Думаю, я не памылюся, калі выкажу меркаваньне, што бальшыня з вас слухае гэтую перадачу, наставіўшы на хвалі “Свабоды” свае старэнькія “ВЭФы” і “Акіяны” або навейшыя “SONY” і “Grundigi”. Яе можна паслухаць і нават прачытаць у Інтэрнэце, аднак у Беларусі яшчэ пануюць старыя тэхналёгіі, хоць канкурэнцыя ўжо пачалася. Падобнае адбываецца і ў кніжным сьвеце. Пра гэта распавядае Лявон Юрэвіч зь Нью-Ёрку:
(Юрэвіч: ) “Эрнэст Гэмінгуэй стане першым са славутых пісьменьнікаў, чыя творчасьць у поўным аб’ёме будзе выстаўленая на Інтэрнэт. 23 раманы пісьменьніка – будуць даступныя ў Сеціве за кошты, значна ніжэйшыя за кніжныя. Раней у Інтэрнэце публікаваліся творы іншых аўтараў – Чарлза Дыкенса, Джорджа Эліёта і Джэйн Остэн, аднак шырокая чытацкая публіка яшчэ не гатовая зьмяніць кніжную старонку на манітор, і таму новы сродак пашырэньня літаратуры разьвіваецца павольна. Раманы Гэмінгуэя будуць выстаўленыя ў Сеціве сёлета ў жніўні, доступ да іх будзе каштаваць 10 даляраў. “Гэта важны крок у стварэньні поўнай навуковай электроннай бібліятэкі твораў Гэмінгуэя, а таксама ў далучэньні клясычнай літаратуры да новай эры дыгітальнай кнігі”, зазначае Сузан Молдаў з выдавецтва “Сайман энд Шустэр”, якое на працягу апошніх 75 гадоў мае выключнае права на публікацыю твораў Гэмінгуэя. Тым часам выдавецкія гіганты – “Рэндам Гаўз” і “Тайм Ўорнэр” – зачынілі свае аддзелы электроннай кнігі, палічыўшы новы сродак непэрспэктыўным і прадказаўшы яго непазьбежную сьмерць. Найбольшым посьпехам у Інтэрнэце карыстаюцца падручнікі, навуковыя працы і практычныя дапаможнікі, а вось мастацкія творы людзі надалей больш любяць чытаць традыцыйна – на кніжных старонках”.
***
Тэхналёгія сёньня ўсё часьцей прыходзіць на дапамогу мастацтву. Навукоўцы і інжынэры дапамагаюць людзям мастацтва вырашаць даволі складаныя творчыя праблемы, як прыкладам такую, якая паўстала перад адным ірляндзкім тэатрам. Перадае Вольга Хвайніцкая:
(Хвайніцкая: ) “Ці можа актор за 90 хвілін выпіць сем пінтаў піва Гінэс і ня захмялець? Адказ на гэтае пытаньне мусіла знайсьці трупа Вульстэрскага тэатру Лірыкі, які рэпэтуе п’есу Тома Мэрфі “Размовы падчас вяртаньня”. Гісторыя распавядае пра ірляндзкага хлопца, які, пажыўшы ў Амэрыцы, прыяжджае дамоў у Ірляндыю і сустракаецца з былымі сябрамі ў мясцовым пабе. Сцэнар патрабуе, каб галоўны герой за 90 хвілін, што доўжыцца дзея, выпіў сем пінтаў – а гэта больш за тры літры – традыцыйнага ірляндзкага портэру. Паводле кіраўніка тэатру, “падрабіць Гінэс дастаткова цяжка. Таму ў папярэдніх пастаноўках сьвяты напой ірляндцаў быў заменены на сьветлае піва”. Не жадаючы адыходзіць ад арыгінальнай вэрсіі п’есы, трупа пастанавіла: на сцэне тэатру Лірыкі павінен быць толькі Гінэс. У пошуках “цьвярозай ідэі” пастаноўшчыкі зьвярнуліся да спэцыялістаў Каралеўскага ўнівэрсытэту Бэлфаста з просьбай вынайсьці формулу для безалькагольнага дублікату. Пасьля шматлікіх досьледаў экспэрты запрапанавалі свой рэцэпт “Гінэсу бяз градусаў”: у падфарбаваную ў чорны колер ваду яны дабавілі пратэін, які мае ўласьцівасьць асядаць на баках шклянкі акурат як той Гінэс. Усё ж галоўны герой п’есы, ролю якога выконвае Франкі МакКафэрці, заслугоўвае шкадаваньня – за паўтары гадзіны ён вымушаны выпіць сем пінтаў вады. На шчасьце, згодна са сцэнаром, яму ўсё ж выпадае некалькі нагодаў наведаць прыбіральню. Штовечаровае зьяўленьне перад публікай зь пінтай у руцэ часова паменшыла апэтыт МакКафэрці да піва. Цяпер, калі ў тэатры спушчаецца завеса і тушыцца сьвятло, актор адпачывае з келіхам чырвонага віна”.
