Камандзір менскага АМАПу Дзьмітры Балаба пасьля жніўня 2020 году стаў адным з твараў беларускіх сілавых структур, датычных да задушэньня пратэстаў. Аднак у разгоне дэманстрацый апазыцыі Балаба ўдзельнічаў задоўга да падзей лета і восені мінулага году. Свабода ўспамінае, як разьвівалася кар’ера аднаго зь нешматлікіх сілавікоў, хто не атрымаў падвышэньня па службе пасьля дэманстрацыі адданасьці Лукашэнку ўвосень 2020 году.
Марыў аб службе ў войску
Дзьмітры Балаба нарадзіўся ў невялікай вёсцы Гарадзілава, за 25 кілямэтраў ад Маладэчна ў кірунку Валожына. Там жа скончыў школу. Пра яго бацькоў амаль нічога невядома. Сам Дзьмітры Балаба ў публічных інтэрвію згадваў пра дзеда Аляксандра Калікава, які ў часы другой Сусветнай вайны быў сапэрам і пасьля займаўся выхаваньнем унука. Менавіта прыклад дзеда, па словах самога Балабы, спрычыніўся да яго цікавасьці да войска і сілавых структур.
У Гарадзілаве дагэтуль жыве стрыечная сястра Дзьмітрыя Балабы. Яна апекавалася домам ягонай памерлай бабулі Рэні Каліш, які згарэў увосень 2020 году пры нявысьветленых абставінах. Жыхары Гарадзілава расказвалі тады журналістам пра магчымы падпал, а сам Балаба казаў, што для яго пажар стаў моцным ударам. Тым ня менш пра расьсьледаваньне меркаванага падпалу ў адкрытых крыніцах інфармацыі пакуль не зьяўлялася. А сам Балаба, па словах былых аднавяскоўцаў, у вёску амаль перастаў прыяжджаць пасьля таго, як уладкаваўся на працу ў міліцыю ў Маладэчне.
Служыў у міліцыі Маладэчна ў часы Генадзя Карпенкі
У маладэчанскую міліцыю Дзьмітры Балаба прыйшоў пасьля вучобы ў ПТВ і службы ў арміі, у 1992 годзе. Горадам у тыя часы кіраваў Генадзь Карпенка, які за кароткі час дэсаветызаваў гарадзкія вуліцы і стварыў у Маладэчне музычны і тэатральны фэстывалі, футбольны клюб, правёў шэраг рэформаў. У 1996 годзе Генадзь Карпенка стане адным з ініцыятараў імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. Дзьмітры Балаба на той момант ужо будзе адным з байцоў менскага АМАПу, які маладога кіраўніка дзяржавы падтрымае.
Міліцыянтам у Маладэчне 20-гадовы Дзьмітры Балаба прабыў крыху больш за год. У яго абавязкі спачатку ўваходзіла патруляваньне вуліц. У гэты час ён пазнаёміўся з двума былымі байцамі віленскага АМАПу, якія ўдзельнічалі ў задушэньні пратэстаў у сталіцы Літвы ў 1991 годзе. Яны былі непасрэднымі начальнікамі маладога Балабы, камандавалі ў Маладэчне ягонай міліцэйскай ротай.
«Яны былі з таго самага (віленскага атраду АМАП. — РС), які расфармавалі, як кажуць, за актыўны ўдзел у жнівеньскім путчы, — расказваў пра сваіх былых камандзіраў сам Дзьмітры Балаба. — Хоць хлопцы проста рабілі сваю працу, выконвалі загады кіраўніцтва. Дык двое зь іх перавяліся ў Беларусь, і дзякуючы ім у нас была добрая падрыхтоўка».
Злачынствы віленскага АМАПу да канца не расьсьледаваныя дагэтуль, яго байцоў падазраюць у расстрэле 8 літоўскіх мытнікаў на мяжы зь Беларусьсю.
