Дзяржаўны сакратар Гаіці ў пытаньнях камунікацыі Франц Эксантус заявіў, што паліцыя выйшла на сьлед меркаваных забойцаў, інфармуе CBS News. Празь некалькі гадзін пасьля ўдалага замаху на 53-гадовага прэзыдэнта Жавэнэля Маіза паліцыя застрэліла чатырох меркаваных удзельнікаў атакі, а яшчэ дваіх затрымала.
У размове з агенцтвам AP пасол Гаіці ў ЗША Бокшы Эдмон сказаў, што забойства прэзыдэнта «зьдзейсьнілі добра арганізаваныя замежныя найміты і прафэсійныя забойцы», якія былі апранутыя ў форму агентаў амэрыканскай Управы барацьбы з наркотыкамі (DEA).
Амбасада ЗША ў Гаіці пацьвердзіла, што ў Порт-о-Прэнсе працуе прадстаўніцтва DEA, супрацоўнікі якога дапамагаюць мясцовым уладам ажыцьцяўляць праграмы барацьбы з распаўсюдам наркотыкаў.
Паводле часовага прэм’ер-міністра Гаіці Клёда Жазэфа, некаторыя з «узброеных да зубоў» людзей, якія забілі прэзыдэнта, гаварылі па-гішпанску.
Удава прэзыдэнта Гаіці, Марцін Маіз, насуперак ранейшай інфармацыі пра гібель у шпіталі ад траўмаў, засталася жывой і знаходзіцца ў стабільным, але крытычным стане. Яе перавезьлі ў Маямі для далейшага лячэньня.
Улады Гаіці зьвярнуліся да ЗША па дапамогу ў расьсьледаваньні. Бокшы Эдмон мяркуе, што забойцы маглі ўцячы праз сухапутную мяжу ў Дамініканскую Рэспубліку або па моры.
Група баевікоў забіла прэзыдэнта Жавэнэля Маіза і параніла яго жонку падчас начнога налёту на прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю 7 ліпеня, што выклікала яшчэ большы хаос у краіне, якая пакутуе ад злачыннасьці, інфляцыі і ўсё больш аўтарытарных паводзін уладаў.
Прэм’ер-міністар Клёд Жозэф заклікаў да міжнароднага расьсьледаваньня забойства прэзыдэнта і сказаў пра неабходнасьць правядзеньня выбараў, заплянаваных на канец году, паабяцаўшы супрацоўнічаць як з саюзьнікамі, так і з апанэнтамі Маіза. Забіты прэзыдэнт, згодна са словамі прэм’ер-міністра, быў мужным чалавекам, але меў шмат ворагаў, бо выступіў супраць некаторых алігархаў.
Улады абвясьцілі ў краіне надзвычайнае становішча і закрылі міжнародны аэрапорт. Суседняя Дамініканская Рэспубліка заявіла, што закрывае межы і ўзмацняе захады бясьпекі.