У сувязі з гэтай гісторыяй прыгадваецца іншая ірляндзкая вынаходка. Падчас сёлетняй цырымоніі абвяшчэньня ляўрэатаў музычных прэміяў Grammies музыкі з гурту U2, якія перамаглі ў чатырох намінацыях, у бутэлечках ад мінэральнай вады “Эвіян” – якія шмат хто насіў па зале – мелі гарэлку і паціху сьвяткавалі перамогу, не чакаючы афіцыйнага банкету. Пра гэта прагаварыўся амаль праз два месяцы прадусэр U2 Дэніэл Лануа.
***
З Вашынгтону паведамляе Ірына Курапаткіна:
(Курапаткіна: ) “На першай старонцы iнтэрнэт-сайту Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША сярод выступленьняў Колiна Паўэла, заяваў удзельнiкаў сустрэчы мiнiстраў замежных справаў у Мадрыдзе i апошнiх паведамленьняў пра сусьветную каалiцыю ў барацьбе з тэрарызмам меней за ўсё чакаеш убачыць фотаздымак невялiчкай качкi, што зацiкаўлена глядзiць у камэру. Якiя таемныя сувязi мае качка зь Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША? Яна там жыве. Так, прыкладна з паўмесяца таму крыжанка са сваiм партнэрам выбрала паселішчам клюмбу, а дакладней – адзін зь вялiзных вазонаў, перад уваходам у Дзярждэпартамэнт ЗША, што на вулiцы С. Менавiта на гэтых прыступках дзяржсакратар ЗША Колiн Паўэл зьвяртаецца да прадстаўнiкоў прэсы i сустракае высокiх асобаў, што наведваюць Дзярждэп. Апэратары камэраў бясьпекi i прадстаўнiкi службы аховы назвалi качку Бэртай. Бэрта стала неафiцыйным талiсманам Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў. Можа i засталася б Бэрта нiкому не вядомай качкай, калi б ня лёсавызначальная сустрэча з самiм кiраўнiком Дзярждэпу. Паводле паведамленьняў сьведкаў, у панядзелак Колін Паўэл наведаў Бэрту у ейным сьцiплым селiшчы. Падрабязнасьцi сустрэчы i дэталi перамоваў не разгалошваюцца, але менавiта пасьля гэтага вiзыту фатаграфiя Бэрты прайшла праз усе сусьветныя агенцыi навiнаў i была апублiкаваная на першай старонцы афiцыйнага iнтэрнэт-сайту Дзярждэпартамэнту. Цiкава, што пра так званых малодшых сяброў Прэзыдэнтаў – звычайна катоў i сабакаў, што жывуць у Белым Доме, паведамляецца вельмi часта. А вось Дзярждэпартамэнт да зьяўленьня качкi Бэрты абыходзiлi увагай, канечне, калi ня ўлiчваць рэдкiя навiны пра выяўленне “жучкоў” у будынку».
