Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 31 жніўня: 2 гады «хатняй хіміі» за камэнтар пра памочніцу пракурора Касьянчык

абноўлена

Народны мэмарыял на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, архіўнае фота
Народны мэмарыял на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, архіўнае фота

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў і палітвязьняў. Свабода сочыць за падзеямі.

На пазоў Касьянчык пакаралі абмежаваньнем волі яшчэ адну мянчанку

Суд Першамайскага раёну Менску разгледзеў чарговую крымінальную справу паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу за абразу памочніцы пракурора Фрунзэнскага раёну Аліны Касьянчык.

31 жніўня судзьдзя Анастасія Ляйкоўская асудзіла 43-гадовую бугальтарку Юлію Куксу на 2 гады «хатняй хіміі» за абразьлівы камэнтар у адносінах да супрацоўніцы пракуратуры ў тэлеграм-чаце «Партызаны» пад паведамленьнем пра суд за надпіс «Не забудем! Не простим!» каля станцыі мэтро «Пушкінская».

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, летась 19 сьнежня Юлія Кукса, «маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады», выставіла Аліну Касьянчык у вачах грамадзкасьці ў зьняважлівым выглядзе. Паведамленьне яна пакінула пад асабістымі зьвесткамі памочніцы пракурора і інфармацыяй пра суд.

Паводле Юліі Куксы, яе цікавіла інфармацыя пра суды за надпіс «Не забудем! Не простим!» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, таму адзначыла, што 2 гады калёніі — занадта жорсткае пакараньне за такі ўчынак.

Жанчыну затрымалі 14 красавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК, калі яна ішла на працу.

Пацярпелая задавала шмат пытаньняў падчас працэсу:

  • чаму Юлія Кукса раней не папрасіла прабачэньня, а толькі на судзе;
  • чаму, ня маючы адпаведнай адукацыі, яна вырашыла, што гэта суровае пакараньне;
  • чаму аднагодка яе бацькоў магла так напісаць наогул.

На судзе яна заявіла, што ня лічыць, што Юлія Кукса раскаялася, бо прабачэньня тая папрасіла фармальна. У сваю чаргу, былі нанесеныя маральныя пакуты, падрыў яе аўтарытэту і ўсёй сыстэмы.

Абвінавачваная на судзе сказала, што наведвала ўсе нядзельныя Маршы пратэсту і засталася прыхільніцай Віктара Бабарыкі.

Судзьдзя падтрымала тэрмін, заяўлены дзяржабвінавачваньнем, і прызначыла мянчанцы два гады «хатняй хіміі». Таксама ў Юліі Куксы канфіскавалі тэлефон.

Раней за адмову здаваць Аліне Касьянчык кватэру асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» яшчэ адну жыхарку Менску — Вольгу Сінялёву.

Мастаку Алесю Пушкіну працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на тры месяцы

Паводле Белсату, гэтую навіну мастаку абвясьцілі ў карцэры жодзінскай сьледчай турмы.

Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Незадоўга да таго ён вярнуўся з Украіны, дзе браў удзел у вялікім мастакоўскім форуме, ужо ведаючы, што на радзіме стаў фігурантам крымінальнай справы паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці).

Як адзначыла горадзенская пракуратура, «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». За гэта пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Фармальнай падставай стаў партрэт падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні. Спачатку Алеся Пушкіна зьмясьцілі ў горадзенскі СІЗА, потым перавялі ў СІЗА № 1 Менску, а ў траўні перавезьлі ў сьледчую турму Жодзіна.

Менчука арыштавалі на 15 сутак за размову з амапаўцамі на Зыбіцкай

Сёньня каля 12:30 на Зыбіцкай вуліцы 38-гадовы Максім Пятровіч набываў ежу. Каля яго стаялі супрацоўнікі АМАПу ў службовай форме, зь якімі Максім вырашыў паразмаўляць. У выніку размова скончылася затрыманьнем Пятровіча, паведаміла «Вясна». Але пратакол па арт. 24.3 КаАП на мужчыну склалі за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС. Паводле пратаколу, Максім «быў затрыманы па падазрэньні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, адмовіўся выйсьці са службовага аўтамабіля, упіраўся, чым аказаў непадпарадкаваньне міліцыянту».

Праз тры гадзіны справу Максіма разглядзеў судзьдзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк. На пытаньне судзьдзі наконт меркаванай прычыны затрыманьня, мужчына адказаў: «Пакрыўдзіліся, напэўна. Можа, я ім ня тое што сказаў».

Судзьдзя Карсюк пакараў Максіма Пятровіча 15-сутачным арыштам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG