У сваім артыкуле аглядальнік Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Браян Ўітмар нагадвае, што 27 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла ў сваім telegram-канале, што апошняя група расейскіх вайскоўцаў прыбыла на чыгуначную станцыю Палонка ў заходняй Беларусі. Там іх сустрэлі хлебам-сольлю вайскоўцы 11-й асобнай мэханізаванай брыгады Беларусі.
Кансалтынгавая фірма Rochan Consulting, якая адсочвае ў сваім блогу рыхтаваньне да вучэньняў «Захад-2021», сьцьвярджае: «Мы бачым увод у Беларусь найлепшых расейскіх вайсковых фармаваньняў, якія маюць найлепшае абсталяваньне, што само па сабе значна. Але гэта толькі пачатак».
Кожныя чатыры гады вучэньні «Захад» прымушаюць заходніх вайсковых плянавальнікаў і аналітыкаў сачыць за імі і выклікаюць непакой. Гэта ж адчуваюць краіны на ўсходнім флянгу NATO.
Цягам падрыхтоўкі да вучэньняў «Захад-2017» некаторыя аглядальнікі перажывалі, што Масква можа скарыстаць вучэньні для пачатку новага наступу ва Ўкраіне ці правакацыі на адрас Польшчы або Літвы. Меркавалася таксама, што Расея паспрабуе пакінуць войскі для пастаяннай дысьлякацыі ў Беларусі і выкарыстае вучэньні як падставу для гэтага. Гэтыя страхі не матэрыялізаваліся, але пакуль ёсьць засьцярогі, што заплянаваныя на 10–16 верасьня вучэньні будуць іншымі.
У часе сустрэчы ў Нью-Ёрку зь беларускай дыяспарай на гэтым тыдні Сьвятлана Ціханоўская сказала: «Рэжым (Лукашэнкі. — РС) можа выкарыстоўваць расейскую вайсковую прысутнасьць для шантажу заходніх суседзяў і Ўкраіны. Цяпер пра гэта шмат гавораць. Пагрозы могуць быць рознымі».
Галоўная розьніца паміж вучэньнямі «Захад-2017» і «Захад-2021» палягае ў палітычным кантэксьце. У 2017 годзе Лукашэнка сапраўды ня быў зацікаўлены ў тым, каб ставаць на бок Пуціна ў канфлікце Ўкраіны з Захадам. Таму дзеля ўласнай бясьпекі ён спрабаваў зрабіць вучэньні вельмі празрыстымі. Ён хацеў запэўніць заходніх суседзяў, што вучэньни адбываюцца ня з мэтай нанесьці некаму шкоду. Лукашэнка запрасіў назіральнікаў зь сямі краінаў (Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швэцыі, Нарвэгіі), а таксама прадстаўнікоў ААН, АБСЭ, NATO і Чырвонага Крыжа для маніторынгу той часткі вучэньняў «Захад-2017», якая праходзіла на тэрыторыі Беларусі. Ён спрабаваў пераканаць Украіну, Польшчу і балтыйскія краіны, што тэрыторыя Беларусі ня будзе выкарыстаная для іх захопу або запалохваньня.
Гэта настолькі абурыла расейскую ўладу, што Пуцін і міністар абароны РФ Сяргей Шайгу не наведвалі Беларусь падчас вучэньняў. Расейскае вайсковае камандаваньне нават не засталося на ўрачыстую вячэру з нагоды іх завяршэньня.
Лукашэнка ў адказ скасаваў ужо заплянаваную сустрэчу з Пуціным. Пасьля завяршэньня вучэньняў ён абвясьціў пра жаданьне палепшыць адносіны з Захадам.
Атмасфэра рыхтаваньня да вучэньняў «Захад-2021», мякка кажучы, трохі больш пагрозьлівая. Жорсткія рэпрэсіі пасьля супярэчлівых выбараў 2020 году, перахоп рэйсу 4987 Ryanair і выкраданьне актывіста Рамана Пратасевіча — усё гэта зрабіла дыктатара пэрсонай нон грата на Захадзе. Яму няма куды ісьці, акрамя Крамля.
Лукашэнка актыўна дэманструе ляяльнасьць Маскве: ператварае Беларусь у новы фронт Айчыннай вайны супраць Украіны, пагражае разарваць ланцужкі паставак паміж Эўропай і Азіяй і выкарыстоўвае мігрантаў для шантажу Літвы.
Расея таксама паступова павялічвала сваю палітычную, эканамічную і вайсковую прысутнасьць у Беларусі. Дзьве краіны правялі рэкордную колькасьць вайсковых трэнінгаў цягам рыхтаваньня «Захаду-2021». Ратацыя расейскіх войскаў у Беларусі нагэтулькі бесьперапынная, што дэ-факта ў Беларусі існуе пастаянная расейская вайсковая прысутнасьць.
Расея і Беларусь плянуюць закласьці тры сумесныя вайсковыя трэнінгавыя цэнтры. Два будуць у Расеі: у Ніжагародзкай і Калінінградзкай абласьцях. Яшчэ адзін — у Беларусі, у Горадзенскай вобласьці, якая мяжуе з краінамі NATO Польшчай і Літвой. Як бачыцца, Лукашэнка гатовы пагадзіцца на стварэньне расейскай авіяцыйнай базы на тэрыторыі Беларусі. Гэта важна, бо яму доўга не падабалася гэтая ідэя.
Хоць бы з гэтай прычыны заходнія вайсковыя плянавальнікі маюць недасыпаць ночы. Але і гэта ня ўсё — расейскія войскі ўсё яшчэ знаходзяцца паблізу ўкраінскай мяжы, нібыта для рыхтаваньня вучэньняў «Захад-2021». У красавіку расейскі міністар абароны адправіў войскі да ўкраінскай мяжы, чым выклікаў асьцярогі наконт новага наступу. Пасьля Шайгу загадаў ім вярнуцца ў месцы сталай дысьлякацыі. Паводле інфармацыі Ўкраіны, аднак, каля 80% вайскоўцаў і абсталяваньне засталіся ў памежнай зоне.
Усе гэтыя сыгналы сьведчаць, што «Захад-2021» істотна адрозьніваецца ад вучэньняў 2017 году. Цалкам магчыма, што NATO, Украіну і заходніх суседзяў Беларусі чакае напружаны верасень.
Браян Уітмар — аглядальнік Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Празе, аўтар англамоўнага блога «Вэртыкаль улады», у якім ён выказвае свае погляды адносна палітыкі Крамля, якія не абавязкова супадаюць зь меркаваньнямі рэдакцыі.