Качка Бэрта знайшла прытулак у сядзібе амэрыканскай дыпляматыі, а вось славенская мядзьведзіца Віда сталася ледзь не прычынай дыпляматычнага канфлікту паміж некалькімі эўрапейскімі дзяржавамі, якія рупяцца пра захаваньне мядзьведзяў у сваіх лясах і падлічваюць кожны набытак і страту сярод сваіх грамадзянаў мядзьведжага племя. Пра гэта – карэспандэнцыя Сяргея Стасевіча з Рыму:
(Стасевіч: ) “Мядзьведзіца Віда, якая ўжо сталася сымбалем адкрытасьці межаў у альпійскім рэгіёне Эўропы, зноў уцякла. Некалі эмігрантку са Славеніі пасялілі ў парку Адамэла Брэнта ў паўночнаітальянскім рэгіёне Трэнтына дзеля аднаўленьня папуляцыі гэтых рэдкіх цяпер у Заходняй Эўропе жывёлаў. Вядомыя нам бурыя мядзьведзі любяць частыя перамены месца жыхарства, аднак Віда ўсё ж такі аказалася занадта жвавай істотай. Напрыклад, падчас адной з апошніх спробаў уцячы яна патрапіла ў аварыю, пераходзячы аўтастраду. Як бачна, няшчасны выпадак усё роўна не адбіў у мядзьведзіцы жаданьня падарожнічаць. У аўстрыйскім Тыролі эмігрантку сустрэлі зь вялікім энтузіязмам, тым больш што ў Інсбруку якраз праходзіла міжнародная сустрэча, прысьвечаная рэалізацыі праекту аднаўленьня папуляцыі бурага мядзьведзя ў Альпах”.
Ну, альпійскім мядзьведзям добра – у іх там бязьвізавы рэжым, хадзі куды хочаш. У Беларусі цяжэй. Затое, напэўна, і мядзьведзяў болей.
***
Апошнім часам на нашай плянэце, на жаль, неспакойна. Шмат дзе адбываюцца крывавыя канфлікты, у якіх гінуць людзі – вайсковыя і цывільныя, вінаватыя і невінаватыя. І занадта шмат апошнім часам чуецца пра абсурдныя сытуацыі, калі вайскоўцы праз памылку абстрэльваюць і забіваюць сваіх. Так ня раз было ў Чачэніі, у Афганістане, а вось як спрабуюць вырашыць гэтую праблему ў Ізраілі, дзе ўжо каторы месяц не сьціхае яшчэ адзін крывавы канфлікт. Зь Ерусаліму перадае Ігар Рубінштэйн.
(Рубінштэйн: ) “Элітныя аддзелы ізраільскага войска і антытэрарыстычныя падразьдзяленьні паліцыі пачалі выкарыстоўваць спэцыяльную прыладу, якая дапамагае салдатам у баявых умовах распазнаваць сваіх і тым самым пазьбягаць стратаў з прычыны памылковых стрэлаў. Памылковы абстрэл з боку сваіх – адна з самых балючых і пашыраных зьяваў ва ўсіх без вынятку арміях сьвету. Пасьля таго, як у 2000 годзе падчас апэрацыі абясшкоджаньня групоўкі ХАМАС ад куляў сваіх таварышаў загінулі адразу трое вайскоўцаў элітнага аддзелу “Дуўдэван”, камандаваньне ізраільскага войска прыняло пастанову ўдасканаліць сыстэму распазнаваньня, заснаваную на сьветламаскіроўцы на касках, якая прыводзіцца ў дзеяньне ўручную. Замова была перададзеная кампаніі Эй-Пі Эмлах, якая за паўтара года і распрацавала названае “ноў-хаў”. Яно палягае ў наступным. На касцы салдата замацоўваецца сэнсорнае прыстасаваньне, якое ў момант пачатку перастрэлкі актывізуе нанесенае на каску адмысловае злучэньне, паводле таго самага прынцыпу, паводле якога, скажам, уключаецца дыктафон з пачаткам размовы. Гэтую пляму можна пабачыць толькі праз спэцыяльна адладжаны прыцэл аўтамата “сваіх”. Прыстасаваньне асабліва дзейснае ў баі на забудаванай тэрыторыі, калі, напрыклад, у горадзе дзьве групы салдатаў падбіраюцца да дома з розных бакоў у цемры. Менавіта ў гэткіх умовах адбываецца большая частка фатальных памылак”.