Разганяе акцыі апазыцыі 22 гады
У 1995 годзе Дзьмітры Балаба ажаніўся зь дзяўчынай зь Менску і пераехаў у сталіцу да яе бацькоў. Як успамінаў сам будучы камандзір АМАПу, у сталіцы яму прыйшлося першы час нясоладка — з жонкай жылі ў двухпакаёўцы яе бацькоў, а заробку ледзьве хапала на дзіцячае харчаваньне. У Менску Балаба адразу пачаў службу ў АМАПе шараговым байцом, падвышэньне атрымаў у 1999-м — стаў камандзірам узводу. Непасрэдным камандзірам Балабы ў той час быў яшчэ адзін вядомы ўдзельнік разгонаў пратэстаў 2020 году — ужо былы намесьнік кіраўніка МУС і дзейны інспэктар па Менску Аляксандар Барсукоў.
Пра ўдзел Дзьмітрыя Балабы ў разгонах пратэстаў другой паловы 90-х і пачатку 2000-х гадоў інфармацыі няшмат. У той час агульная колькасьць байцоў АМАПу не перавышала 150 чалавек, падразьдзяленьні АМАП існавалі толькі ў Менску і ўдзельнічалі ў тым ліку ў разгонах дэманстрацый.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі расказваў у інтэрвію Свабодзе, што пасьля «Маршу Свабоды» ў кастрычніку 1999 году журналіст Уладзімер Зьвернік напісаў адкрыты ліст тагачаснаму начальніку ГУУС Менгарвыканкаму генэрал-маёру Барысу Тарлецкаму, дзе называў прозьвішчы амапаўцаў, якія бралі ўдзел у катаваньнях затрыманых. Адным з гэтых людзей ён назваў Дзьмітрыя Балабу, які на той час быў камандзірам узводу.
«Я зь ім знаёмы, напэўна, году з 98-га, калі працаваў журналістам, — успамінаў пра Дзьмітрыя Балабу рэжысэр Мікалай Халезін. — Ён быў намесьнікам Падабеда, які ў той час кіраваў АМАПам... Я бачыў яго і падчас іншых акцыяў, калі нас білі, круцілі, саджалі на Акрэсьціна. Пэрсанальна ён не падымаў на мяне рукі, але ад дубінак яго падначаленых пабоі часам гаіліся паўгода».
Падвышэньне па службе Балаба атрымаў ужо ў 2002 годзе — стаў камандзірам роты АМАПу ГУУС Менгарвыканкаму. На гэтай пасадзе ён праслужыў 14 гадоў — да 2016-га. І сам Балаба, і байцы яго роты актыўна ўдзельнічалі ў разгоне Плошчы і маўклівых пратэстаў у Менску ў канцы вясны — пачатку лета 2011 году.
Будучы камандзір АМАПу запомніўся журналістам тым, што асабіста праводзіў зь імі гутаркі пасьля затрыманьняў і вельмі турбаваўся, у якім сьвятле ў публікацыях будзе адлюстраваная яго асоба. Супрацоўнікі недзяржаўных СМІ таксама прыгадваюць прыватныя выказваньні Дзьмітрыя Балабы аб тым, што ў выпадку загаду «працаваць па журналістах пасьведчаньне ім не дапаможа». Разам з тым да падзей лета 2020 году супрацоўнікаў СМІ жорсткасьць з боку падначаленых Дзьмітрыя Балабы амаль не закранала.
Не атрымаў падвышэньня пасьля жніўня 2020
Менскі АМАП Дзьмітры Балаба ўзначаліў у 2016 годзе. Гэтую пасаду ён займае і цяпер. Балаба, нягледзячы на актыўны ўдзел ягоных падначаленых у задушэньні пратэстаў, не атрымаў падвышэньня восеньню 2020 году, як гэта адбылося зь ягоным былым камандзірам Барсуковым, міністрам Караевым і камандзірам ГУБАЗіКу Карпянковым. Дзьмітры Балаба нават не атрымаў падвышэньня ў званьні, ён застаецца палкоўнікам міліцыі.
Абодва ягоныя сыны таксама служаць у менскім АМАПе. Старэйшы, Арцём Балаба, узначальвае ўзвод, як некалі бацька. У 2018 годзе яго ўзнагародзілі ганаровай граматай.