На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае расейскі эканаміст, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў постындустрыяльнага грамадзтва Ўладзіслаў Іназемцаў.
Іназемцаў
- Пераважная частка расейскіх і заходніх экспэртаў кажуць, што Расея субсыдуе Беларусь за кошт нафтавага і газавага трансфэру. Але гэтыя трансфэры скарачаюцца.
- Ёсьць ацэнкі, што гэтая дапамога складала да 10 мільярдаў даляраў, але я лічу, што гэта перабольшаныя ацэнкі.
- Апошнім часам чыстая выгада Беларусі ад цэнаў на нафту і газ складала каля 2,5 мільярда даляраў у год.
- Беларусь вельмі актыўна прэсінгуе Расею.
- Падчас апошніх перамоваў у Пецярбургу Лукашэнка здолеў захаваць цану на газ.
- Калі браць гэтую цану ў рублях, то для расейскіх грамадзянаў яна вырасла амаль на 16%.
- Расея ідзе на вялікія саступкі. Але гэтая датацыя ня цалкам можа разглядацца як падарунак.
- Беларуская эканоміка адкрытая.
- Беларусь шмат экспартуе ў РФ, частка гэтых тавараў экспартуецца нават па цэнах, ніжэйшых за сабекошт.
- Так, ёсьць, як ні парадаксальна, і элемэнт датаваньня Беларусьсю Расеі.
- Так што з Расеі ідзе трансфэр Беларусі на 2,5 мільярда даляраў, недзе на чвэрць ён кампэнсуецца зваротным трансфэрам.
- Тут такое сацыялістычнае цэнаўтварэньне, якое хавае рэальны балянс.
- Калі будуць уведзеныя санкцыі адносна нафтавай і калійнай галінаў беларускай эканомікі, то гэта будзе каштаваць Расеі крыху даражэй.
- Яна можа вырасьці недзе на 70%, да 4 мільярдаў у год.
- Беларускі бюджэт — каля 11 мільярдаў даляраў. Расея будзе яго датаваць недзе на траціну.
- Мы шмат разоў бачылі, што грошы не зьяўляюцца фактарам, які ў нечым абмяжоўвае палітычныя фантазіі Пуціна.
- Гэта было ў сытуацыі і з Украінай, і з Сырыяй, і ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
- Гадавы расейскі бюджэт складае каля 300 мільярдаў даляраў.
- Калі на Беларусь будзе выдаткоўвацца нават 5–6 мільярдаў даляраў — гэта малая частка бюджэту.
- Да таго ж варта ўлічваць, што Беларусь фінансуецца не расейскім бюджэтам, Беларусь фінансуецца за кошт скарачэньня прыбытковасьці шэрагу расейскіх карпарацыяў.
- Таму ў Пуціна ёсьць шмат магчымасьцяў павялічыць фінансаваньне Беларусі, ня трацячы на гэта ні рэзэрваў, ні бюджэтных грошай.
- Мне здаецца, што фінансавы аспэкт яго наагул не хвалюе і яшчэ доўга ня будзе хваляваць. Таму разьлікі на гэта недарэчныя.
- Раздражненьне Лукашэнкам у Пуціна ёсьць. Яго ніхто так часта не падманваў, так шмат яго просьбаў не адхіляў, як Лукашэнка.
- Але для Пуціна Беларусь — гэта часткова настаўнік. Пуцінская Расея шмат у чым капіюе Беларусь.
- Таму пазбаўляцца такога саюзьніка, замяняючы яго на нешта непрадказальнае, Пуцін ня будзе.
- Расея ня хоча дэмакратычнай зьмены ўлады нідзе.
- І яна лічыць, што любы існы партнэр на постсавецкай прасторы лепшы за непрадказальную альтэрнатыву.
- Бабарыка быў чалавек ляяльны Расеі, бізнэсовец, вопытны чалавек, які меў вялікую колькасьць сувязяў у Маскве.
