На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў «Праскім акцэнце» адказваюць палітоляг, старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Андрэй Лаўрухін і палітычны аналітык Павал Быкоўскі.
Быкоўскі
- У нашай гісторыі ўжо былі пэрыяды пагромаў грамадзянскай супольнасьці, хоць яны і не былі такімі моцнымі, як цяпер.
- Былі пэрыяды, калі перакрывалі каналы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці з-за мяжы.
- Зараз закранулі далёка ня ўвесь спэктар грамадзянскай супольнасьці, закранулі тых, хто мог бы выказацца падчас палітычных кампаніяў, скажам, падчас рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі ці паглыбленьні інтэграцыі.
- На мой погляд, размова ідзе пра структуры, якія заміналі ўладам у пэўны пэрыяд.
- Я ня ўпэўнены, што такое шоў можна рабіць кожны дзень.
- Апошнія ператрусы рабіліся дэманстратыўна жорстка. Навошта было ламаць дзьверы ў офісе Радыё Свабода, калі ён арандаваўся ў дзяржаўнага прадпрыемства?
- Мы назіраем пэўны хаос з тым, каго затрымліваюць, а каго адпускаюць.
- Калі гэта інструмэнтальная рэч, то пасьля рэфэрэндуму гэтая кампанія перасьледу скончыцца.
- Цэлыя структуры, якія цяпер эмігруюць, могуць працягваць сваю працу за мяжой, праўда, невядома, наколькі доўга.
- Цяпер у беларускім рэжыме расколу няма. Але ён можа ўзьнікнуць, калі ў беларускую сытуацыю больш актыўна ўмяшаецца Расея.
- Бок Ціханоўскай ня можа прапанаваць нічога, што было б цікавым прадметам торгу для Лукашэнкі.
- І яму пакуль няма прычынаў уступаць зь ёй у дыялёг.
- Масква спачатку рабіла розныя заявы, а потым сказала, што калі Менск захоча, то падтрымае любы дыялёг.
- Цяпер адсутнічае сытуацыя, у якой дыялёг магчымы.
- Магчыма, што артыкул Пуціна пра адзінства расейскага і ўкраінскага народаў тычыцца ня толькі іх, але і беларусаў.
- У далёкай пэрспэктыве дыялёг, хутчэй за ўсё, будзе, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве будзе гандаль палітзьняволенымі.
- Калі змаганьне зводзіцца да лабіяваньня на Захадзе, а ўнутры краіны яно фактычна замарожанае, то я ня бачу, што магло б падштурхнуць рэжым да перамоваў.
Лаўрухін
- Наперадзе самаабнаўленьне грамадзянскай супольнасьці.
- Папярэднія формы жыцьця грамадзянскай супольнасьці былі адкрытыя і шмат у чым наіўныя.
- Зараз будуць зьяўляцца больш закансьпіраваныя, больш спрактыкаваныя формы дзейнасьці.
- Гэта будуць больш партызанскія формы дзейнасьці, і не ў фігуральным, а ў рэальным сэнсе.
- У цяперашняй сытуацыі прэзыдэнт ня можа ўтрымліваць уладу іншым шляхам.
- Ён нелегітымны, ён непрызнаны.
- Адзіная форма ўтрыманьня ўлады для Лукашэнкі зараз — гэта ўзмацненьне рэпрэсіяў.
- Ён ня можа абаперціся ані на эканамічны дабрабыт, ані нават на «ябацек», бо няма вобразу будучыні.
- Лукашэнка зараз будзе атрымліваць дапамогу ад Расеі, толькі калі ён зможа заваяваць любоў «ястрабаў», большую нават, чым мае Пуцін.
- Ён павінен паказваць, што ў яго больш «стальныя яйцы», чым нават у Пуціна.
- Абмежаваньне тут толькі адно — што ўсё гэта нечага каштуе.
