Натальля Эйсмант нарадзілася ў Менску 16 лютага 1984 году. Доўгі час была больш вядомая пад прозьвішчам Кірсанава, аднак яно таксама ня роднае для Натальлі. Да таго, як Натальля стала жонкай будучага кіраўніка БТ Івана Эйсманта, у пашпарце цяперашняй прэс-сакратаркі Лукашэнкі было прозьвішча Сялюн. Прычынаў выбару псэўданіму «Кірсанава» Натальля не раскрывала. Як і не расказвала падчас шматлікіх інтэрвію пра сваіх бацькоў і родных.
Пасьля школы Натальля Эйсмант адвучылася спачатку ў музычным каледжы імя Глінкі, а затым скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці акторка драматычнага тэатру і кіно. Як яна сама згадвала пазьней, ужо падчас вучобы ў акадэміі Натальля зразумела, што ў тэатры працаваць ня хоча, яе больш прыцягвала тэлевізія. Пасьля непрацяглай адпрацоўкі ў Тэатры музкамэдыі ў 2006 годзе Натальля Кірсанава ўладкоўваецца на тэлевізію, што рэзка мяняе яе жыцьцё.
Знаёмства з будучым мужам
Іван Эйсмант, як і яго будучая жонка Натальля, вучыўся не на журфаку. Ён скончыў Акадэімю МУС і пачынаў працаваць у горадзенскай міліцыі, даслужыўся да капітана. Паралельна пісаў спартовыя нататкі ў «Прессбол», а на тэлевізію прыйшоў адначасова з будучай жонкай. На БТ у спартовай дырэкцыі ўжо працавала яго родная сястра Ганна Эйсмант, таму ў тытрах у першыя гады працы будучы дырэктар «Белтэлерадыёкампаніі» падпісваўся як Міхайлаў.
Першым праектам Івана Эйсманта на тэлевізіі стала перадача «Дзелавое жыцьцё». Зьяўляўся Іван Эйсмант таксама ў эфіры «Спорт-кадра», «Зоны Х» і іншых. «Дзелавое жыцьцё» Іван Эйсмант вёў разам з Натальляй Сялюн. Пажаніліся яны праз два гады пасьля знаёмства. Вясельле прайшло ў катэджы за горадам. Бацькі Натальлі падарылі маладым тэлевізар, а тамада быў апрануты ў міліцэйскую форму. У вясельнае падарожжа пара паехала ў Парыж.
Працуючы на тэлевізіі, Натальлі Эйсмант вымушана была вучыць беларускую мову. Маладую журналістку прызначылі агучваць навіны рэгіёнаў, а гэта на БТ рабілася па-беларуску.
«Папраўдзе ня вельмі лёгка было пачынаць працаваць на беларускай мове ў этэры, — расказвала Эйсмант у адным з інтэрвію. У гэты пэрыяд да падрыхтоўкі вядоўцаў і карэспандэнтаў прыцягвалі выдатнага прафэсара Ўладзімера Куліковіча. Вынік, які вы чуеце, — на 80% яго заслуга. Дома размаўляю па-расейску. Ну а роднымі лічу абедзьве — на расейскай думаю, а беларускую люблю».
Беларускай мовай Натальля Эйсмант пэрыядычна карысталася і пасьля пераходу на працу да Лукашэнкі. Прынамсі яна адказвала па-беларуску на пытаньні журналістаў у мэсэнджарах і праз тэлефон.
Перад звальненьнем з БТ Натальля Эйсмант ужо была адной з самых вядомых вядоўцаў дзяржаўнай тэлевізіі. Разам з мужам яны вялі перадачу «Галоўны этэр», дзе падводзілі вынікі тыдня.
