520 даляраў на месяц — такі сярэдні заробак быў у Беларусі ў 2020 годзе. У параўнаньні з 2019 годам у рублях ён вырас, а вось у далярах зьменшыўся — на 29 даляраў.
Суседзі даганяюць і пераганяюць Беларусь па заробку
Пяць гадоў таму беларускія заробкі істотна абганялі заробкі ва Ўкраіне і Малдове (доўгі час лічылася самай беднай краінай Эўропы). У 2016-м параўнаньне выглядала наступным чынам:
- Беларусь — $420
- Малдова — $245
- Украіна — $180
З астатнімі ж, акрамя Ўкраіны, суседзямі параўнаньне выглядала не на карысьць Беларусі. Традыцыйна заробкі ў Польшчы, Літве, Латвіі і Расеі былі вышэйшыя. Ужо летась беларускія заробкі амаль зраўняліся з Малдовай і Ўкраінай:
- Беларусь — $520
- Малдова — $465
- Украіна — $450
З суседзямі параўнаньне выглядае яшчэ горш для Беларусі:
Колькі прапануюць у розных краінах лекарам і настаўнікам
Сярэднія заробкі — гэта адно, а канкрэтныя вакансіі — іншае. Глядзім, колькі прапаноўваюць самым сацыяльным прафэсіям — настаўніку і лекару — у Беларусі і ў суседзяў.
У Беларусі на сайце Мінпрацы ў рэспубліканскім банку вакансій знаходзім першыя тры вакансіі для настаўніка. Плацяць 800 рублёў на месяц, або 307 даляраў па цяперашнім курсе.
Глядзім вакансіі ў суседніх краінах (бяром сталіцу і вакансіі настаўнікаў-прадметнікаў з дыплёмам аб вышэйшай адукацыі).
- Беларусь — $307
- Украіна — $323
- Латвія — $600
- Літва — $960
- Расея — $965
- Польшча — $1074
Атрымліваецца, Беларусь саступае ўсім, акрамя Ўкраіны.
Глядзім вакансіі лекараў, таксама бяром вакансіі ў сталіцах і вылічваем сярэдні заробак зь некалькіх прапанаваных для лекараў-спэцыялістаў. Атрымліваецца:
- Беларусь — $423
- Украіна — $539
- Расея — $1379
- Латвія — $1800
- Літва — $1800
- Польшча — $2400