Сёлета ў траўні на працу ўзялі 45 661 чалавека, а звольнілі — 62 810. Гэтыя дадзеныя публікуе Белстат.
У траўні 2020 году ў эканоміцы Беларусі былі занятыя 4,3 мільёна чалавек, або на 30,4 тысячы больш, чым сёлета.
Глядзім праз агульнадзяржаўны банк вакансій, якіх спэцыялістаў шукаюць.
4681 лекар
У агульнарэспубліканскім банку вакансій шукаюць 4861 лекара. Сярод іх лекары-спэцыялісты, гінэколягі, вэтэрынары. Прапануюць заробак да тысячы рублёў.
Мэдыцынскіх сёстраў, згодна з рэспубліканскім банкам вакансій, трэба 3222. Заробак — да 800 рублёў.
5529 кіроўцаў
Па ўсёй Беларусі цяпер на працу шукаюць 5529 кіроўцаў: спэцыялісты патрабуюцца і ў сыстэму ЖКГ, і на заводы, і на прыватныя прадпрыемствы кшталту «Эўрагандлю». Прапануюць да 1100 рублёў на месяц.
4562 сьлесары
У банку вакансій — 4562 вакансіі сьлесараў. Вакансіі ёсьць па ўсіх абласьцях, як у невялікіх гарадах, так і ў абласных цэнтрах. Прапануюць ад 500 да 750 рублёў.
2613 трактарыстаў
Трактарысты патрэбныя амаль па ўсіх раёнах. Прапануюць ад 500 да 1100 рублёў за месяц.
2230 прадаўцоў
Таксама ў Беларусі не хапае прадаўцоў — шукаюць 2230 чалавек. Прапануюць да 850 рублёў на месяц.
Што кажуць чыноўнікі
На 8 чэрвеня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведамляла пра 87 тысяч вакансій у агульнадзяржаўным банку вакансій. Зь іх 60% — па рабочых прафэсіях.
«Больш за ўсё вакансій на поўны працоўны дзень заяўлена арганізацыямі ў сфэры прамысловасьці, сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак, будаўніцтва, аховы здароўя і сацыяльных паслуг, гандлю», — паведамлялі спэцыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.