Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Янкута – пра найлепшыя кнігі беларускіх перакладаў сусьветнай клясыкі


Ганна Янкута
Ганна Янкута

Наша сёньняшняя экспэртка – маладая перакладчыца, адна са стваральніц і актыўных аўтарак інтэрнэтнага часопісу перакладной літаратуры “ПрайдзіСьвет” Ганна Янкута. У сваім прыватным рэйтынгу яна вызначыла пяць найлепшых кніг сусьветнай клясыкі па-беларуску.






Ёган Вольфганг Гётэ. Фаўст. Пераклад зь нямецкай Васіля Сёмухі. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1976.

Дзеля таго, каб пераклад атрымаўся выбітным, мала аднаго майстэрства перакладчыка. Трэба, каб сам твор быў выключны, бо менавіта такія творы даюць перакладчыку мажлівасьць разгарнуцца напоўніцу ды паказаць сябе ва ўсёй моцы. А таму нельга не пачаць гэты сьпіс з глыбы, якую некаторым не пад сілу нават зь месца зварухнуць. А “Фаўст” у перакладзе Васіля Сёмухі непаўторны – як і сам арыгінал.



Герман Гесэ. Гульня шкляных пэрлаў. Пераклад зь нямецкай Васіля Сёмухі. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1991.

У інтэрвію часопісу “ПрайдзіСьвет” Васіль Сёмуха сказаў, што “Гульню шкляных пэрлаў” ён пачаў перакладаць “па інэрцыі” пасьля “Доктара Фаўстуса” Томаса Мана. Але гэтая інэрцыя ніяк не адбілася на выніку працы спадара Сёмухі. Як і ўсё, што робіць гэты найлепшы на сёньня беларускі перакладчык прозы, ягоны пераклад рамана Гесэ “Гульня шкляных пэрлаў” атрымаўся шыкоўны. Асабліва мне даспадобы ягоная бліскучая, жывая беларуская мова, якая здаецца ў творы нават жывейшай за галоўнага героя Кнэхта.



Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Пераклад з польскай мовы Міколы Хаўстовіча. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2005.

Карлас Шэрман у адным са сваіх артыкулаў разглядаў пытаньне перакладу і нацыянальнай самасьвядомасьці. Менавіта гэты крытэр я бяру, вылучаючы на трэцяе месца свайго рэйтынгу твор, які, на маю думку, найбольш паўплываў на нацыянальнае сьветаадчуваньне беларусаў, прычым, беларусаў сучасных, бо пераклад зроблены параўнальна нядаўна. Цікава тое, што пра чалавека, які адкрыў нам гэты твор, гавораць часьцей не як пра перакладчыка, а як пра навукоўцу і выкладчыка. Тым ня менш, высокая якасьць перакладу і тое месца, якое перакладзены твор заняў у нашай сьвядомасьці і нашай літаратуры, не пакідае ніякіх сумневаў. Таму яшчэ адзін герой сёньняшняга дня – Мікола Хаўстовіч і ягоны пераклад раману “Беларусь у фантастычных апавяданьнях” Яна Баршчэўскага.


Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі. Сёмае неба. Пераклад з польскай. Менск, “Логвінаў”, 2006.

Калі гаварыць пра сёньняшні пераклад і асабліва пра пераклад паэтычны, нельга не ўзгадаць Андрэя Хадановіча. На жаль, у яго пакуль няма ўласнай “кнігі перакладчыка”, іначай яна абавязкова прысутнічала б у гэтым сьпісе. Але ў кнізе, пра якую пойдзе гаворка, ён выступіў ня толькі адным зь перакладчыкаў (дарэчы, сьпіс перакладчыкаў там увогуле зорны), але і ўкладальнікам. Яшчэ адзін зь перакладчкаў кнігі – Леанід Дранько-Майсюк – напісаў цудоўную прадмову, якая цалкам адпавядае духу самой кнігі. Такім чынам, зборнік перакладаў паэзіі Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага “Сёмае неба” трапляе ў сьпіс як самая гарманічная перакладная кніга, у якой, як у таго чэхаўскага чалавека, усё прыўкрасна – і аўтар, і пераклады (прынамсі, большасьць зь іх), і афармленьне.

Галасы з-за небакраю: анталёгія паэзіі сьвету ў беларускіх перакладах ХХ стагодзьдзя. Складальнік Міхась Скобла. Менск, “Лімарыус”, 2008.

Ёсьць кніга, не ўзгадаць якую ў гэтым сьпісе абсалютна немагчыма. І нават не таму, што яна – самая вялікая кніга перакладаў на беларускую мову. І нават не таму, што там сабрана вельмі шмат шэдэўраў сусьветнай літаратуры. А проста таму, што анталёгія “Галасы з-за небакраю”, укладзеная Міхасём Скоблам, ёсьць “аз” і “бук” беларускага перакладазнаўства. І можна колькі заўгодна сварыцца на стан беларускага перакладу – значэньня кнігі гэта ніякім чынам не зьмяншае. І нават павялічвае. Бо менавіта яна гэты самы стан і дэманструе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG