Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не выключаецца прымяненьне вайсковай сілы». Як загаварылі сілавікі ў Беларусі пасьля візыту Ціханоўскай у ЗША


Будынак Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў Менску.
Будынак Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў Менску.

30 ліпеня Лукашэнка праводзіць нараду са сваёй вэртыкальлю. Ягоныя словы аб гібрыднай агрэсіі Захаду супраць Беларусі падхапілі і прадстаўнікі сілавых структур.

Старшыня КДБ Іван Тэртэль

«Беларусь фактычна знаходзіцца ў стадыі адбіцьця гібрыднай агрэсіі калектыўнага Захаду», — заявіў старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Іван Тэртэль падчас сустрэчы Лукашэнкі з актывам вэртыкалі.

Паводле яго, няўдалыя спробы ажыцьцяўленьня дзяржаўнага перавароту, зьдзейсьненыя ў другой палове 2020 году, перарасьлі ў этап эканамічнага здушэньня і фармаваньня ўмоў для расколу дзяржаўнага апарату:

«У палітыка-фармуючых колах Захаду абмяркоўваюцца розныя варыянты зьмены ўлады ў Рэспубліцы Беларусь як неабходнай умовы па дасягненьні сваіх геапалітычных інтарэсаў ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне. Не выключаецца ў тым ліку прымяненьне вайсковай сілы».

Старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў таксама, што за мяжой плянуюцца тэракты. Іх зьбіраюцца арганізаваць у Менску, Менскай, Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Тэртэль параўнаў іх з «атакай на вайсковы аб'ект у Вялейцы» і з «замахам» на Рыгора Азаронка.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка

«Мы дакладна разумеем, што спробы разгайдаць наша грамадзтва, зламаць дзяржаўны лад не спыняюцца, а толькі набываюць новыя формы, зь якімі мы да гэтага часу не сутыкаліся або сутыкаліся ў значна меншых маштабах. Супраць Беларусі ідзе неабвешчаная, але ад гэтага ня менш небясьпечная, фактычна адкрытая гібрыдная вайна. На нас па-ранейшаму абвальваюць патокі дэзынфармацыі, адкрытай хлусьні ў інтэрнэце, спрабуюць расхістаць знутры праз навязваньне фальшывых каштоўнасьцяў і ўстановак, падахвочваючы да здрады нашай краіне», — сказаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка.

Міністар абароны Віктар Хрэнін

«Вайскова-палітычнае становішча вакол нашай краіны працягвае заставацца складаным. Захад у асобе ЗША і Эўразьвязу не пакідае спробаў стварыць умовы для таго, каб дыктаваць нам сваю волю. Працягваецца ціск у палітычнай, інфармацыйнай і эканамічнай сфэрах. Не застаецца ўбаку і вайсковая сфэра: блёк NATO працягвае выведную дзейнасьць супраць нашай краіны і правядзеньне мерапрыемстваў апэратыўнай боепадрыхтоўкі ўзброеных сіл краін — членаў альянсу на тэрыторыі сумежных дзяржаў», — сказаў Віктар Хрэнін.

Паводле яго, каля дзяржаўных межаў Беларусі «разгортваюцца дадатковыя пасты радыёэлектроннай выведкі, падразьдзяленьні спэцыяльнага прызначэньня Польшчы вядуць разьведку ўчасткаў дзяржаўнай мяжы, праводзяцца вучэньні, падчас якіх адпрацоўваюцца дзеяньні па падтрымцы дэструктыўных сіл у Беларусі».

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей

«Сёньня ясна, што пасьля правалу бліцкрыгу ўзяты курс на штучную палітычную ізаляцыю Беларусі, падрыў эканомікі шляхам увядзеньня беспрэцэдэнтных санкцый. Нам некаторы час прыйдзецца ня проста жыць з гэтым, але і выстаяць», — сказаў міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

  • Заявы гучаць пасьля перамоваў Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам ЗША падчас яе візыту ў Амэрыку. Сьвятлана Ціханоўская, якая ад 10 жніўня 2020 году знаходзіцца ў выгнаньні, сустрэлася з Джо Байдэнам 28 ліпеня. На сустрэчы палітыкі абмяркоўвалі становішча ў Беларусі і далейшыя шляхі дапамогі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ў змаганьні з дыктатурай.
  • «Для мяне было гонарам сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай у Белым Доме гэтай раніцай. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі і ўнівэрсальных правоў чалавека», — напісаў Байдэн 28 ліпеня ў твітэры.
  • Ціханоўская наведвае ЗША на афіцыйнае запрашэньне Дзяржаўнага дэпартамэнту. Лідэрка беларускай апазыцыі праводзіць перамовы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША, кангрэсмэнамі і сэнатарамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG