Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, ордэнам Пашаны ўзнагародзілі супрацоўнікаў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, Міністэрства падаткаў і збораў, прадпрыемства «Беларуськалій», трактарыстаў-машыністаў ды іншых, пералік на сайце president.gov.by.
Вялікую групу работнікаў узнагародзілі мэдалём «За працоўныя заслугі» — супрацоўнікаў прадпрыемстваў «Беларуснафта», «Беллакт», «Галаграфічная індустрыя», малочнатаварнай фэрмы «Гальшаны», Дзятлаўскай сельгастэхнікі і г. д.
У ліку ўзнагароджаных мэдалём Францішка Скарыны чалец Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, экс-міністар інфармацыі, а цяпер зноў галоўны рэдактар выдавецкага дому «Звязда» Аляксандар Карлюкевіч. У міністэрства ён перайшоў якраз з пасады галоўнага рэдактара гэтай газэты, але калі на знак пратэсту супраць фальсыфікацый прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў вялікая група журналістаў летась абвясьціла страйк, яго адправілі назад.
Лукашэнка таксама падпісаў распараджэньне, у адпаведнасьці зь якім прэзыдэнцкая падзяка аб’яўлена шэрагу пракурорскiх работнiкаў «за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананьне службовых абавязкаў, высокія паказьнікі дзеля забесьпячэньня законнасьці, умацаваньня правапарадку і барацьбы са злачыннасьцю».
У іх ліку знгачыцца старшая памочніца пракурора Фрунзэнскага раёну Менску Аліна Касьянчык і намесьнік начальніка ўпраўленьня Генпракуратуры ў наглядзе за выкананьнем заканадаўства, правоў і свабодаў грамадзян Алег Аўдзей.
23-гадовая Касьянчык у гэтым пераліку аказалася ці не найбольш публічнай асобай. Яна падтрымлівала абвінавачаньне ў справе журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх пакаралі двума гадамі калёніі кожную за стрым з «плошчы Перамен», а таксама ў справе аб надпісе «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.
У сваю чаргу сама Касьянчык ня так даўно выступала ў якасьці пацярпелай у крымінальнай справе супраць жыхаркі Менску, якая папрасіла зьехаць маладую чыноўніцу са здымнай кватэры. Жанчыне прысудзілі два гады «хатняй хіміі» за «парушэньне раўнапраўя грамадзянаў».
За актыўнасьць на карысьць рэжыму сёлета ў чэрвені Касьянчык трапіла ў эўрапейскі санкцыйны сьпіс.