Дата дня
2 ліпеня 2012 году ў Вільні памёр Сяржук Вітушка, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, кіраўнік легендарнай менскай «Талакі» — аднаго зь першых моладзевых нацыянальна-дэмакратычных згуртаваньняў у часы СССР.
Быў канец 1980-х. Купальле ў лесе пад Менскам — шматлюднае, з магутным вогнішчам, карагодамі, скокамі цераз агонь, зь сьпевамі і вянкамі. З атмасфэраю сапраўднага сьвята, напоенай чаканьнем дзівосаў — і ад гэтае ночы, і ад блізкае будучыні, у якую ўступала Беларусь.
Рэй вёў ён, Сяржук: завіхаўся каля купальскіх колаў, распараджаўся наконт дроваў, выбіраў Купалінку і, здавалася, зусім не зважаў на дзясяткі захопленых дзявочых позіркаў. Малады, прыгожы, з румянцам на шчоках. Кроў з малаком. Хто мог падумаць, што гэты румянец — сьведчаньне ягонае цукроўкі...
Студэнт гістфаку БДУ Сяржук Вітушка тады старшыняваў у моладзевым гістарычна-культурным клюбе «Талака».
Калі «Талака» спыніла існаваньне, бо бальшыня яе сяброў уступіла ў Беларускі Народны Фронт (які разам з старэйшымі аднадумцамі і стварала), Сяржук пераехаў у любую ягонаму сэрцу Вільню, у якой меркавалася ўскалыхнуць беларускую супольнасьць.
На ягоных уроках вучні віленскай беларускай школы імя Францішка Скарыны спасьцігалі таямніцы гісторыі. Вітушка займаўся аднаўленьнем Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча і выдаваў газэту «Vilnia i kraj», пісаў для «Нашай Нівы» і газэты віленскіх беларусаў «Рунь».
А бязьлітасныя абдымкі хваробы рабіліся ўсё мацнейшымі. Кожная справа давалася Сержуку шматкроць цяжэй, чым сябрам.
Надышоў дзень, калі ў Вітушкавых вачах назусім пагасла сьвятло.
Памятаю, я сказаў яму пра свайго ўлюбёнага Борхэса, які пятнаццаць гадоў жыў і ствараў у цемры. Але Сяржук і сам быў невераемна моцны духам, хоць тады яшчэ ня ведаў, што наперадзе ампутацыя нагі й інвалідны вазок.
Страціўшы зрок, ён не разгубіўся, застаўся ў сваёй сыстэме каардынатаў.
Ён вынайшаў «сьляпыя экскурсіі» па Вільні для прыежджых беларусаў. Ён навучыўся добра наўсьлеп кулінарыць. Пачаў пісаць казкі, п’есы і беларускія тэксты на папулярныя мэлёдыі.
Усе апошнія гады Сяржук пакутліва шукаў асабісты шлях да Бога і казаў, што ня можа зразумець, чаму абедзьве галоўныя хрысьціянскія канфэсіі Беларусі не падымаюць голасу супроць перасьледу нязгодных з уладай, супроць зьнішчэньня мовы, якое вядзе нацыю ў нябыт.
Душу закутага ў вечную ноч пакутніка пасьпеў асьвятліць прамень радасьці ад выхаду ягонай першай кніжкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі», неўзабаве паўторанай у аўдыёвэрсіі.
Другая кніга — «Тэатар Сержука Вітушкі» пабачыла гэты сьвет, калі ён ужо бачыў іншы. Выданьне нездарма назвалі цудам.
Калі ў вас у сям’і ёсьць дзеткі, гэтая кніжка — з пальчыкавым тэатрыкам для маленькіх, з тэатрам ценяў, з пантамімамі, гульнямі, забаўлянкамі й казкамі-пірамідкамі — можа стаць цудоўнай знаходкай.
...З кім мне цяпер размаўляць пра тое, што віленскія будынкі могуць зьнікаць і зноў зьяўляцца, а жыхары — адначасова быць у розных месцах?
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 628–629
Таксама ў гэты дзень
1776 — у Філядэльфіі Другі кантынэнтальны кангрэс прыняў рашэньне аб аддзяленьні паўночнаамэрыканскіх калёній ад Вялікай Брытаніі.
1875 — заснавана Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя.
1900 — адбыўся першы палёт дырыжабля канструкцыі графа Фэрдынанда фон Цэпэліна.
У гэты дзень нарадзіліся
1877 — Герман Гесэ, швайцарска-нямецкі пісьменьнік і мастак, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
1923 — Віслава Шымборска, польская паэтка, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
У памяці
1778 — памёр Жан-Жак Русо, францускі філёзаф-асьветнік.
1961 — памёр Эрнэст Гэмінгуэй, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
1977 — памёр Уладзімір Набокаў, амэрыканскі і расейскі пісьменьнік.
1989 — памёр Андрэй Грамыка, ураджэнец Беларусі, савецкі дзяржаўны дзеяч і дыплямат, міністар замежных справаў СССР у 1957–1985 гадах.