у Менску прайшлі акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. У 2019 годзе Лукашэнка як мінімум 5 разоў казаў, што «інтэграцыя не закране сувэрэнітэт». Але ўчорашнія словы Ўладзімера Сямашкі гэтаму супярэчаць.
Юрыдычны падмурак для інтэграцыі з Расеяй — дакумэнт аб утварэньні «саюзнай дзяржавы», які Лукашэнка падпісаў у 1999 годзе яшчэ з Барысам Ельцыным.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»