Генэральная пракуратура спыніла крымінальную справу супраць каманды беларускага «Прэс-клюбу»: Юліі Слуцкай, Пятра Слуцкага, Сяргея Альшэўскага і Алы Шарко.
Юлію Слуцкую абвінавачвалі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, а астатніх — у пасобніцтве ёй.
Паводле Генпракуратуры, «Прэс-клюб» неабгрунтавана карыстаўся спрошчанай схемай падаткаабкладаньня. Сьледчыя налічылі больш як 110 тысяч рублёў недаплачаных падаткаў.
Справу спынілі на той падставе, што абвінавачаныя прызналі віну, выплацілі налічаную ім шкоду і такую ж суму «крымінальна-прававой кампэнсацыі».
Сяброў «Прэс-клюбу» затрымалі 22 сьнежня 2020 году. На волю яны выйшлі 19 жніўня.
У інтэрвію Радыё Свабода Юлія Слуцкая расказала, што сябры «Прэс-клюбу» падпісалі прашэньне аб памілаваньні.
«Прызнаньне віны гучала наступным чынам: Мы рабілі івэнты, кансультаваліся зь юрыстам і бухгальтарам і лічылі, што не парушаем заканадаўства. Але, прачытаўшы акты, пабачылі, што гэта можа трактавацца і па-іншаму, таму сваю віну мы прызнаем».
«Я добра разумела, што будзе жорсткі судовы прысуд», — тлумачыла Юлія Слуцкая. — «Нам ня трэба было нікога агаворваць, акрамя сябе, і мы вырашылі, што гэта перажывем».
Што такое «Прэс-клюб»
«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».
«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».
«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».