- Але Масква нават ня вякнула, калі яму далі 14 гадоў турмы.
- І наконт фактычнай нацыяналізацыі «Белгазпрамбанку» ніхто не запярэчыў.
- Для Масквы ніякія дамоўленасьці, ніякая ўласнасьць нічога ня значаць у параўнаньні з так званай «стабільнасьцю».
- Уяўленьне, што Бабарыка, калі б стаў прэзыдэнтам, быў бы настолькі ж кіраваным з Масквы, як Лукашэнка — гэта ілюзія.
- Дыктатуры, такія, як у Расеі і ў Беларусі, на выбарах не мяняюцца.
- У Беларусі ўлада ўтрымалася сама, без істотнай дапамогі з боку Масквы. Некалькі прапагандыстаў, якія прыехалі ў Менск у жніўні, — гэта ня ў лік.
- Захад ня мае ніякіх намераў праяўляць любую ініцыятыву, ён толькі рэагуе.
- Міністры замежных спраў Швэцыі і Польшчы Більт і Сікорскі прапанавалі «Ўсходняе партнэрства», гэта была правакацыя супраць Масквы, якая і скончылася ўкраінскай трагедыяй.
- Партнэрствам ЭЗ сказаў — ідзіце да нас. А калі тых, хто адгукнуўся на іх заклік, пачалі біць дубінкамі, Эўропа сказала — а мы тут ні пры чым.
- Заклапочанасьць у эўрапейцаў заўсёды ёсьць. А ініцыятывы ніколі няма.
- Эўропа ня можа дамовіцца з Масквой наконт Беларусі.
- Яна кажа Маскве — ня ўмешвайцеся ва ўнутраныя справы Ўкраіны, дайце ёй разьвівацца так, як яна хоча.
- На любыя прапановы Брусэлю наконт Беларусі Масква адкажа — ня ўмешвайцеся ўва ўнутраныя справы Беларусі, дайце ёй разьвівацца, як яна хоча, а хоча яна так, як хоча Лукашэнка.
- І адваліце.
- Я не адмаўляю залежнасьці Беларусі ад Расеі. Але пагроза сувэрэнітэту — гэта зусім іншая справа.
- Лукашэнка творыць і ў палітыцы, і ў эканоміцы ўсё, што ён хоча — саджае самалёт Ryanair, «нагінае» Пуціна наконт цаны на газ, зьбівае дэманстрантаў у Менску.
- І для яго, і для Пуціна гэта сьведчаньне таго, што сувэрэнітэту Беларусі нічога не пагражае.
- Пуцін хацеў далучыць Беларусь да Расеі ў 2019 годзе, каб ён узначаліў аб’яднаную дзяржаву.
- Гэты варыянт не спрацаваў.
- Рацыянальны характар гэтага абʼяднаньня страчаны.
- Беларусь паказала, што ў ёй шмат людзей, гатовых пратэставаць супраць аўтарытарнай улады.
- Беларусь шчыльна зьвязаная з Эўропай.
- Калі Беларусь заўтра робіцца часткай РФ, то Расея атрымлівае як мінімум пару мільёнаў вельмі раззлаваных грамадзянаў.
- Уключыўшы Беларусь у Расею, Пуцін атрымае вялікі зарад незадавальненьня — палітычнага і эканамічнага.
- І гэта для яго дадатковая рызыка, якая яму зусім не патрэбная.
- Летась летам мы з калегамі рыхтавалі даклад па Беларусі. Я быў адзіным з аўтараў дакладу, хто сказаў, што вайсковае ўмяшаньне Расеі ў справы Беларусі пасьля 9 жніўня немагчымае.
- У Вашынгтоне тады ўсе лічылі наадварот, што Расея абавязкова ўвядзе войскі на заклік Лукашэнкі. Я казаў, што гэта немагчыма, бо гэта контрапрадуктыўна ва ўсіх адносінах.