Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа не ў шантажы». Абвінаваўца Аліна Касьянчык адказала аднаклясьнікам на публікацыю «Свабоды»


Дзяржаўны абвінаваўца Аліна Касьянчык падчас працэсу над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай
Дзяржаўны абвінаваўца Аліна Касьянчык падчас працэсу над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай

Памочніца пракурора Фрунзенскага раёну Менску Аліна Касьянчык, якая выступала дзяржаўным абвінаваўцам па гучных палітычных працэсах, патлумачыла свае дзеяньні былым аднаклясьнікам зь Ліцэю БДУ.

Коратка пра Аліну Касьянчык

  • Памочніцы пракурора Аліне Касьянчык 22 гады.
  • Паходзіць зь вёскі Крукавічы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці.
  • У 2013–2015 гадах вучылася ў Ліцэі БДУ, паступіўшы туды без іспытаў як прызэр рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.
  • Куратарам Аліны Касьянчык на разьмеркаваньні быў начальнік аддзелу грамадзкага абвінавачваньня Генпракуратуры Эльдар Сафараў, які ў 2010 годзе вёў справу палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, а летась у кастрычніку звольніўся праз падзеі лета-восені 2020-га.
  • Паводле абвінавачаньняў Аліны Касьянчык 26-гадовага Рыгора Давыдава пакаралі 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму за тры кідкі неўстаноўленым прадметам у бок праезнай часткі і спэцтранспарту каля ГЦ «Рыга». Як доказ Аліна Касьянчык прад’явіла відэа, на якім немагчыма вызначыць асобу, пацярпелых у справе няма.
  • Менавіта паводле яе абвінавачаньняў на 2 гады калёніі агульнага рэжыму асудзілі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія вялі стрым з разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі на «плошчы Пераменаў».
  • Таксама менавіта Аліна Касьянчык выступіла абвінаваўцам у справе надпісу «Не забудем» непадалёк ад месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Як вынік, 26-гадовага Максіма Паўлюшчыка пакаралі 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму, а 25-гадовай Марыі Бабовіч прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі».
  • Да таго ж, паводле абвінавачаньня Аліны Касьянчык у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на паўтара года адправілі 19-гадовага Ільлю Тананку — за надпіс «Балаба забойца», нанесены асадкай у доме камандзіра менскага АМАП.

Паводле аднаклясьнікаў, пасьля публікацыі Радыё Свабода Аліна Касьянчык перарвала сваё шматмесячнае маўчаньне і адказала ім у агульны чат. Прыводзім яе допіс:

Не, справа ні ў якім не шантажы і ня ў ціску, гэта мой усьвядомлены выбар, абмяркоўваць які я не лічу неабходным.

«Не, справа ні ў якім не шантажы і ня ў ціску, гэта мой усьвядомлены выбар, абмяркоўваць які я не лічу неабходным. Даваць які-небудзь падрабязны камэнтар ня бачу сэнсу. Наталіць нечую цікаўнасьць і назіраць потым вырваныя з кантэксту фразы, якія будуць абмяркоўвацца «экспэртамі» ў галіне юрыспрудэнцыі? Пераконваць некага ў сваёй рацыі альбо заклікаць не рабіць высноваў пра законнасьць прыняцьця кожнага канкрэтнага рашэньня, толькі начытаўшыся артыкулаў у мэдыя, я ня буду, як і ня буду пераконваць вас, што я засталася ўсё той жа самай Алінай, якую вы ведалі 6 гадоў таму і пра якую сказалі, на мой погляд, дастаткова добрых словаў, за што я шчыра ўдзячная.

У кожнага з вас свае погляды і перакананьні, калі яны не супадаюць з маімі, вам застаецца толькі расчаравацца ўва мне (што, уласна, ужо адбылося) і прыняць факт».

Ігар Ільяш: «Банальнасьць зла»

Журналіст тэлеканалу «Белсат» Ігар Ільяш, муж палітзьняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, якую асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму паводле абвінавачаньня Аліны Касьянчык, пракамэнтаваў яе адказ аднаклясьнікам:

Журналіст Ігар Ільяш пасьля 15 сутак арышту. 9 сьнежня 2020, фота: Белсат
Журналіст Ігар Ільяш пасьля 15 сутак арышту. 9 сьнежня 2020, фота: Белсат

«Відавочна, што Аліна Касьянчык хацела так сфармуляваць свой камэнтар, каб не сказаць нічога лішняга... Але ў апошнім сказе раптам прагаварыліся. «У кожнага з вас свае погляды і перакананьні, калі яны не супадаюць з маімі»... Аліна, калі пытаньне вырашаецца ў плоскасьці права, то «погляды і перакананьні» людзей ня маюць значэньня. Права і закон (калі яны сапраўды існуюць, а не зьяўляюцца толькі шырмай для палітычнага тэрору) ня могуць быць за Лукашэнку або супраць яго. Ня могуць быць за «стабільнасьць» або за перамены.

Права і закон – гэта аб'ектыўная зьява, нэўтральная па сваёй сутнасьці. А вось калі вы вырашаеце кінуць у турму двух невінаватых людзей, кінуць іх за краты толькі за тое, што яны журналісты — вось гэта сапраўды непасрэдна зьвязана з поглядамі і перакананьнямі.

