Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заявіў, што не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі і чакае новых выбараў

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эўразьвяз лічыць, што інаўгурацыя і новы прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі «ня маюць дэмакратычнай легітымнасьці». Такую заяву ад імя ЭЗ зрабіў высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў галіне замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль.

У заяве гаворыцца:

«Нагадваючы пра заяву высокага прадстаўніка ад імя Эўрапейскага Зьвязу ад 11 верасьня, ЭЗ яшчэ раз пацьвярджае, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Эўрапейскі Зьвяз не прызнае іх сфальсыфікаваныя вынікі. На гэтай падставе так званая „інаўгурацыя“ 23 верасьня 2020 году і новы мандат, на які прэтэндуе Аляксандр Лукашэнка, пазбаўленыя якой-небудзь дэмакратычнай легітымнасьці.

Гэтая „інаўгурацыя“ наўпрост супярэчыць волі значнай часткі насельніцтва Беларусі, выяўленай у шматлікіх, беспрэцэдэнтных і мірных пратэстах пасьля выбараў, і служыць толькі далейшаму паглыбленьню палітычнага крызісу ў Беларусі.

Пазыцыя Эўразьвязу ясная: грамадзяне Беларусі заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі, каго яны свабодна выбіраюць, з дапамогай новых інклюзіўных, празрыстых і вартых даверу выбараў».

У сваёй заяве Жузэп Бурэль зноў выказвае салідарнасьць зь мірнымі дэманстрантамі ў Беларусі:

«Мы ўражаныя і кранутыя мужнасьцю беларускага народу, які працягвае мірныя дэманстрацыі за дэмакратыю і свае асноўныя правы, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі з боку уладаў Беларусі. Мы салідарныя зь беларусамі і цалкам падтрымліваем іх дэмакратычнае права абіраць свайго прэзыдэнта з дапамогай новых свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЭ.

Мы пацьвярджаем нашы чаканьні, што беларускія ўлады неадкладна ўстрымаюцца ад любых далейшых рэпрэсій і гвалту, накіраваных супраць беларускага народу, і неадкладна і безумоўна вызваляць усіх затрыманых, у тым ліку палітычных вязьняў».

Высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў галіне замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль настойвае на новых выбарах у Беларусі і заяўляе, што ЭЗ пераглядае свае дачыненьні зь Беларусьсю:

«ЭЗ па-ранейшаму перакананы ў тым, што інклюзіўны нацыянальны дыялёг і пазытыўны адказ на патрабаваньні беларускага народу аб правядзеньні новых дэмакратычных выбараў — адзіны шлях наперад у пошуку выхаду з сур’ёзнага палітычнага крызісу ў Беларусі з павагай да пажаданьняў беларускага народу.

У сьвятле цяперашняй сытуацыі Эўразьвяз пераглядае свае адносіны з Беларусьсю».

***

У Менску 23 верасьня прайшла цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Яна не трансьлявалася на дзяржаўным радыё і телевізіі, нягледзячы на патрабаваньні закону.

Увечары 23 верасьня ў Менску і шэрагу іншых гарадоў адбыліся масавыя акцыі пратэсту, выкліканыя інаўгурацыяй. Праваахоўныя органы жорстка дзейнічалі супраць пратэстоўцаў, у Менску былі ўжытыя вадамёты і пярцовы газ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG