Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Гаіці заявілі аб удзеле ў забойстве прэзыдэнта 28 чалавек: сярод іх грамадзяне ЗША і калюмбійскія вайскоўцы


Зброя, тэлефоны і дакумэнт наймітаў, якія забілі прэзыдэнта Гаіці
Зброя, тэлефоны і дакумэнт наймітаў, якія забілі прэзыдэнта Гаіці

Атрад наймітаў, якія забілі прэзыдэнта Гаіці Жавэнэля Маіза, складаўся з 28 чалавек, заявіў міністар у справах галасаваньня і міжпартыйных адносін Матыяс П’ер. Пра гэта паведамляе The Guardian.

Шэсьць чалавек былі арыштаваныя і сямёх, як паведамляецца, забілі, калі гаіцянскія сілы бясьпекі перасьледавалі баевікоў, адказных за забойства прэзыдэнта Жавэнэля Маіза.

«Іншаземцы прыехалі ў нашу краіну, каб забіць прэзыдэнта. Там былі 26 калюмбійцаў, апазнаных па пашпартах, а таксама два амэрыканцы з Гаіці», — сказаў начальнік нацыянальнай паліцыі краіны Леон Шарль на прэс-канфэрэнцыі.

Гаіцянская паліцыя аглядае ўскраіны сталіцы
Гаіцянская паліцыя аглядае ўскраіны сталіцы

Ён прадэманстраваў некалькі калюмбійскіх пашпартоў, а таксама штурмавыя вінтоўкі, мачэтэ, рацыі і іншыя сродкі.

Раней агенцтва Associated Press са спасылкай на афіцыйных асоб у Гаіці паведамляла, што ўлады краіны, па папярэдніх дадзеных, затрымалі двух грамадзян ЗША, якія маглі мець дачыненьне да забойства гаіцянскага прэзыдэнта. Мяркуецца, што гаворка ідзе пра амэрыканцаў гаіцянскага паходжаньня, прычым адзін зь іх — былы ахоўнік канадзкай амбасады ў Порт-о-Прэнсе.

Пры гэтым іншыя амэрыканскія СМІ паведамляюць толькі пра аднаго затрыманага амэрыканца, а прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што бачыў публікацыі на гэтую тэму, але пакуль ня можа ні пацьвердзіць, ні абвергнуць такія дадзеныя.

Акрамя грамадзян ЗША, у нападзе на прэзыдэнта Гаіці ўдзельнічалі калюмбійцы — паводле папярэдняй інфармацыі, адстаўныя вайскоўцы краіны. Пра гэта заявіў міністар абароны Калюмбіі Дыега Маляна. Ён запэўніў, што Калюмбія прыме ўдзел у расьсьледаваньні.

53-гадовага прэзыдэнта Гаіці Жавэнэля Маіза забілі ў ноч на 7 ліпеня ў яго рэзыдэнцыі Пэлерын ў Порт-о-Прэнсе. Атака на рэзыдэнцыю адбылася каля гадзіны ночы, прэзыдэнт быў сьмяротна паранены, паранілі і першую лэдзі Марціну Маіз. Яе адправілі на лячэньне ў ЗША, паведаміў пасол Гаіці ў Вашынгтоне Бакчыт Эдманд.

Пасьля нападу ў краіне абвясьцілі ваеннае становішча. Гэта рашэньне дае ўладам магчымасьць закрыць межы, надзяліць паліцыю і вайскоўцаў дадатковымі паўнамоцтвамі для забесьпячэньня выкананьня закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG