Сьцісла
- Расейскі палітоляг Фёдар Лук’янаў лічыць, што гарантыяй захаваньня ляяльнасьці Беларусі зьяўляецца наяўнасьць на беларускай тэрыторыі вайсковай базы РФ.
- Расейскі аналітык адкідае гульню ў папулярную ў сёньняшнім сьвеце канцэпцыю «мяккай сілы».
- Вайсковая прысутнасьць не зьяўляецца гарантыяй залежнасьці ад той дзяржавы, якая паслала войскі.
- Рыторыка Лукашэнкі пра расейскую вайсковую дапамогу стварае спрыяльную сытуацыю для рэалізацыі ідэі Лук’янава.
Расейская палітычная кляса ўжо цягам году шукае адказ на пытаньне, што рабіць зь Беларусьсю. Дакладней, як утрымаць краіну ў расейскай арбіце ў пэрыяд палітычнага крызісу, у якім апынуўся саюзьнік?
Свой варыянт адказу прапанаваў галоўны рэдактар часопіса «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў у сваім артыкуле зь вельмі характэрнай назвай: «Што трэба зрабіць Маскве, каб прывязанасьць да яе Беларусі не залежала ад Лукашэнкі».
Фёдар Лук’янаў лічыць, што «трымаць „вонкавы контур“, гэта значыць задаваць рамкі для палітыкі краіны — важнага суседа», лепш за ўсё з дапамогай «расейскай вайсковай прысутнасьці», напрыклад вайсковай базы.
Нельга сказаць, што аўтар артыкулу тут вельмі арыгінальны. Ажыцьцяўляць кантроль над іншай краінай з дапамогай войскаў — практыка старая, як гэты сьвет. Яе выкарыстоўваюць з таго часу, як зьявіліся на зямлі дзяржаўныя ўтварэньні. За тысячы гадоў нічога новага чалавецтва не прыдумала.
Цікава, што Лук’янаў адкідае гульню ў папулярную ў сёньняшнім сьвеце канцэпцыю «мяккай сілы». Бо лічыць, што нават эканамічная прывязка не дае гарантыі геапалітычнай ляяльнасьці. Магчыма, справа тут у тым, што расейская «мяккая сіла» не зьяўляецца надта прывабнай у сьвеце.
Але варта заўважыць, што нават вайсковая прысутнасьць не зьяўляецца гарантыяй залежнасьці ці ляяльнасьці да той дзяржавы, якая паслала войскі. У гісторыі процьма прыкладаў, калі краіна набывала незалежнасьць насуперак акупантам. Вось жа прысутнасьць савецкіх войскаў у краінах Усходняй Эўропы не змагла перашкодзіць ім вызваліцца ад апекі СССР. Ці больш сьвежы прыклад: наяўнасьць расейскай вайскова-марской базы ў Севастопалі ня стала перашкодай у павароце Ўкраіны на Захад.
З другога боку, нішто не перашкодзіць Расеі ўвесьці свае войскі ў Беларусь у нейкі крытычны момант, нават калі тут і ня будзе расейскай вайсковай базы.
Гэта значыць, вайсковая прысутнасьць не панацэя геапалітычнай ляяльнасьці. Зь іншага боку, такая прысутнасьць — гэта заўсёды раздражняльны чыньнік для любой краіны, на тэрыторыі якой знаходзяцца замежныя войскі. Бо гэта найбольш заўважная прыкмета абмежаваньня сувэрэнітэту.
Вось якраз з гледзішча захаваньня сувэрэнітэту Беларусі прапанова Лук’янава даволі небясьпечная. І тое, што Лукашэнка, паўтараючы мантру пра непарушнасьць незалежнасьці, пачаў гуляць у гэтую гульню, стварае спрыяльную сытуацыю для рэалізацыі згаданай ідэі.
Нагадаю, што у момант піку масавых пратэстаў мінулага году Лукашэнка прасіў Пуціна ўвесьці на тэрыторыю Беларусі расейскія вайсковыя падразьдзяленьні. Прэзыдэнт РФ даў загад падрыхтаваць неабходную рэзэрву Расгвардыі.
Шматлікія беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі таксама прывучаюць грамадзкую думку да факту вайсковай прысутнасьці тут РФ.
30 ліпеня гэтага году Лукашэнка, жадаючы напужаць Захад, заявіў, што на тэрыторыі Беларусі могуць быць разьмешчаны расейскія войскі.
Пастаянныя разважаньні Лукашэнкі пра пагрозы нападу на Беларусь з боку суседзяў, NATO — гэта таксама вялікая спажыва для расейскіх сілавікоў. Пра што, дарэчы, якраз і піша Лук’янаў. Маўляў, варта было б ухапіцца за словы Лукашэнкі і разьмясьціць тут базу.
Такім чынам, рыторыка Лукашэнкі, які вырашае пытаньне захаваньня асабістай улады, наконт заходніх ворагаў і расейскай вайсковай дапамогі, не такая бяскрыўдная рэч. Яна стварае адпаведную атмасфэру. Якой можа скарыстацца Крэмль у сваіх карысьлівых інтарэсах.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.