- І ёсьць пытаньне ідэйнага абмежаваньня — а дзеля чаго гэта робіцца?
- На гэтае пытаньне ва ўлады няма адказу.
- У мяне ёсьць досьвед працы ў ЭГУ. І ён паказвае, як складана эміграцыйнай структуры захаваць сувязь з грамадзтвам мэтраполіі.
- Гэта вельмі скажае оптыку, асабліва гэта тычыцца мэдыя-асяродзьдзя.
- Цяперашняя хваля эміграцыі — самая вялікая з пачатку 90-х гадоў.
- Гэта стварае прынцыпова іншую сытуацыю за мяжой, гэта вядзе да стварэньня паўнавартаснай дыяспары са сваёй інфраструктурай.
- Абапіраючыся на гістарычны досьвед, у тым ліку і больш жорсткіх сутыкненьняў, можна сказаць, што нават грамадзянскія войны сканчаюцца мірам.
- У Гішпаніі пасьля Франка каты і ахвяры знайшлі агульную мову.
- Ці будзе адплата катам? Вось у гэтым я ня ўпэўнены.
- Беларусы, мы, не гатовыя біцца.
- Мы гатовыя быць хутчэй ахвярамі і дапамагаць ахвярам.
- Суровы, але аптымістычны факт, што ў Беларусі ніводнага сьмяротнага прысуду за палітыку.
- Гэта пакуль «чырвоная лінія» для ўлады.
- СССР — гэта быў унівэрсум. У Беларусі гэтага няма, і гэта немагчыма.
Што было раней
- 14 ліпеня сілавікі правялі ператрусы ў офісах праваабарончых ды іншых няўрадавых арганізацый, а таксама па месцы жыхарства праваабаронцаў.
- Пасьля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя грамадзкія дзеячы і актывісты, якія рашэньнем праваабарончай супольнасьці прызнаныя палітычнымі вязьнямі:
- Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»
- Валянцін Стэфановіч, сябра рады «Вясны»
- Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
- Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны» (на волі)
- Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны» (на волі)
- Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»
- Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»
- Яўгенія Бабаева, праваабаронца (на волі)
- Ніна Лабковіч, дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band
- Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку (на волі)
- Сяргей Мацкевіч, цэнтар «Супольнасьць» (на волі)
- Сілавікі рабілі ператрусы ў праваабаронцаў у Берасьці, Горадні, Воршы, Мазыры, Гомлі, Полацку, Барысаве, Смаргонях. Зь ператрусам прыйшлі ў арганізацыі: Праваабарончы цэнтар «Вясна», Фонд імя Льва Сапегі, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацыі, у фонд «Имена», BEROC, у офіс руху «За свабоду», у офіс лябараторыі «Новак», Офіс дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі «ЮларКансалт», у офіс Партыі БНФ і да эканаміста Яраслава Раманчука.
- З 8 ліпеня ў Беларусі пачалася хваля рэпрэсій у адносінах да журналістаў.
- Хваля рэпрэсій працягнулася, у наступныя 10 дзён прайшлі 63 ператрусы ў супрацоўнікаў СМІ і рэдакцыях.
- Затрыманыя дзевяць супрацоўнікаў СМІ:
- Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы»
- Андрэй Скурко, кіраўнік аддзелаў рэклямы і маркетынгу «Нашай Нівы»
- Андрэй Дынько, галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя»
- Вольга Раковіч, бухгальтар «Нашай Нівы» (адпусьцілі 16 ліпеня)
- Ігар Ільяш, «Белсат»
- Алег Грузьдзіловіч, пазбаўлены ў 2020-м акрэдытацыі МЗС Беларусі журналіст Радыё Свабода
- Інэса Студзінская, пазбаўленая ў 2020-м акрэдытацыі журналістка Радыё Свабода
- Алесь Дашчынскі, пазбаўлены ў 2020-м акрэдытацыі журналіст Радыё Свабода
- Ганна Галёта, «Белсат».