Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Лукашэнку загоняць у кут, то яго прыбяруць свае ж людзі», — аналітык


Аляксандар Лукашэнка з вайсковым і цывільным кіраўніцтвам
Аляксандар Лукашэнка з вайсковым і цывільным кіраўніцтвам

У выніку неэфэктыўнай палітыкі Захаду Беларусь можа ператварыцца ў недзеяздольную дзяржаву, лічыць Супрацоўнік Цэнтра аналізу эўрапейскай палітыкі (CEPA) Тадэвуш Гічан.

У інтэрвію Свабодзе аналітык тлумачыць, навошта Лукашэнка ператварае Беларусь у Данбас і што можа прымусіць рэжым пайсьці на саступкі.

Хто такі Тадэуш Гічан:

  • нарадзіўся ў Менску, скончыў Унівэрсытэт Мікалая Капэрніка са ступеньню бакаляўра ў ваенных дасьледаваньнях
  • атрымаў ступень магістра ў галіне міжнародных дачыненьняў у Варшаўскім унівэрсытэце
  • дактарант у Школе славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Унівэрсытэцкага коледжу Лёндану
  • займаецца вывучэньнем палітычных і эканамічных эліт, патранальнай і кланавай палітыкі ў сучаснай Беларусі, у прыватнасьцю ролі і дзейнасьці асобаў і структураў у ценю Лукашэнкі, на якіх базуецца рэжым і якія маюць ад яго выгаду

«Лукашэнку застаецца толькі зацягваць цяперашні стан нявызначанасьці»

«Любы радыкальны крок Лукашэнкі вельмі моцна аслабіць яго пазыцыю. Калі Беларусь прыме нейкую новую вэрсію Канстытуцыі, зь іншай канфігурацыяй улады, то адразу пачнецца нейкае браджэньне. Калі Беларусь вызваліць палітвязьняў, ня толькі нейкую частку, але і Ціханоўскага, Бабарыку, Калесьнікаву, і пры гэтым не прымусіць іх зьехаць з краіны, пачнецца браджэньне. Тое самае адбудзецца, калі Беларусь пойдзе на нейкія саступкі Расеі і радыкальна павялічыць узровень інтэграцыі. Лукашэнку застаецца толькі зацягваць цяперашні стан нявызначанасьці, пастаяннага падзеньня ўніз, страты падставаў цывілізаванай дзяржавы. Гэта яго выратавальная саломінка».

«Беларусь можа ператворыцца ў недзеяздольную дзяржаву, Вэнэсуэлу ў Эўропе»

«Рана ці позна Лукашэнку давядзецца прымаць рашэньне, якое пахісьне ягоную ўладу. Але зацягваньне гэтага працэсу будзе данбасізацыяй. Не ў палітычным пляне, бо ясна, што Беларусь захавае сувэрэнітэт, але адчуваньне ўнутры краіны будзе менавіта як данбасізацыя. Яна прадугледжвае ператварэньне Беларусі ў паўнавартасную дзяржаву-ізгой без вяршэнства закона, поўную міжнародную ізаляцыю, зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, сярэдняй клясы і прыватнага сэктара.

Таму эўрапейцам трэба дзейнічаць актыўна. Інакш гэты працэс зацягнецца на гады. Калі Захад будзе бязьдзейнічаць, то Беларусь ператворыцца ў недзеяздольную дзяржаву. Беларусь ператворыцца ў Вэнэсуэлу ў Эўропе».

«ЭЗ нарэшце далучыўся да вырашэньня сытуацыі ў Беларусі»

«Эўразьвяз упершыню за апошні год актыўна ўключыўся ў беларускі парадак дня. Людзі, якія раней намагаліся зацікавіць Брусэль Беларусьсю, цярпелі спачатку паразу за паразай. У жніўні ўсе былі на канікулах, потым пачалася рэакцыя ЭЗ, якая была слабейшай, чым нават пасьля выбараў 2010 году. Апошні год было відавочна, што ЭЗ выбраў стратэгію чакаць і назіраць, што будзе далей. Яны думалі, што крызіс вырашыцца сам па сабе. Але сытуацыя з захопам самалёту паказала, што як раней больш ня будзе. Апошнія два месяцы мы назіраем, што эўрапейцы далучыліся да вырашэньня сытуацыі ў Беларусі».

