«Трэба глядзець на эканоміку. Калі гэта выгадна для грамадзтва, для дзяржавы, думаю, рашэньне адпаведнае будзе прынятае. Крым — гэта сапраўды выдатная тэрыторыя. Цудоўнае месца для адпачынку. Беларусы ў свой час езьдзілі і працягваюць туды езьдзіць. Забароны на паездкі не існуе. Зразумела, што з улікам сытуацыі кожны прымае рашэньне для сябе, — сказаў кіраўнік беларускага МЗС.
Паводле міністра, трэба ўлічваць і іншыя аспэкты, зьвязаныя з магчымымі санкцыямі, якія могуць увесьці ў адносінах да ўладаў Беларусі.
«Яшчэ раз кажу, што калі з пункту гледжаньня эканамічнай гэта будзе выгадна, то я думаю, што рашэньне адпаведна можа быць прынятае», — канстатаваў Уладзімер Макей.
На пачатку чэрвеня Ўкраіна прыгразіла Беларусі санкцыямі, калі беларускія самалёты апынуцца на тэрыторыі акупаванага Крыму. Так, першая намесьніца міністра замежных спраў Эмінэ Джапарава заявіла, што Кіеў імгненна адрэагуе, калі хоць адзін самалёт «Белавія» прызямліцца ў Крыме.
«Мы будзем неадкладна дзейнічаць супраць легітымізацыі расейскай акупацыі Крыму, супраць любых спробаў зьдзейсьніць кантакты з так званымі „ЛНР“ ці „ДНР“. І, калі хоць адзін самалёт беларускай авіякампаніі апынецца на тэрыторыі акупаванага Крыму, санкцыі будуць непазьбежныя з усімі нэгатыўнымі наступствамі», — заявіла Эмінэ Джапарава.
Акупацыя Крыму Расеяй трывае ад 2014 году. Да нядаўняга часу афіцыйны Менск прызнаваў паўвостраў неад’емнай часткай Украіны, як і абсалютная бальшыня дзяржаў сьвету.
Аднак пасьля чарговых перамоваў з Уладзімірам Пуціным у Сочы і шэрагу забаронаў на пералёты «Белавія» і пралёты іншаземных самалётаў у беларускай паветранай прасторы Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць запусьціць рэйсы ў Крым.