— Аляксандра, як адна з арганізатараў раскажыце пра галоўныя мэты маратону і пра тое, як можна да яго далучыцца.
— «Маратон Свабоды» — гэта маштабная міжнародная дабрачынная акцыя, яна нагадвае ўсяму сьвету пра гераізм беларускага народу, які не пабаяўся стаць супраць рэжыму, супраць беззаконьня ў краіне. «Маратон Свабоды» — гэта ня толькі бегавая гісторыя, гэта падтрымка тых, хто цяпер за кратамі, дапамога рэпрэсаваным. Гэта хутчэй пераклічка ўсіх тых, хто змагаецца, хто перажывае, хто хвалюецца за будучыню сваёй краіны. Па сутнасьці, мы бяжым адзін за аднаго. Маратон пачынаецца ў суботу, і на працягу 10 дзён штодня мы будзем бегчы за дактароў, за журналістаў, за спартоўцаў, за дзеячоў культуры, за палітычных зьняволеных і, безумоўна, за Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, якому праз 10 дзён споўніцца адзін год.
— Хто зь вядомых людзей ужо далучыўся да маратону Свабоды?
— Кожны дзень у нас будзе свой амбасадар, які будзе прадстаўляць групу, за якую мы будзем бегчы. Гэта Дзяніс Дудзінскі, Сямён Букін, Андрэй Краўчанка, я сама і многія іншыя. У кожнага будзе свой дзень, калі ён будзе заклікаць бегчы разам з сабой. На дадзены момант у нас ужо больш за 2 з паловай тысячы зарэгістраваных удзельнікаў, а маратон яшчэ не пачаўся. Мы перакананыя, што з кожным днём колькасьць удзельнікаў будзе пашырацца.
Мы зрабілі некалькі пакетаў магчымасьці ўдзелу — ад бясплатнага да VIP-пакету, дзе будуць пэўныя бонусы для тых, хто захоча яго набыць. Усе сродкі, сабраныя з маратону, пойдуць палітвязьням, спартоўцам, якім будзе неабходная фінансавая дапамога, на аплату адвакатаў, штрафаў. Гэта ўсё пойдзе на падтрымку нас, беларусаў.
— І вельмі сымбалічная працягласьць дыстанцыі маратону.
— Дыстанцыя — 2334 мэтры, якую можна прайсьці, прабегчы, праплыць, няважна як, важны сымбалізм гэтай дыстанцыі, бо менавіта па артыкуле 23.34 беларусаў саджаюць за краты. Такім чынам мы выказваем сваю салідарнасьць, паказваем, што мы не здаёмся і змагаемся за тых, хто цяпер, на жаль, гэтага зрабіць ня можа.
— Да «Маратону Свабоды» далучаецца і бягуха Крысьціна Ціманоўская, якой не далі прабегчы на Алімпіядзе. Якія самыя апошнія навіны ў яе справе?
— Міжнародны Алімпійскі Камітэт пазбавіў акрэдытацыі трэнэраў, якія аказвалі ціск на яе і былі датычныя да гэтага скандалу, іх сёньня выдварылі з Алімпійскай вёскі, і яны лятуць дадому. Крысьціна цяпер у Польшчы займаецца бытавымі пытаньнямі. Зразумела, што такая рэзкая зьмена месцазнаходжаньня для яе таксама лёгкі шок. Адпачыць ёй не дадуць, бо шмат запытаў на інтэрвію, камэнтары, усіх цікавіць яе гісторыя. Так што цяпер яна працуе ў якасьці мэдыйнай пэрсоны.
А 10 жніўня Крысьціна пабяжыць на маратоне і заклікае ўсіх прабегчы гэтую дыстанцыю разам зь ёй. У яе не было магчымасьці прабегчы сваю дыстанцыю 200 мэтраў на Алімпійскіх гульнях, дык хай у яе будзе такая магчымасьць прабегчы на маратоне і адчуць падтрымку тысяч людзей, якія будуць бегчы, можа, ня побач, а разам зь ёй.
— «Бяжы», бег, маратон — важныя паняткі і сымбалі гэтага году. Месяцамі працягваліся мірныя маршы, іх многія параўноўвалі з маратонам. Бегаць даводзілася і ад сілавікоў, а шмат каму бегчы з краіны літаральна. З вашага гледзішча, на якім этапе цяпер беларуская рэвалюцыя-маратон?
— У любым выпадку мы знаходзімся ў больш канцавым пункце. Не магу сказаць, што гэта фінішная прамая, але хто ведае, можа якраз гэты маратон і зробіць гэтую фінішную рысу і мы пабачым урэшце гэтую фінішную стужку, да якой трэба толькі дабегчы і зрабіць апошнія крокі.
Гэта год салідарнасьці, год барацьбы беларускага народу супраць дыктатуры. Ён вельмі вымотвае, ён вельмі эмацыйна і фізычна цяжкі для кожнага беларуса. І гэты маратон заахвочвае беларусаў не здавацца, матывуе ісьці наперад. Як у спорце самыя цяжкія — апошнія мэтры, апошнія імгненьні тваёй барацьбы. Часам твой вынік залежыць менавіта ад гэтых апошніх кавалкаў. Таму «Маратон свабоды» — гэта пра салідарнасьць, пра ўзаемадапамогу і пра ўнутраную матывацыю, якая дапамагае працягваць змагацца за сваю свабоду як цяпер, так і проста ў жыцьці. Гэтыя якасьці цябе ніколі не падвядуць.