«Кампаніі лёгка абыходзяць санкцыі, без напружаньня»

«Адзін з рэальных інструмэнтаў у руках ЭЗ — гэта санкцыі. На паперы яны выглядаюць вельмі моцнымі, але паколькі ЭЗ менш дасьведчаны гулец у пляне прымяненьня санкцыяў, чым ЗША, пакуль што яны і застаюцца моцнымі толькі на паперы. Нават тыя кампаніі, якія трапілі пад санкцыі ў румках „трэцяга пакету“, МЗКТ, Агат-сыстэм, цалкам лёгка абыходзяць санкцыі, без напружаньня. Трэба ствараць структуру, якая будзе займацца кантролем за выкананьнем беларускіх санкцыяў».

«Пасьля наступнага пакету санкцый, я ўпэўнены, працэсы пачнуцца»

«Першыя сур’ёзныя санкцыі супраць Беларусі былі ўведзеныя пасьля выбараў 2006 году. Тады ЗША ўпершыню ўвялі эканамічныя санкцыі супраць „Белнафтахіму“, у які тады ўваходзіў і „Беларуськалій“. Пасьля тых санкцыяў, у 2007-2008 гадах, пачалася

Тадэвуш Гічан
Тадэвуш Гічан

першая адліга, калі Лукашэнка пачаў зьяўляцца на людзях з Колем, пачаў рабіць рэвэрансы ў бок Захаду. Закончылася гэта 2010 годам і чарговым увядзеньнем санкцыяў. Калі тады ўвялі санкцыі супраць Пефціева, „Белтэхэкспарту“, то ўзгадайце, як яны забегалі. Тады шмат пісалі пра лабізм. І пры пераглядзе санкцыяў, у 2012 годзе, кампанія Пефціева зьнікла са сьпісу. Яны могуць казырацца, што не баяцца санкцыяў, маўляў ёсьць Расея. Але насамрэч санкцыі вельмі моцна б’юць па эканоміцы і бізнэсоўцах рэжыму. У наступным пакеце санкцыі закрануць Алексіна, Вараба’я і я ўпэўнены, што працэсы пачнуцца».

«Павінен быць мэханізм, каб біць па руках, калі яны будуць хітраваць»

«У дадзены момант гэтыя санкцыі не працуюць. Я магу правесьці шмат прыкладаў, калі беларускія кампаніі ствараюць аднадзённыя фірмы, праз якія яны закупляюць усё тое самае: дацкія турбіны, нямецкія рухавікі. Эўропа звяла санкцыі, але ніхто гэтага не кантралюе. Цяпер усё залежыць ад саміх заходніх кампаній. Калі яны хочуць праявіць грамадзянскую сьпеласьць, то яны ня будуць працаваць зь беларускімі кампаніямі. Калі яны захочуць зарабіць, то з задавальненьнем прададуць усё нейкай кампаніі-пасярэдніку, якая зьявілася пазаўчора. Цяпер галоўны момант, каб прынятыя санкцыі пачалі працаваць. Павінна быць створаная невялікая працоўная група ў Брусэлі, якія будуць атрымліваць інфармацыю і будзе рабіць так, каб не было санкцыйных дзірак. Павінен быць мэханізм, каб біць па руках, калі яны будуць хітраваць».

«Бізнэсоўцы пад санкцыямі будуць намагацца нейкім чынам узьдзейнічаць на Лукашэнку»

«Бізнэсоўцы пад санкцыямі могуць абмяркоўваць свае праблемы паміж сабой. Яны моцна сябруюць зь Віктарам Лукашэнкам. Ужо ёсьць чуткі, што Віця Лукашэнка ня вельмі рады. Я не магу сказаць, што вакол яго фармуецца нейкая кааліцыя, але гэтыя людзі размаўляюць паміж сабой. Зразумела, што яны хацелі б нармалізацыю, бо цяперашняя сытуацыя замінае ім зарабляць грошы. Яны будуць намагацца нейкім чынам узьдзейнічаць на Лукашэнку. Калі Лукашэнка будзе ісьці на адмову, то мы будзем бачыць далейшую эскаляцыю, новыя віткі крызісу. Пры гэтым яны будуць рабіць памылкі. І ў нейкі момант нешта недзе трэсьне. Адна з мэтаў санкцыяў, каб рэжым ня змог увайсьці ў стан самазаспакаеньня, у якім ён знаходзіўся апошнія паўгода, калі падавіў вулічныя пратэсты».

