На фота чатыры гарадзенцы стаяць на каленях на плошчы Леніна ў Горадні. У руках яны трымаюць партрэты маленькай дзяўчынкі Юлі. Над імі стаяць супрацоўнікі ДАІ. Здымак зроблены 12 жніўня 2020 году.
Напярэдадні позна ўвечары падчас пратэстаў у Горадні адбылася аварыя з удзелам вайсковай машыны «Тыгр» і аўтамабіля «Фольксваген Пасат» сям’і Чаравухаў. Невядомыя таксама ўдарылі ў пярэднюю шыбу «Фольксвагена» дручком. На заднім сядзеньні легкавіка знаходзілася 5-гадовая Юля. Пасьля сутыкненьня са спэцтранспартам шкло пасыпалася ў салён і параніла дзяўчынцы твар, яна была залітая крывёй. «Мама, я не хачу паміраць», — сказала дзіця маці пасьля аварыі.
На наступны дзень на акцыю супраць гвалту ў цэнтар гораду выйшлі праграмісты. Першым да будынку гарвыканкаму прыйшоў Аляксей Путрыч і стаў на калені з партрэтам дзяўчынкі і надпісам: «Трэба кроў — бярыце маю. Не чапайце дзяцей». Яго адразу затрымалі і моцна пабілі. Мужчына апынуўся ў шпіталі.
Сьледам за ім на плошчу прыйшлі яшчэ чатыры айцішнікі, якія і трапілі на фота. Яны яшчэ ня ведалі пра затрыманьне калегі. Спачатку да іх падышлі супрацоўнікі ДАІ, якія звычайна дзяжураць каля аблвыканкаму. Празь нейкі час пад’ехаў танаваны бус і невядомыя забралі ўсю чацьвёрку. У мікрааўтобусе, а пазьней у РАУС мужчын моцна білі, пыталіся, колькі ім заплацілі за акцыю.
Што зьмянілася праз год
Праграміст Уладзімер Родчанка заплаціў за тую акцыю 675 рублёў штрафу. Два месяцы ён хадзіў у гіпсе з паламанай нагой. Псыхічна, кажа, аднаўляецца дагэтуль.
Уладзімер зьехаў зь Беларусі ў лютым 2021 году пасьля свайго трэцяга затрыманьня. Ён зразумеў, што калі застанецца ў Беларусі, могуць пачацца больш сур’ёзныя праблемы ў яго і ягонага атачэньня.
Цяпер ён жыве ў Польшчы ў горадзе Лодзь. Працягвае працаваць у IT-сфэры.
«Вельмі б хацелася сказаць, што я пераехаў у Польшчу бамжаваць, зьбіраць трускаўкі, але я далей працую праграмістам», — іранізуе гарадзенец.
На пытаньні пра сям’ю і калегаў ён ня хоча адказваць з мэтаў бясьпекі.
Разам з Уладзімерам у Польшчу пераехаў ягоны славуты чырвоны Tiguan, на якім мужчына езьдзіў па Горадні з двума бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Аўтамабіль некалькі месяцаў стаяў арыштаваны на тэрыторыі Ленінскага РАУС Горадні. Цяпер ён езьдзіць па Польшчы з такімі самымі сьцягамі. Бярэ ўдзел у акцыях салідарнасьці зь Беларусьсю ў Польшчы.
Уладзімер хоча аднойчы вярнуцца ў Беларусь, але прызнаецца, што чым даўжэй будзе жыць у іншай краіне, тым цяжэй потым будзе пераяжджаць.
Дзяўчынцы Юлі Ч., чый партрэт трымалі гарадзенцы, цяпер 6 гадоў. У верасьні яна пойдзе ў першую клясу. Яе на наступны дзень выпусьцілі са шпіталя разам з мамай. Ейнага бацьку пасьля аварыі ўдарылі дручком па галаве людзі ў масках, усю ноч яго дапытвалі, але пад раніцу таксама адпусьцілі без наступстваў. Сям’я па-ранейшаму жыве ў Горадні і вярнулася да свайго звычайнага жыцьця. Вечар 11 жніўня ў сям’і стараюцца не ўспамінаць. Ад разгорнутых камэнтароў бацькі Юлі ўстрымліваюцца.
Імёны астатніх трох праграмістаў са здымка не апублічваліся з самага пачатку. Мужчыны пасьлядоўна адмаўляюцца ад інтэрвію з мэтаў бясьпекі сваёй і блізкіх. Вядома, што яны знаходзяцца на волі.
Што цяпер з двума супрацоўнікамі ДАІ, невядома.