Пра гэта Радыё Свабода паведаміла знаёмая Студзінскай, якая атрымала інфармацыю ад яе сукамэрніцы. Дадаткова спраўдзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўдалося.
Інэсу Студзінскую затрымалі 16 ліпеня пасьля ператрусу. У той жа дзень затрымалі Алеся Дашчынскага і Алега Грузьдзіловіча. Усе яны шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода і летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі. Таксама ў той дзень былі затрыманыя журналісты тэлеканалу Белсат Ганна Галёта і Ігар Ільяш.
20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна паведаміў родным, што Алег Грузьдзіловіч і Алесь Дашчынскі затрыманыя да 10 дзён. Інфармацыі пра Інэсу Студзінскую няма. Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюцца журналісты.
Справу вядзе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску. Адвакатаў па-ранейшаму ніхто нікуды не выклікаў і нічога не паведамляў, хоць яны даслалі паведамленьні пра абарону.
Кіраўнік Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай зрабіў заяву з нагоды затрыманьня журналістаў:
«Арышт Алеся Дашчынскага з РСЭ / РС — як і арышты яго калегаў Алега Грузьдзіловіча, Іны Студзінскай і многіх іншых незалежных беларускіх журналістаў — зьяўляецца апошнім яркім сьведчаньнем адчаю Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя бесьперапынныя напады на журналістаў, якія служаць народу Беларусі, не схаваюць праўды аб тым, што адбываецца ў краіне. Алесь і яго калегі павінны быць неадкладна вызваленыя».
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі затрыманых журналістаў палітвязьнямі. Агулам па стане на 20 ліпеня прызналі палітвязьнямі 577 чалавек.