Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест угнаеньняў — цыгарэты. Судовая гісторыя адной з найбуйнейшых тытунёвых кантрабандаў зь Беларусі ва Ўкраіну


Украінскія памежнікі выявілі партыю кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасьці. Архіўнае фота
Украінскія памежнікі выявілі партыю кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасьці. Архіўнае фота

Украінская мытня спыніла вялікую партыю кантрабанды беларускіх цыгарэт, якія перамяшчаліся ў грузавіку пад прыкрыцьцём перавозу мінэральных угнаеньняў эўрапейскай кампаніі YaraMila.

Гэта адбылося 10 верасьня 2020 году, а стала вядома цяпер, калі беларускі кіроўца спрабаваў абскардзіць у судзе канфіскацыю Ўкраінай паўпрычэпа, у якім ён перавозіў 250 тысяч пачак цыгарэт Горадзенскай тытунёвай фабрыкі.

Грузавік і прычэп належаць прыватнаму транспартнаму ўнітарнаму прадпрыемству «ФонТрак», зарэгістраванаму ў Менску ў сакавіку 2014 году. Кампанія займаецца перавозкамі ў Азэрбайджан, Грузію, Казахстан, Кіргізстан, Латвію, Літву, Малдову, Манголію, Польшчу, Расею, Славенію, Славакію, Таджыкістан, Узбэкістан, Украіну і Эстонію.

У аўтапарку кампаніі, паводле адкрытых крыніц, да 5 аўтамабіляў. Каб атрымліваць дазволы асацыяцыі «БАМАП» на міжнародныя перавозкі, кампанія атрымала гарантыі БНБ-банку. Яны дзейнічаюць да 2023 году.

Што вядома пра груз

Паводле рашэньня Чарнігаўскага апэляцыйнага суду, у Клайпэдзе беларускі грузавік з паўпрычэпам былі загружаныя 21,6 тысячы кіляграмаў мінэральных угнаеньняў YaraMila. Прадукцыя была расфасаваная ў мяккія кантэйнэры па 600 кіляграмаў. Груз быў правераны і заплямбаваны мытным органам Літвы.

Далей грузавік перасек літоўска-беларускую мяжу, а выехаўшы з мытнага паста «Каменны Лог» кіроўца спыніўся нібыта на адпачынак і прастаяў каля 12 гадзін. Больш у дарозе ён нідзе не спыняўся.

На тэрыторыі ўкраінскага мытнага паста «Новыя Ярылавічы», мытнікі зьвярнулі ўвагу на пашкоджаны мэталя-плястыкавы трос, што вёў да самой плёмбы. Таму і адправілі груз на дэталёвую праверку, у часе якой высьветлілася, што ўгнаеньняў на 6 600 кіляграмаў менш, чым заяўлена ў дакумэнтах, а ў паўпрычэпе ў схованцы знайшлі 500 каробак з цыгарэтамі пашкоджаны мэталя-плястыкавы трос, усяго 250 тысяч пачак з акцызнымі маркамі Беларусі. Ва Ўкраіне іх ацанілі ў 7,525 мільёна грыўняў (прыкладна 275 тысяч даляраў у эквіваленце). На гэтую ж суму суд і аштрафаваў беларускага кіроўцу, а таксама канфіскаваў цыгарэты і паўпрычэп. Угнаеньне і грузавы аўтамабіль суд пастанавіў перадаць кампаніі-уласьніцы.

«Кіроўца не кантрабандыст»

Сёлета ў сакавіку кіроўца, а не кампанія-перавозчык, вырашыў абскардзіць рашэньне суду першай інстанцыі, каб вярнуць паўпрычэп і зьняць зь сябе вінаватасьць. Для падрыхтоўкі апэляцыйнай скаргі і прадстаўленьня інтарэсаў кіроўцы ў судзе нанялі ўкраінскага адваката. Апэляцыю разглядалі ў канцы траўня.

У часе пасяджэньня адвакат спрабаваў пераканаць суд, што кіроўца перавозіў «тавар» не прыхавана (у прычэпе не было схованкі), а суд і мытнікі ня маюць доказаў, што менавіта кіроўца сапсаваў трос плёмбы і спрычыніўся да загрузкі цыгарэт у грузавік.

Суд ня ўзяў да ўвагі гэтыя довады адваката. Паводле судзьдзі, тлумачэньні самога кіроўцы сьведчаць пра тое, што да ягонага грузавіка ніхто іншы ня меў доступу, а сам прычэп загружаўся ў Літве і быў там аплямбаваны. У прычэпе ж знайшлі цыгарэты, якія мелі акцызныя маркі Беларусі, што выключае магчымасьць іхнага вывазу зь Беларусі ў Літву, потым зь Літвы ў Беларусь і адтуль ва Ўкраіну.

Суд таксама палічыў непраўдзівымі тлумачэньні кіроўцы, што ў часе ягонага доўгага адпачынку падакцызны тавар маглі загрузіць незнаёмыя асобы.

«Невядомыя асобы, як спрабуе пераканаць парушальнік, не маглі загрузіць такую колькасьць тавару ў першы ж аўтамабіль, які ім трапіўся на дарозе, паколькі для пагрузкі такой колькасьці каробак з цыгарэтамі патрэбен быў час і магчымасьць даставіць іх да месца пагрузкі», — адзначаецца ў рашэньні апэляцыйнага суду.

«Улічваючы час, які спатрэбіўся на падрыхтоўку схованкі і пагрузку 500 скрынак з цыгарэтамі, суд прыходзіць да высновы, што кіроўца быў паінфармаваны і пра пашкоджаньне плёмбы, і пра загрузку цыгарэт, і ён сьвядома парушаў мытныя правілы. Больш за тое, кіроўца, які пэўны час займаецца перавозкай грузаў, арыентуецца ў загружанасьці кіраванага ім транспартнага сродку. Істотную зьмену вагі ён бы абавязкова заўважыў», – канстатаваў суд.

У выніку кіроўца мусіць сплаціць 7,525 мільёна грыўняў штрафу, кампэнсаваць 53,244 тысячы грыўняў украінскай мытні за захоўваньне канфіскаванага тавару, а таксама 420 грыўняў судовага збору. Агулам амаль 300 тысяч даляраў у эквіваленце.

У рашэньні суду прозьвішча кіроўцы не пазначаецца ў мэтах абароны пэрсанальнай інфармацыі. Замест імя ў дакумэнце напісана Асоба_1.

2020 год стаў рэкордным у аб’ёмах кантрабанды тытуню

Паводле Дзяржаўнай статыстычнай службы Ўкраіны, Беларусь не ажыцьцяўляе ва Ўкраіну паставак тытуню і ягоных заменьнікаў.

Але 2020 год стаў рэкордным паводле аб’ёмаў тытунёвай беларускай кантрабанды ва Ўкраіну. Летась украінскія памежнікі папярэдзілі незаконны ўвоз на тэрыторыю Ўкраіны 1,9 мільёна пачкаў цыгарэт зь Беларусі. Найбольшымі партыямі кантрабанду перавозілі ў грузавіках, таму гэты транспарт сталі правяраць найбольш пільна.

Памежнікі кажуць, што частку затрыманага тытуню кантрабандысты плянавалі рэалізаваць ва Ўкраіне, а астатняе везьлі транзытам у краіны Эўрапейскага зьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG