Межы
«ДНР»: Да канца сакавіка 2020 году на тэрыторыю Ўкраіны, якую кантралююць прарасейскія сэпаратысты з так званай «ДНР», можна было трапіць з Украіны празь некалькі кантрольна-прапускных пунктаў. Таксама быў магчымы праезд з Расеі і з тэрыторыі, якую кантралюе групоўка «ЛНР». Аднак 21 сакавіка 2020 году кіраўнікі групоўкі «ДНР» праз складаную эпідэміялягічную сытуацыю закрылі мяжу з Украінай, а роўна праз тыдзень тое самае адбылося і на мяжы з Расеяй і тэрыторыяй, якую кантралюе так званая «ЛНР».
Перасякаць мяжу могуць асобы, якія пакажуць дакумэнты аб пастаянным пражываньні на тэрыторыі, якая кантралюецца групоўкай «ДНР», альбо прадстаўнікі міжнародных місій.
Беларусь: Наземныя межы Беларусі афіцыйна закрытыя з канца сьнежня 2020 году. Выключэньне магчымае толькі для паездак камандзіровачных (сюды ж уключаныя кіроўцы міжнароднага камэрцыйнага транспарту), навучэнцаў замежных ВНУ і замежных грамадзян. Асаблівы статус мае толькі мяжа Беларусі з Расеяй. Перасякаць яе на ўласным транспарце забаронена, аднак паміж краінамі з пачатку 2021 году курсуюць цягнікі, якімі грамадзяне Беларусі і Расеі могуць падарожнічаць пры наяўнасьці адмоўнага ПЦР-тэсту.
На пачатку вясны 2021 году Мінздароўя Беларусі выступіла з прапановай адкрыць наземныя памежныя пераходы для вольнага перамяшчэньня грамадзян, аднак празь некалькі месяцаў ведамства зьмяніла сваю пазыцыю на супрацьлеглую.
Мова
«ДНР»: З моманту акупацыі ў 2014 годзе дзяржаўны статус мелі дзьве мовы — расейская і ўкраінская. Захоўвалася таксама вывучэньне ўкраінскай мовы ў школьнай праграме. Аднак у верасьні 2015 году з расейскімі гуманітарнымі канвоямі на тэрыторыю так званай «ДНР» завезьлі новыя школьныя падручнікі, пасьля чаго праграмы навучаньня былі скарэктаваныя. Праз год пасьля гэтага ўсе ўкраінскамоўныя школы і клясы закрылі. 6 сакавіка 2020 году сэпаратысты «ДНР» абвясьцілі, што пазбаўляюць украінскую мову статусу дзяржаўнай на падкантрольнай ім тэрыторыі.
Беларусь: Юрыдычна дзяржаўных моваў з 1994 году дзьве — беларуская і расейская. На практыцы ў дзяржаўным справаводзтве, адукацыі і штодзённым жыцьці дамінуе расейская мова. Колькасьць дзяцей, якія вучацца па-беларуску, пастаянна скарачаецца. У 2018 годзе, напрыклад, толькі 11% вучняў у Беларусі вучыліся па-беларуску (у гарадах — 1%, у Менску — 2%).
Міжнародны пасажырскі транспарт
«ДНР»: Адзіным транспартам застаецца аўтамабільны. За межы тэрыторыі, якую кантралююць прарасейскія сэпаратысты, да абвяшчэньня карантыну можна было выехаць аўтобусамі і маршруткамі. «Украінская чыгунка» спыніла злучэньне з гэтымі тэрыторыямі неўзабаве пасьля пачатку баявых дзеяньняў. З тэрыторыяй Расеі яно таксама не адноўленае. Міжнародных аэрапортаў на тэрыторыі, якую кантралюе групоўка «ДНР», пасьля зьнішчэньня Данецкага аэрапорту не засталося.
Беларусь: У невялікіх аб’ёмах захоўваецца рэгулярнае аўтобуснае злучэньне з усімі суседнімі краінамі. Чыгуначнае дзейнічае толькі з Расеяй у абмежаваным фармаце. Працуюць міжнародныя аэрапорты ў Менску і абласных цэнтрах, аднак пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair рух самалётаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу спыніўся. Большасьць авіярэйсаў выконваецца ў расейскім кірунку.
Валюта
«ДНР»: Адзіны афіцыйны плацёжны сродак — расейскі рубель. Хаджэньне валюты іншых краін, у тым ліку ўкраінскай грыўні, забароненае. Эмісійнага цэнтру на тэрыторыі няма, усе расейскія рублі паступаюць з Расеі.
Беларусь: На тэрыторыі краіны дзейнічае беларускі рубель. У сьнежні 2019 году, пасьля пачатку новай хвалі перамоваў аб паглыбленьні інтэграцыі, зьяўлялася неафіцыйная інфармацыя пра магчымы пераход Беларусі на расейскі рубель. Пры гэтым заставалася незразумелым, ці зьявіцца ў Менску свой эмісійны цэнтар расейскай валюты. Пазьней Нацбанк РБ вядзеньне перамоваў аб пераходзе Беларусі на валюту РФ абверг.