У нейкі момант вы вырашылі, што мэта апраўдвае сродкі. Што кідаць за краты невінаватых людзей можна дзеля таго, каб... Ня ведаю, як вы сябе там апраўдваеце? Карыстаецеся прапагандысцкім штампам: каб не было «як ва Ўкраіне»? Або шчыра: каб зрабіць кар’еру ў пракуратуры? Я асабіста думаю, што вы выкарыстоўваеце нейкі сымбіёз гэтых апраўданьняў. Ваш выпадак наўрад ці істотна адрозьніваецца ад выпадку сьледчых Курыловіча і Кудзелі, адкрыты ліст да якіх я пісаў у студзені. Банальнасьць зла.

І, калі ласка, толькі не кажыце пра «юрыспрудэнцыю» і пра высновы на падставе «артыкулаў у мэдыя» – не рабіце вы дурняў зь сяброў.

Тэкст выраку ёсьць у адкрытым доступе. Любы, хто мае крытычнае мысьленьне, можа азнаёміцца з гэтымі матэрыяламі і прыйсьці да высновы, што абвінавачаньне было сфабрыкаванае. Ня трэба быць юрыстам, каб зразумець, што фразы «бачым, што частка людзей перакрылі дарогу» або «паглядзіце вось на гэтых сьмелых хлапцоў» — гэта не злачынства. Пры дапамозе гэтых словаў немагчыма кіраваць нават выдуманымі беспарадкамі. Гэта проста журналісцкі рэпартаж.

Вы кажаце, што гэта «ваш сьвядомы выбар». Але даруйце. Усім вядома, што ўстаноўка максымальна жорстка караць «палітычных» — гэта загад Андрэя Шведа. Няўжо, калі б генпракурор вас арыентаваў на спыненьне перасьледу, вы б бунтавалі і дабіваліся для абвінавачваных зьняволеньня? Можа, ваш «сьвядомы выбар» — гэта проста выконваць любы загад кіраўніцтва? Ну, што ж, бывае і так. Але калі гэта вашае глыбокае перакананьне, то перастаньце крывадушнічаць.

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе, 18 лютага 2021 году
Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе, 18 лютага 2021 году

Скажыце сябрам і ўсяму грамадзтву шчыра: так, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова невінаватыя, я зьдзейсьніла злачынства супраць правасудзьдзя. Але яны мусяць сядзець у турме, бо цяпер такая «генэральная лінія» кіраўніцтва дзяржавы. Яны мусяць два гады правесьці ў калёніі, бо для цяперашняй улады гэта шкодныя людзі, і я цалкам згодная з гэтым. Скажыце так, і тады вашыя словы пра «погляды і перакананьні» набудуць сэнс.

Сапраўды, погляды ж бываюць розныя: у Роланда Фрайсьлера былі адны, у Ганса і Сафі Шоль — іншыя. Як вы слушна заўважылі: варта проста прыняць гэта як факт».

(Даведка РС: Роланд Фрайсьлер (ням. Roland Freisler) — у 1934–1942 дзяржаўны сакратар Міністэрства юстыцыі, а з 1942 па 1945 — старшыня Народнай судовай палаты ў ІІІ Райху. Дастасоўваў заканадаўства да нацысцкае ідэалёгіі. Як судзьдзя правёў больш за 1200 палітычных працэсаў, у тым ліку асудзіў да пакараньня гільятынай cтудэнтаў, чальцоў групы «Белая ружа» брата ды сястру Ганса і Сафі Шоль (ням​. Hans Scholl, Sophie Scholl​), якія раскідалі ўлёткі з заклікамі да негвалтоўнага супраціву злачыннаму рэжыму).

«Каця ў добрым эмацыйным стане»

Таксама ў камэнтары «Свабодзе» Ігар Ільяш расказаў пра самапачуцьцё сваёй жонкі Кацярыны Андрэевай пасьля выраку.

«Каця ў добрым эмацыйным стане. У сваім лісьце, напісаным ужо пасьля прысуду,

Каця піша, што вельмі зьдзіўленая тым, што ў некаторых людзей на волі яе прысуд выклікаў апатыю і дэпрэсію. Сама Каця вырак успрыняла спакойна, яна не баіцца гэтага тэрміну і ўпэўненая, што ўсё зможа пераадолець. Таксама ў сваім лісьце яна адмыслова даслала мне некалькі цытатаў з кнігі Салжаніцына «Ў крузе першым», якія, паводле яе словаў, добра ілюструюць яе цяперашні стан духу. Напрыклад, была такая: «Што даражэй за ўсё ў сьвеце? Аказваецца, усьведамляць, што ты ня ўдзельнічаеш у несправядлівасьцях». Думаю, менавіта перакананасьць у тым, што на яе баку праўда і яна ўсё робіць правільна, і дапамагае Кацярыне так мужна трымацца за кратамі».

У мінулую пятніцу, 26 лютага, адвакаты палітзьняволеных Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай падалі апэляцыю ў Менскі гарадзкі суд. Абаронца Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі ў сваім допісе ў фэйсбуку падрабязна патлумачыў асноўныя тэзісы абароны. Сярод іншага, адвакат зьвяртае ўвагу, што падзеі 15 лістапада 2020 году нельга назваць дзеяньнямі, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Абаронца зазначае, што суд не ўстанавіў фактаў непадпарадкаваньня законным прадстаўнікам уладаў, а таксама таго, што менавіта дзеяньні ўдзельнікаў акцыі пратэсту прывялі да спыненьня працы транспарту. Таксама экспэртызы лінгвіста і псыхоляга ня выявілі ў выказваньнях журналістаў на працягу ўсяго стрыму ніякіх прыкметаў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Дадаткова абарона задае пытаньне, як Кацярына і Дар'я, трымаючы ў руках мікрафон і камэру, маглі, паводле прысуду, публічна выкрыкваць лёзунгі і пляскаць у далоні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG