«Ад 14 ліпеня ў Беларусі затрымалі каля дзясятка праваабаронцаў, у офісах грамадзкіх арганізацый і ў прыватных кватэрах адбыліся ператрусы. Маштабныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці ёсьць чарговай спробай рэжыму Лукашэнкі здушыць іншадумства і спыніць законнае дакумэнтаваньне парушэньняў правоў чалавека. Гэтае дакументаванне неабходнае для прыцягнення вінаватых да адказнасьці, на гэты момант ужо зафіксавана больш за 2 000 выпадкаў сур’ёзных эксцэсаў», — гаворыцца ў заяве.
Незалежна ад дзеяньняў рэжыму, плятформа будзе працягваць дакумэнтацыю сур’ёзных парушэньняў міжнароднага заканадаўства дзеля прыцягненьня вінаватых да правасудзьдзя. Супольныя высілкі ў гэтым напрамку падтрымалі ўрады больш чым двух дзясяткаў дзяржаў.
У сваю чаргу нямецка-швэйцарская праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights апублікавала заяву, у якой заклікае эўрапейскія краіны прыняць больш жорсткія меры супраць рэжыму Лукашэнкі.
«Стала відавочна, што зробленых захадаў недастаткова для спыненьня дзяржаўнага тэрору супраць беларускага народу, — гаворыцца ў заяве. — За апошнія тыдні былі ліквідаваны апошнія крытычныя галасы. Рэжым раздушыў рэшткі беларускіх незалежных мэдыя і зьняволіў дзясяткі супрацоўнікаў СМІ. Улады таксама ўчынілі атакі на офісы праваабарончых арганізацый, правялі ператрусы ў дамах і затрымалі шматлікіх праваабаронцаў — у тым ліку Алеся Бяляцкага, ляўрэата Альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміі 2020 году».
У дадатак да санкцый, якія ўжо ўведзеныя, Libereco заклікае ўсе дэмакратычныя ўрады зрабіць далейшыя захады супраць беларускага рэжыму. У прыватнасці, праваабаронцы прапануюць выключыць беларускія банкі зь міжнароднай плацежнай сыстэмы SWIFT, забараніць гандаль беларускімі дзяржаўнымі аблігацыямі, выслаць усіх беларускіх паслоў і адклікаць усіх амбасадараў зь Беларусі.
Акрамя таго, Libereco заклікае забараніць выкарыстаньне чырвона-зялёнага беларускага сьцяга ў міжнароднай практыцы, бо гэта сымбаль тэрарыстычнага рэжыму.
Расейскія праваабаронцы салідарныя з затрыманымі беларускімі калегамі
Расейскія праваабаронцы салідарныя з затрыманымі беларускімі калегамі
Прадстаўнікі расейскіх праваабарончых арганізацый таксама асудзілі маштабныя рэпрэсіі, якія разгарнуліся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
У заяве, апублікаванай на сайце праваабарончага цэнтра «Мемориал», яны падтрымалі затрыманых калег.
«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі парушае правы і свабоды грамадзян Беларусі больш за чвэрць стагодзьдзя. Аднак пасьля таго, як мінулым летам грамадзяне прагаласавалі супраць кіроўнага рэжыму і выйшлі на вуліцы з масавым мірным пратэстам супраць фальсыфікацый на выбарах, злачынныя дзеяньні ўладаў набылі новыя маштаб і якасьць, а рэпрэсіі сталі масавымі. За год у Беларусі практычна зьнішчаныя права на свабоду сходаў і аб’яднаньняў, права на свабоду выказваньня меркаваньняў», — гаворыцца ў заяве.
Расейскія праваабаронцы зьвяртаюць увагу на лік беларускіх палітвязьняў, (яна на гэты момант складае 561 чалавек), зьняволеных асобаў і ўсіх тых, хто перасьледваўся па палітычных матывах.
«Драконаўскае заканадаўства і правапрымяняльная практыка ставяць па-за законам любое выказываньне нязгоды з уладай або грамадзянскую актыўнасьць. Супраць грамадзкіх актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў масава заводзяць крымінальныя справы, у першую чаргу па абвінавачваньнях у масавых беспарадках, грубым парушэньні грамадзкага парадку, іншых „экстрэмісцкіх“ і нават „тэрарыстычных“ злачынствах. Гэтыя абвінавачваньні з боку нелегітымнай улады ёсьць інструмэнт расправы, і ня маюць дачыненьня да права», падкрэсьліваюць праваабаронцы. — Мэта новай атакі на СМІ і праваабаронцаў — з аднаго боку, перакрыць распаўсюд інфармацыі аб гэтых злачынствах, ліквідаваўшы рэшткі свабоды слова, а з другога — «зачысьціўшы» праваабарончы сэктар, пазбавіць ахвяры злачынстваў прававой дапамогі. У гэтым — асаблівая грамадзкая небясьпека апошняй хвалі рэпрэсій".
Расейскія праваабаронцы таксама зьвяртаюць увагу на ўдзел уладаў сваёй краіны ў рэпрэсіях у Беларусі.
«Расейскія ўлады падзяляюць адказнасьць за злачынствы супраць беларускага народа. Зьневажаньне рэжымам Лукашэнкі правоў чалавека і міжнародных абавязацельстваў немагчыма бязь дзейснай падтрымкі — эканамічнай, інфармацыйнай, дыпляматычнай, сілавы — з боку Расеі, якую зьвязваюць з Беларусьсю шэраг міжнародных арганізацый (Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпекі і інш.) і нават «саюзная дзяржава».
Праваабаронцы зазначаюць, што грамадзянская супольнасьць не падзеленая межамі.
«Алесь Бяляцкі прыяжджаў у Маскву і ў Грозны на працэсы праваабаронцаў Алега Арлова і Аюба Ціціева. Цяпер мы, расійскія праваабаронцы, выказваем салідарнасьць зь беларускімі калегамі. Мы патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня. Мы патрабуем ад расейскай улады спыніць падтрымку сыстэмных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Мы заклікаем урады замежных краін і міжнародныя арганізацыі прыкласьці ўсе магчымыя намаганьні для вызваленьня беларускіх праваабаронцаў і ўсіх палітвязьняў Беларусі».