Прэс-сакратарка
Прызначэньне Натальлі Эйсмант на пасаду прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі ў 2014 годзе стала нечаканасьцю. Узьнікла нават невялікая блытаніна, і журналісты пачалі званіць з просьбай аб камэнтары не Натальлі, а сястры яе мужа Ганьне. Ужо пасьля падзей жніўня 2020 году мадэльер Аляксандар Варламаў, які цяпер жыве ў эміграцыі, расказаў, што менавіта Ганна Эйсмант магла пазнаёміць Натальлю з Лукашэнкам. Прыпісвалі Ганьне Эйсмант і пратэкцыю для брата Івана. Працуючы ў спартовай рэдакцыі БТ, яна часта езьдзіла з афіцыйнымі дэлегацыямі на спаборніцтвы і была асабіста знаёмая як з Лукашэнкам, так і з кіраўнікамі спартовых фэдэрацый, якія ўзначальваюць пераважна ўплывовыя сілавікі і бізнэсоўцы.
Паводле іншай вэрсіі, Натальлю Эйсмант з Аляксандрам Лукашэнкам пазнаёміла яе сяброўка Дар’я Шманай, якая ўваходзіла ў атачэньне кіраўніка дзяржавы. Ужо пасьля прызначэньня Эйсмант на пасаду прэс-сакратаркі Шманай пэўны час працавала ў службе пратаколу, аднак незадоўга да 2020 году пакінула яе.
«Не хачу піярыцца, груба кажучы, на сваім прызначэньні, — камэнтавала свой пераход з БТ да Лукашэнкі сама Эйсмант у 2014 годзе. — Я працавала 8 гадоў на тэлевізіі і аб тэлевізіі магу расказаць. А цяпер, калі мяне толькі прызначылі, гэта будзе проста як піяр выглядаць. Я мушу хоць трохі папрацаваць на гэтай пасадзе і заслужыць, каб у мяне бралі інтэрвію. Мне сапраўды вельмі прыемная такая цікавасьць да маёй пэрсоны цягам апошняга тыдня, але пакуль фармат інтэрвію мне здаецца заўчасным. Гэтая пасада была вакантнай працяглы час, і для мяне гэта ўсё новае, але я ўпэўнена, што буду і камэнтаваць, і іншыя функцыі выконваць».
Пасада прэс-сакратара Лукашэнкі да прыходу на яе Эйсмант сапраўды была вольнай шмат гадоў. У 200–2004 гадах гэтыя абавязкі выконвала Натальля Пяткевіч. Іншых прэс-сакратароў у Лукашэнкі не было. Пры Адміністрацыі прэзыдэнта таксама існуе асобная прэс-служба. Аднак яна выконвае хутчэй арагнізацыйныя функцыі, сам Лукашэнка зь яе супрацоўнікамі амаль не сустракаецца.
«Пул Первого» і адносіны з Лукашэнкам-малодшым
Ананімны тэлеграм-канал «Пул Первого», прысьвечаны падзеям вакол Аляксандра Лукашэнкі, яго паездкам па Беларусі і афіцыйным візытам за мяжу, узьнік у канцы 2019 году. Акрамя афіцыйнай інфармацыі, там пачалі зьяўляцца падрабязнасьці прыватнага жыцьця Лукашэнкі. Афіцыйна Натальля Эйсмант ніколі не прызнавалася ў датычнасьці да гэтага каналу, аднак неўзабаве пасьля яго зьяўленьня журналісты «Белсату» супаставілі апублікаваныя там відэа з кадрамі афіцыйных здымкаў Лукашэнкі, зь якіх стала зразумела, што частку кантэнту для «Пула Первого» на свой тэлефон здымае асабіста Эйсмант. Сёньня канал мае каля 100 тысяч падпісчыкаў. Частка яго допісаў стылістычна нагадвае інстаграм самой Эйсмант, які ў апошнія гады не абнаўляецца.
Прыкладна ў той жа час, калі зьявіўся «Пул Первого», Эйсмант ужо ад свайго імя зрабіла вядомыя выказваньні пра тое, што «Дыктатура — гэта ўжо наш брэнд, які адлюстроўвае парадак, дысцыпліну і абсалютна спакойнае, нармальнае жыцьцё». Пасьля падзей 9 жніўня 2020 году яна разам з Натальляй Качанавай прыяжджала супакойваць пратэсты сярод супрацоўнікаў «Белтэлерадыёкампаніі».
Пра няпростыя і нават канфліктныя адносіны Натальлі Эйсмант з малодшым сынам Лукашэнкі Мікалаем неаднаразова расказваў сам Лукашэнка, які жартам называў сваю прэс-сакратарку нават «галоўным ворагам» Мікалая. Па яго словах, малодшы сын нават ставіў умову «толькі ня Эйсмант», калі даваў сваё першае інтэрвію.
«Звычайна, калі перад школай мы глядзім навіны, ён паглядзіць і крытыкуе прэс-сакратара адразу, — прызнаваўся Аляксандар Лукашэнка ў размове з Аляксеем Венядзіктавым. — „Ды што яна паказвае пра цябе там?“. Вось гэта самае складанае ў (іхных. — РС) зносінах».
Няпростыя стасункі Натальля Эйсмант мае і зь іншымі людзьмі, якія ўваходзяць у атачэньне Лукашэнкі.
«Спачатку (Натальля Эйсмант. — РС) была нясьмелай ці рабіла выгляд, але даволі хутка асвоілася і стала літаральна часткай прэзыдэнцкай сям’і, — цытавала восеньню 2020 году расейскае выданьне „Медуза“ суразмоўцу, знаёмага з найбліжэйшым асяродзьдзем Лукашэнкі. — Усе яе загады бесьпярэчна выконваліся кіраўнікамі СМІ, міністрамі, ды ўвогуле любымі чыноўнікамі. Ніхто не рызыкаваў спытаць, яе гэта даручэньне ці Лукашэнкі. Усе загады выконваліся як ягоныя ўласныя. За гэта яе і ня любяць многія кіраўнікі».
Забойства Рамана Бандарэнкі
Аб тым, што Натальля Эйсмант уваходзіла ў кампанію, якая прысутнічала на месцы забойства жыхара «плошчы Пераменаў» Рамана Бандарэнкі і можа мець дачыненьне да ўтойваньня сапраўдных прычынаў яго сьмерці, сьведчаць апублікаваныя ў канцы 2020 году запісы тэлефонных перамоваў. Сама Эйсмант не пацьвярджала і не камэнтавала публічна гэтых запісаў, як не рабілі гэтага і іншыя іх удзельнікі, Дзьмітры Баскаў і Дзьмітры Шакута. У фільме АНТ «Манкурты» прыводзіцца вэрсія, што апублікаваныя перамовы Эйсмант і Баскава былі наўмысна арганізаванай дэзынфармацыяй КДБ.
З тэлефонных перамоваў паміж Баскавым і Шакутам вынікае, што Натальля Эйсмант магла ўвечары пасьля пабіцьця Бандарэнкі высьвятляць інфармацыю аб ягоным стане на просьбу самога Баскава. Паводле інфармацыі ініцыятывы ByPol, у вечар пабіцьця Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен» магла прысутнічаць таксама сястра яе мужа Ганна Эйсмант. Тэлевядоўца адрэагавала на гэтае паведамленьне нэгатыўна і заявіла, што мела ў гэты час жывы этэр на «Белтэлерадыёкампаніі». Паводле ByPol, жывы этэр з удзелам Ганны Эйсмант на момант канфлікту з удзелам Бандарэнкі ўжо скончыўся.
Як будзе разьвівацца кар’ера Натальлі Эйсмант далей, сказаць складана. Як і яе цёзка Качанава, Эйсмант, у адрозьненьне ад шматлікіх сілавікоў-мужчын, не атрымала павышэньня пасьля падзей лета і восені 2020 году. Ейная папярэдніца Натальля Пяткевіч выконвала абавязкі прэс-сакратаркі Лукашэнкі толькі тры гады, пасьля чаго пайшла ўгору. У 2009-2010 гадах яна ўжо была першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Чым займаецца Пяткевіч цяпер, дакладна не вядома. Адна з вэрсій — яна працуе ў бізнэс-структурах, жыве за мяжой.