Судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Юлія Блізьнюк прызнала менчукоў Марыю Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка вінаватымі паводле ч. 2 артыкула 339 КК Рэспублікі Беларусь (хуліганства). Максіму Паўлюшчыку яна прысудзіла два гады калёніі агульнага рэжыму, Марыі Бабовіч – 1,5 года абмежаваньня волі, так званай «хатняй хіміі».
У тым жа судзе працягваецца разгляд справы Дзяніса Граханава, Ігара Самусенкі і Ўладзіслава Гуліса, якіх затрымалі неўзабаве пасьля Паўлюшчыка і Бабовіч.
Супраць Максіма Паўлюшчыка і Марыі Бабовіч завялі справу за хуліганства і наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, што пацягнула за сабой шкоду ў буйным памеры – паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218. На першым пасяджэньні суд адхіліў хадайніцтва абароны аб вызваленьні абвінавачаных з-пад варты, на працэсе яны сядзяць у клетцы пад аховай.
2 сьнежня дзяржабвінаваўца Аліна Касьянчык заявіла, што абвінавачаных неабходна часткова апраўдаць паводле ч. 2 арт. 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці). Аднак яна спаслалася на «хуліганскі матыў» у дзеяньнях падсудных.
Дзяржаўная абвінаваўца запатрабавала для Максіма Паўлюшчыка два гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Для Марыі Бабовіч – 1 год 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня, а меру стрыманьня ёй зьмяніць на падпіску аб нявыезьдзе і вызваліць у залі суду.
У апошнім слове Максім Паўлюшчык сказаў, што прызнае сваю віну і што пісаў на ходніку, ня думаючы, што за гэта будзе крымінальная адказнасьць. Паўлюшчык папрасіў судзьдзю даць яму шанец і прызначыць пакараньне ў выглядзе «хіміі». Марыя Бабовіч сказала, што не парушала парадку, і папрасіла не пазбаўляць і не абмяжоўваць яе свабоды, даць шанец стаць на правільны шлях.
Прадстаўніца «Гаррамаўтадару» на працэсе паведаміла, што прадпрыемства адмаўляецца ад пазову супраць Паўлюшчыка і Бабовіч у сувязі з тым, што на разьліковы рахунак «Гаррамаўтадару» з боку абвінавачаных паступілі грошы для кампэнсацыі заяўленай шкоды ў 211 рублёў. «Гаррамаўтадар» на першым пасяджэньні заявіў аб зьніжэньні сумы нанесенай шкоды з 7,5 тысячы да 211 рублёў.
Дзяржаўная абвінаваўца папрасіла суд прыцягнуць да адказнасьці «Гаррамаўтадар» за тое, што прадпрыемства не дало загадзя ў праваахоўныя органы зьвесткі аб удакладненьні сумы шкоды. Аднак прадстаўнікі «Гаррамаўтадара» падчас працэсу заявілі, што не атрымлівалі ніякіх дакумэнтаў пра пачатак крымінальнай справы.
Яшчэ адзін працэс за надпіс «Не забудзем»
У Фрунзенскім судзе працягваецца працэс над палітвязьнямі – 42-гадовым бармэнам Дзянісам Граханавым, 25-гадовым адміністратарам велапракату Ігарам Самусенкам і 25-гадовым аўтамыйнікам Уладзіславам Гулісам. Іх затрымалі неўзабаве пасьля Паўлюшчыка і Бабовіч.
Іх таксама абвінавачваюць паводле двух крымінальных артыкулаў – ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218. На першым пасяджэньні «Гаррамаўтадар» зьнізіў суму нанесенай шкоды да 255 руб 99 капеек (раней было 10 182 рублі 52 капейкі). Суд адхіліў хадайніцтва абароны аб зьмене меры стрыманьня на любую іншую, апроч утрыманьня пад вартай. Абвінавачаныя ў залі суду сядзяць у клетцы пад аховай.
Падчас пратэстаў 10 жніўня каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў Аляксандар Тарайкоўскі.
На месцы гібелі зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Крымінальнай справы па факце сьмерці Тарайкоўскага дагэтуль няма.
Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам
10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.
Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.
Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.
Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.
У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма.
Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам
11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.
У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».
Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.
Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».