Замежная палітыка
«ДНР»: «Дыпляматычныя стасункі» кіраўнікі прарасейскай групоўкі «ДНР» усталявалі толькі з Паўднёвай Асэтыяй (прызнаная толькі Расеяй і некалькімі іншымі краінамі-сябрамі ААН), а таксама з кіраўнікамі групоўкі «ЛНР».
«Незалежнасьць» «ДНР» афіцыйна не прызнае і Расея, пры гэтым на тэрыторыі Расеі дзейнічаюць пашпарты, выдадзеныя кіраўнікамі так званай «ДНР», а таксама аўтамабільныя знакі, якія яны выдаюць уладальнікам аўтамабіляў. Афіцыйны Кіеў называе тэрыторыі, якія кантралюе групоўка «ДНР», часова акупаванымі.
Беларусь: Да жніўня 2020 году Беларусь падтрымлівала дыпляматычныя стасункі з большасьцю краін-сябраў ААН, а таксама з усімі краінамі-сябрамі Эўразьвязу. Па стане на ліпень 2021 году шэраг амбасадаў краін ЭЗ у Менску альбо спынілі сваю працу цалкам, альбо працуюць у абмежаваным рэжыме.
Улады Беларусі ўдзельнічаюць у міжнародных мерапрыемствах па лініі ЭАЭС. Аляксандар Лукашэнка наведваў Расею шэсьць разоў зь верасьня 2020 году па ліпень 2021-га. Афіцыйныя кантакты з краінамі Захаду, а таксама Ўкраінай фактычна спыненыя і абмяжоўваюцца ўзаемнымі абвінавачваньнямі з абодвух бакоў.
СМІ
«ДНР»: Незалежных СМІ там няма. Працуе «Данецкае агенцтва навінаў», ёсьць тэлебачаньне і газэты, якія кантралююцца кіраўніцтвам групоўкі «ДНР».
З Кіева падзеі на тэрыторыі «ДНР» асьвятляе выданьне «Донбасс. Реалии», якое ўваходзіць у структуру Радыё Свабода. Пэрыядычна дазвол на працу на кантраляванай імі тэрыторыі кіраўнікі групоўкі «ДНР» выдаюць журналістам буйных замежных СМІ.
Беларусь: Па стане на ліпень 2021 году ў краіне дзейнасьць недзяржаўных грамадзка-палітычных СМІ альбо спыненая, альбо моцна абмежаваная.
Каля 30 журналістаў і рэдактараў знаходзяцца за кратамі ў межах крымінальных спраў, праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. Шэраг рэдакцый працягвае працу з-за мяжы. З кастрычніка 2020 году таксама абмежаваная магчымасьць працы ў Беларусі замежных, пераважна заходніх СМІ. Міністэрства замежных спраў рэгулярна адмаўляе журналістам у акрэдытацыі для працы на тэрыторыі Беларусі.
Выбары
«ДНР»: Кіраўнік так званай «ДНР» выбіраецца ўсеагульным таемным галасаваньнем тэрмінам на пяць гадоў, пры гэтым адзін і той жа чалавек, згодна зацьверджанай у «ДНР» працэдуры, ня можа прэтэндаваць на вышэйшую пасаду больш як два разы запар. «Народны савет», які выконвае ў «ДНР» ролю «парлямэнту», таксама абіраецца на таемных выбарах, кожны «дэпутацкі мандат» дзейнічае пяць гадоў. На дадзены момант «ДНР» кіруе другі абраны кіраўнік — Дзяніс Пушылін. Вынікі выбараў, праведзеных на тэрыторыі, якая кантралюецца групоўкай «ДНР», афіцыйна не прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі, а таксама Ўкраінай і Расеяй.
Беларусь: Як і ў «ДНР», кіраўніка Беларусі выбіраюць шляхам таемнага галасаваньня раз на пяць гадоў. Аднак у Беларусі колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной і той жа асобы з 1997 году не абмежаваная. За ўсю гісторыю сучаснай Беларусі прэзыдэнцкую пасаду афіцыйна займаў толькі Аляксандар Лукашэнка. Выбарнай таксама зьяўляецца Палата прадстаўнікоў. Яе дэпутатаў абіраюць раз на чатыры гады.
З другой паловы 1990-х гадоў міжнародная супольнасьць не прызнала ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі свабоднай.
Сьмяротнае пакараньне
«ДНР»: Уведзенае ў Крымінальны кодэкс з 2014 году ў якасьці пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы.
Беларусь: Прадугледжанае ў якасьці выключнай меры пакараньня за шэраг злачынстваў, пералічаных у Крымінальным кодэксе. Зімой 2021 году зьявілася неафіцыйная інфармацыя пра магчымую адмову ад сьмяротнага пакараньня ў новай рэдакцыі Кодэксу, ініцыятарам адмены было Міністэрства ўнутраных спраў. Аднак пасьля публікацыі абнаўленьняў у чэрвені 2021 году сьмяротнае пакараньне засталося ва ўсіх артыкулах, дзе і было.