А зараз пагаворым пра людзей у касках, але ўжо ў зусім мірным кантэксьце. Нарэшце надыйшла вясна і ў краінах Эўропы распачаўся байкерскі сэзон. З паведамленьнем пра гэта – наш варшаўскі карэспандэнт Аляксей Дзікавіцкі:
(Дзікавіцкі: ) “1 траўня ў польскім Быдгашчы адбылася незвычайная імша – больш за паўтары тысячы байкераў прыехалі сюды з розных куткоў Польшчы, каб прыняць удзел у набажэнстве, прысьвечаным пачатку матацыклетнага сэзону. Працятыя вятрамі шматлікіх дарогаў дасьведчаныя дзядзькі-байкеры з даўгімі бародамі і ў скураных куртках побач са сваімі стыльна апранутымі спадарожніцамі і толькі пачынаючымі калегамі маліліся каля сваіх “Харлеяў”, “Ямахаў” і “Хондаў” ды прасілі ва Ўсявышняга добрага сэзону, бо, як вядома, матацыкл ёсьць адным з найбольш небясьпечных сродкаў транспарту. Да аматараў “жалезных коней” прамаўляў айцец Кныш – капэлян польскіх байкераў і ў іхным сьвеце асоба надзвычай папулярная. Варта адзначыць, што айцец Кныш таксама неабыякавы да матацыклаў, нават сутану мае з адпаведнай непрамакальнай тканіны і на “ліпучках” каля шыі. У часе імшы сьвятар традыцыйна заклікаў прысутных быць ветлівымі на дарогах і заўсёды дапамагаць тым, хто апынуўся ў бядзе. Паводле айца Кныша, сымбалем добразычлівасьці матацыклістаў мусіць назаўсёды застацца паднятая рука – менавіта так вітаюць адзін аднаго байкеры, разьмінаючыся на дарозе”.
***
На разьвітаньне – гісторыя, якая мусіць парадаваць нашых слухачоў-аўтамабілістаў – пра тое, што ёсьць усё ж у сьвеце справядлівасьць. Зь Лёндану – Мікола Пачкаеў.
(Пачкаеў: ) “Супрацоўнікі Дарожнай аўтаінспэкцыі Паўдзённай Валіі і сапраўды мяркуюць, што правілы руху – адзіныя для ўсіх. Гэтак, паліцыянт зь мястэчка Гвэнт на поўдні Валіі не спыніўся перад тым, каб выпісаць штраф свайму калегу: той якраз сядзеў у засадзе з радарам, спрабуючы лавіць кіроўцаў, якія перавышалі хуткасьць – але ж машына са спэцыяльным абсталяваньнем была запаркаваная на бакавой жоўтай лініі. У выніку, адзін канстэбль паліцыі аштрафаваў другога на 30 фунтаў (каля 50 даляраў). Магчыма, справу будзе цяпер разглядаць суд”.
***
На гэтым я з вамі разьвітаюся. Не трапляйце ў аварыі, дапамагайце тым, хто апынуўся ў бядзе, не страляйце па сваіх, любіце жывёлаў, не злоўжывайце алькаголем на сцэне, слухайце нас і чытайце ў Інтэрнэце – карацей кажучы: заставайцеся са “Свабодай”! Да сустрэчы ў наступную нядзелю з новымі незвычайнымі, дзівоснымі і забаўнымі гісторыямі тыдня.