«У Беларусі значна меншы запас трываласьці, чым у Эўропы»

«Самая цёмная ноч перад сьвітаньнем. На жаль, санкцыі — адзіны працоўны інструмэнт. Пра гуманітарную інтэрвэнцыю ніхто нават не кажа. Адзіны эфэктыўны інструмэнт Эўропы — санкцыі. Уся іншая дапамога, як стыпэндыі для рэпрэсаваных студэнтаў, СМІ і НДА, гэта ўзьдейнічае на наступствы праблемы, але ня ўзьдзейнічае на прычыны. У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта прывядзе да пагаршэньня з правамі чалавека ў Беларусі, бо замест таго, каб ісьці назад, улады Беларусі пачынаюць помсьціць. Але ў нейкі момант або Эўропе або Лукашэнку давядзецца спыніцца. У Беларусі значна меншы запас трываласьці, чым у Эўропы. У папярэднія гады гэта пачыналася ад вызваленьня закладнікаў у абмен на прэфэрэнцыі. Думаю, што цягам шасьці месяцаў мы пабачым нешта кшталту амністыі. Эўропе трэба працягваць ціснуць і не купляцца на спробы МЗС Макея».

«Чорная дзіра ў выглядзе Беларусі невыканальная для расейскага бюджэту»

«Крэмль можа зрабіць так, што Лукашэнка будзе кіраваць яшчэ 10-15 год, пакуль не памрэ. Але ці захоча ён? Гэта і ёсьць адна з мэтаў санкцый, каб падтрымка Лукашэнкі каштавала Расеі ўсё даражэй і даражэй, і каб не прыносіла ёй яўных палітычных і эканамічных выгодаў. Верагодна, што падчас частых візытаў да Пуціна Лукашэнка просіць у яго дапамогі, але што ён можа прапанаваць Маскве ўзамен? Прызнаньне Крыму, адну вайсковую базу ў Беларусі? Пакуль мы бачым нават гэтага. Расеі пакуль абсалютна непатрэбна кампэнсаваць страты, якія нясе беларускі бюджэт у выніку санкцый. У бліжэйшы час бюджэтная дзірка будзе працягваць расьці. Усё будзе залежыць ад Расеі. Ці захоча яна падтрымаць Лукашэнку і што ён дасьць узамен. Таму ЗША і Эўропа павінны расставіць чырвоныя сьцяжкі, за якія Крамлю ні ў якім разе нельга заступаць у Беларусі. Расея можа ўтрымліваць Крым або Асэтыю. Але чорная дзіра ў выглядзе Беларусі невыканальная для расейскага бюджэту».

«Калі ў Лукашэнкі ня будзе поўнай улады, то яго заціснуць у далёкі кут практычна адразу»

"Я перакананы, што Лукашэнка ня пойдзе на такія саступкі Маскве, якія пазбавяць яго ўлады. Ён не пагодзіцца на губэрнатара, бо фактычна гэта яго палітычная сьмерць. Нават калі Беларусь увойдзе ў склад Расеі, то ён ня будзе Кадыравым. Усход — справа тонкая. Там хітрыя кланавыя сыстэмы. Беларусь зусім іншая справа. Расея заўсёды зможа дамовіцца з чыноўнікамі, зь Мясьніковічам і іншымі. Калі ў Лукашэнкі ня будзе поўнай улады, то яго заціснуць у далёкі кут практычна адразу. І Лукашэнка выдатна гэта разумее сам. На ніякую абсалютную інтэграцыю ён ня пойдзе. Ад яго будзе вельмі складана пазбавіцца. Думаю, што гэта працэс прадоўжыцца яшчэ паўгода-год, а можа некалькі год. Лукашэнка будзе чапляцца да канца, пакуль іншых варыянтаў не застанецца. Пакуль яго канчаткова не загоняць у кут і з боку Расеі, і санкцыямі Захаду, і ўнутры краіны. Калі яшчэ Ўкраіна далучыцца да санкцыяў, то гэта будзе такі ўдар, што яго прыбяруць свае ж людзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG