Чырвоны Крыж Літвы выказаў заклапочанасьць апошнім рашэньнем Міністэрства ўнутраных спраў краіны аб вяртаньні мігрантаў у Беларусь, транзытам празь якую тыя сьледуюць у Эўразьвяз. Арганізацыя лічыць, што вяртаньне мігрантаў можа паставіць бясьпеку некаторых зь іх пад пагрозу. Таксама паўстае пытаньне аб магчымым непрапарцыйным ужываньні сілы да ўцекачоў, цытуе прэс-службу Чырвонага Крыжа Літвы агенцтва BNS.
Прадстаўніца арганізацыі Эгле Самучавайце нагадала, што вялікую частку мігрантаў складаюць уразьлівыя групы насельніцтва — жанчыны і дзеці. Амаль чвэрць мігрантаў непаўналетнія, а жанчын сярод затрыманых на мяжы каля траціны. Вяртаньне іх у Беларусь можа паставіць іх перад небясьпекай. А ў адсутнасьці фізычнага памежнага бар’еру зь Беларусьсю паўстае пытаньне, як дамагчыся таго, каб не было непрапарцыйнага прымяненьня сілы, якое не апраўдана ў дачыненьні тых, хто просіць прытулку.
Таксама Самучавайце прызнала, што дзяржава спрабуе запаволіць патокі мігрантаў з боку Беларусі, але пры гэтым заклікала ўрад краіны паклапаціцца пра тых мігрантаў, якія ўжо апынуліся на тэрыторыі Літвы.
Паводле прадстаўніцы Чырвонага крыжа, апошні загад літоўскага Міністэрства ўнутраных спраў несумяшчальны з Канвэнцыяй аб статусе ўцекачоў і іншымі дакумэнтамі ў правах чалавека.
Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама беларускае аддзяленьне арганізацыі пакуль ніяк не камэнтуюць падзеі на беларуска-літоўскай мяжы.
Дэпартамэнт статыстыкі Літвы 4 жніўня паведаміў, што за содні памежнікі краіны затрымалі яшчэ 35 чалавек. Агульная колькасьць нерэгулярных мігрантаў, злоўленых на мяжы літоўскімі службамі, склала ўжо 4090 чалавек. Таксама ў Літве пацьвердзілі, што працягваюць выконваць загад міністра ўнутраных справаў Агне Білатайце і вяртаць мігрантаў у Беларусь, адкуль яны прыйшлі.
На наступным тыдні Сэйм склікае нечарговую сэсію, каб прыняць рашэньне аб наданьні шырэйшых паўнамоцтваў жаўнерам, якія працуюць на мяжы.