Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдсястра ў Літве зарабляе ад 640 да 1377 эўра. У Менску — 268 эўра. Параўноўваем заробкі


У віленскім шпіталі. Фота: Shutterstock
У віленскім шпіталі. Фота: Shutterstock

Колькі зарабляюць у Літве настаўнікі, IT-спэцыялісты і кіроўцы — паглядзелі лічбы.

У праграме «Клюб рэдактараў» у эфіры БТ кіраўнік дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Марат Маркаў пракамэнтаваў міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы. Вось як ён патлумачыў рэакцыю Літвы на сытуацыю:

«Чаму цяпер Літва і Польшча так здрыгануліся? Будзем казаць шчыра: заробак мэдсястры ў Літве ад 400 эўра, рабочага — ад 300, паліцыянт і пажарнік маюць 600 эўра. А на аднаго мігранта ў месяц траціцца значна больш. І для эканомікі Літвы, якая цяпер „атрымлівае“ з усіх бакоў (атрымлівае ня ў тым сэнсе, што грошы), гэта будзе добры кантрольны стрэл», — сказаў Маркаў.

Але з пачатку 2021 году мінімальны заробак у Літве да сплаты падаткаў складае 642 эўра. Сярэдні ж заробак у Літве да сплаты падаткаў — 1524,2 эўра штомесяц (967,3 «чыстымі»). У Беларусі сярэдні налічаны заробак у траўні складаў 1419 рублёў. Гэта каля 460 эўра.

Глядзім, колькі зарабляюць людзі самых пашыраных прафэсіяў у Літве і ў Беларусі.

Паводле міжнароднай плятформы, якая зьбірае зьвесткі пра сярэднія заробкі, настаўнік пачатковай школы ў Літве зарабляе ад 640 да 1115 эўра, сярэдняй — да 1341 эўра. Заробак выкладчыка ўнівэрсытэту — да 1669 эўра.

У Беларусі заробак выхавальніцы ў дзіцячым садку (пачатковая школа) — ад 218 эўра, настаўніка ў школе — ад 218 да 326 эўра залежна ад нагрузкі.

Вось некалькі актуальных вакансіяў у Літве.

Выкладчык літоўскай мовы ў клайпедзкім ліцэі атрымае 1500–2500 эўра да сплаты падаткаў.

Каардынатар навучальнага працэсу ва Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага атрымлівае 900 эўра на рукі.

Літоўская мэдсястра атрымлівае ў сярэднім ад 640 да 1377 эўра. Знаходзім на сайце пошуку працы вакансію мэдсястры агульнай практыкі ў дзяржаўнай паліклініцы ў Вільні з заробкам 1653–1983 эўра ў месяц. У Менску, у дзяржаўным банку вакансіяў, знаходзім такую працу за 268 эўра.

Фэльчар хуткай дапамогі ў Літве зарабляе да 1351 эўра, доктар — 936–2114 эўра. У Менску працу фэльчарам можна знайсьці за 285 эўра, але звычайна ў вакансіях прапануюць менш.

IT-спэцыялісты ў Літве зарабляюць у сярэднім ад 909 да 2603 эўра. На адным з рэсурсаў стаіць вакансія з заробкам 1300–3600 эўра да сплаты падаткаў. У Менску заробкі ў IT прыкладна такія ж, але падаткі ніжэйшыя.

Пажарнікі і ратаўнікі атрымліваюць ад 640 да 1002 эўра. У Менску знаходзім вакансію ратаўніка з заробкам 251 эўра.

Літоўскі паліцэйскі мае ад 640 да 1402 эўра. У Менску міліцыянту прапануюць ад 335 эўра.

Інжынэр-мэханік у Вільні зарабляе 1434 эўра, у Менску на такой вакансіі прапануюць 335 эўра.

Аўтамэханік зарабляе ў Вільні 1352 эўра. У Беларусі на такой вакансіі прапануюць 218 эўра.

Прыбіральнік атрымлівае ў Вільні ад 640 да 782 эўра, у Менску за прыбіраньне прапануюць ад 167 да 268 эўра.

Заробак літоўскага прадаўца-кансультанта да 924 эўра. Напрыклад, на сайце пошуку працы знаходзім вакансію прадаўца-кансультанта ў краме адзеньня з заробкам 950 эўра ў месяц.

У Менску прадаўцу прапануюць ад 234 да 318 эўра на месяц.

Кіроўца мікрааўтобуса ў Вільні, паводле плятформы пошуку працы, можа атрымаць 1100–1500 эўра на рукі.

У Менску кіроўцу грамадзкага транспарту прапануюць 503 эўра.

Кіроўца катэгорыі С у Коўне атрымлівае 1200–1400 эўра на рукі.

Заробак дальнабойніка — каля 3000 эўра і вышэй. У Менску дальнабойнікам можна ўладкавацца за 1000 эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG