Уладальніца менскай кватэры прапанавала вядомай удзелам у палітычных прысудах Аліне Касьянчык зьехаць. Тая пагадзілася і, калі знайшла новае жыльлё, дамову на найманьне кватэры скасавалі пры згодзе бакоў. Аднак затым супраць Вольгі пачалі крымінальную справу паводле 190-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Парушэньне раўнапраўя грамадзян»).
Перад абвяшчэньнем прысуду судзьдзя забараніла весьці фота- і відэаздымку.
Вольгу Сінялёву суд прызнаў вінаватай «у наўмысным, прамым парушэньні правоў і свабодаў у залежнасьці ад службовага становішча, якое прычыніла істотную шкоду правам і свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна».
Вользе прысудзілі 2 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, без пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю.
Паводле прысуду, сярод рэчавых доказаў, якія захоўваюцца ў матэрыялах справы, ёсьць дыск з запісам тэлефоннай размовы Сінялёвай і Касьянчык, зьвесткі пра тэлефонныя злучэньні. Суд адмяніў арышт маёмасьці Вольгі Сінялёвай, але канфіскаваў яе тэлефон.
Вольга Сінялёва ня згодная з прысудам і будзе раіцца са сваёй адвакаткай наконт яго абскарджаньня. Вольга кажа, што суд быў закрытым і гэта не дазваляе ёй расказаць падрабязнасьці ўсёй справы.
«Я не лічу сябе вінаватай, мяне мусяць апраўдаць. Гэта нейкі абсурд, што маю волю абмяжоўваюць за такі выпадак, — сказала жанчына. — Падрабязьней я не магу сказаць. Гэта вельмі дзіўна, што частка майго жыцьця раптам стала засакрэчанай. Я нічога не магу сказаць людзям, як гэта ўсё было, ні слова ў сваё апраўданьне, пры тым, што пракуратура гэта можа публікаваць. А я не магу гэта аспрэчыць, і ніхто ня ведае, што там было папраўдзе. Проста нейкі абсурд».
Паводле Вольгі, не было ніякіх падстаў для пачатку гэтай справы, яна нічога не рабіла ні крымінальнага, ні нават адміністрацыйнага.
Вольгу зьдзівіла, што суд «на поўным сурʼёзе» разьбіраў гэту справу.
«Нейкія яшчэ свае ўражаньні я баюся гаварыць, бо асьцерагаюся, што яна (Касьянчык.— РС) будзе помсьціць мне яшчэ больш».
Вольга не выключала, што яе маглі нават пазбавіць волі, таму мела побач малакаадсос.
«Вядома, перажывала, бо калёнія для мяне магла быць сьмяротнай як для жанчыны, якая корміць грудное дзіця».
Вольга гаворыць пра падтрымку сяброў і сваякоў.
«Бацькі перажывалі. Бацька сказаў, што дачкой ён ганарыцца, хаця ён таксама ўсё ведаў збольшага з мэдыя».
«Справа заснавана толькі на помсьце»
Адвакат Андрэй Мачалаў спачатку браў удзел у працэсе, а потым стала вядома, што яго пазбавілі ліцэнзіі. Суд зрабіў перапынак, каб Вольга знайшла іншага адваката. Андрэй Мачалаў высьветліў, што яго пазбавілі ліцэнзіі за камэнтар «Белсату» па факце катаваньняў Вольгі Залатар. Аб выключэньні з калегіі яму адразу не паведамілі.
«У мяне па законе ёсьць адзін месяц для абскарджваньня рашэньня дысцыплінарнай камісіі. Але рада калегіі вырашыла не даваць мне такога шанцу на абскарджваньне і праз тры дні выключыла з калегіі, — кажа Андрэй Мачалаў. — Напэўна, нехта з кіраўніцтва калегіі пабачыў мяне ў навінах. Яны ведалі, а я ня ведаў, што рада мяне выключыла з калегіі. Яны даслалі факс у суд, што я ўжо не адвакат».
Як ён ставіцца да крымінальнай справы, пачатай супраць Вольгі Сінялёвай?
«Гэта справа была б вельмі сьмешная, калі б маладая жанчына не атрымала рэальны крымінальны тэрмін. Я вельмі сьмяяўся б, калі б быў невялікі штраф, — кажа Андрэй Мачалаў. — Але тое, што Вольга атрымала жорсткі прысуд, гэта ня сьмешна. Справа заснаваная толькі на помсьце канкрэтнай маладой дзяўчыны Касьянчык, якая, відаць, выкарыстоўвае ўсе свае паўнамоцтвы, проста помсьціць любому чалавеку, які неяк не падабаецца. Больш ніякага рацыянальнага сэнсу ў гэтай справе няма, тут няма складу злачынства».