Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў зьняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што кіраўнік ягонай дзяржавы на сустрэчы 9 верасьня ў Маскве будзе падпісваць з Аляксандрам Лукашэнкам афіцыйныя дакумэнты, яго цытуе ТАСС.
Раней пра будучае падпісаньне так званых «дарожных мапаў» гаварыў пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка. Аднак неўзабаве гэтыя словы абверглі.
Паводле Пяскова, Пуцін з Лукашэнкам абмяркуюць сытуацыю ў Афганістане, але асноўнай тэмай будуць двухбаковыя адносіны Расеі і Беларусі, прычым Пуцін ня будзе настойваць на прызнаньні афіцыйным Менскам паўвострава Крым расейскай тэрыторыяй.
Прэс-сакратар Пуціна ня мае інфармацыі аб тым, што на сустрэчах будуць падпісваць якія-кольвек дакумэнты, у тым ліку аб далейшай інтэграцыі дзяржаў. Пры гэтым тэма ўсё ж такі будзе закранацца.
«Кожны раз інтэграцыйныя працэсы становяцца адным з буйных пунктаў парадку дня двухбаковых кантактаў . Не сумняваюся, што гэтак будзе і цяпер, і што заўтра таксама інтэграцыйныя працэсы будуць абмяркоўвацца», — сказаў Пяскоў.
Пры гэтым ён параіў пачакаць, што скажуць Пуцін з Лукашэнкам на прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоў.